Лідар польскай партыі Front Кшыштаф Талвіньскі, які рэгулярна ездзіць у Беларусь, назваў Беларускі дом, які працуе ў Варшаве, тэрарыстычным цэнтрам. Расказваем, што адбылося і што пра гэта думаюць у беларускай арганізацыі.
Хто такі Кшыштаф Талвіньскі
Кшыштаф Талвіньскі нарадзіўся на Падляшшы, у Семятычах. У 1989 годзе пачаў працаваць фермерам. У пачатку 2000-х гадоў заняўся палітычнай дзейнасцю. Быў войтам у гміне Дзядкавіцы Падляскага ваяводства, віцэ-маршалкам Падляскага ваяводства. Быў членам некалькіх палітычных партый, намеснікам міністра фінансаў. У 2007 годзе стаў намеснікам дзяржаўнага сакратара ва ўрадзе Яраслава Качыньскага. У апошні час ён вядомы сваімі кампліментарнымі выказваннямі пра Беларусь і яе палітыку, а таксама крытыкай прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага.
Перад парламенцкімі выбарамі 2023 года Талвіньскі зарэгістраваў уласную палітычную партыю Front, прадстаўнікі якой рэгулярна ездзяць у Беларусь. Front заключыў пагадненне с Ліберальна-дэмакратычнай партыяй Алега Гайдукевіча, які падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку і выступаў яго спарынг-партнёрам на прэзідэнцкіх выбарах.
Снежаньскі візіт у Беларусь
У чарговы раз Талвіньскі паехаў у Беларусь у снежні 2025 года. Выступіў па беларускім тэлебачанні, пакрытыкаваўшы польскіх палітыкаў і назваўшы Лукашэнку палітыкам сусветнага ўзроўню. Паўдзельнічаў у сумесным выступе з Гайдукевічам.
Падчас запісу ён казаў, што ў Варшаве дзейнічае беларуская ўстанова, дзе рыхтуюць тэрарыстаў, і выказаў спадзяванне, што ў бліжэйшы час службы бяспекі Польшчы зразумеюць, што адбываецца.
Пазней у каментарыі польскаму выданню Rzeczpospolita Талвіньскі пацвердзіў, што гаворка ішла пра Беларускі дом у Варшаве.
«Яго актыўна выкарыстоўвае лукашэнкаўская прапаганда»
Гэта ўжо не першы раз, калі Талвіньскі дэманізуе Беларускі дом — грамадскую арганізацыю, якая аказвае фінансавую і псіхалагічную дапамогу былым палітвязням і іх сем’ям, арганізуе моладзевыя абмены і праводзіць шэраг культурных і адукацыйных ініцыятыў. У кастрычніку 2023 года, перад парламенцкімі выбарамі ў Польшчы, палітык быў ініцыятарам пікета каля будынка арганізацыі. Тады група з чырвона-зялёным сцягам пратэставала каля Беларускага дома.

Кіраўнік Беларускага дома Алесь Зарэмбюк такой пазіцыяй Талвіньскага не здзіўлены.
— Талвіньскі заяўляе, што мы тэрарыстычная арганізацыя, якая фінансуецца польскай дзяржавай з бюджэту Польшчы. Гэта дэзінфармацыя, разлічаная на падтрымку антыпольскага лукашэнкаўскага аўтарытарызму і ўзмацненне падзелу паміж беларусамі, якія пражываюць у Польшчы, і польскім грамадствам. Мэта Талвіньскага — узмацненне падзелаў у польскім грамадстве. Але гэта вядзе да аслаблення польскай дзяржавы. Менавіта таму яго актыўна выкарыстоўвае лукашэнкаўская прапаганда. Зараз ён будуе глебу да парламенцкіх выбараў 2027 года і вядзе гульню на антыбеларускай, антыўкраінскай рыторыцы. Але ён і падобныя да яго чамусьці не згадваюць пра тое, што ў Польшчы дэмаграфічны крызіс і што палітычныя ці ваенныя імігранты дазваляюць закрыць дэмаграфічную дзіру. І таксама не кажуць, што значная колькасць беларусаў якраз аказалася ў Польшчы з-за рэпрэсій беларускага рэжыму, — сказаў Зарэмбюк MOST.
Ён нагадаў, што ў той час як Талвіньскі з захапленнем выказваецца пра Беларусь, за кратамі застаецца журналіст польскага паходжання Анджэй Пачобут.
— Я, дарэчы, у 2023 годзе, калі Талвіньскі пікетаваў будынак Беларускага дома, пытаўся ў яго, як ён ставіцца да таго, што Анджэй Пачобут знаходзяцца за кратамі, але ж, здаецца, гэтаму спадару катаванні палякаў у лукашэнкаўскіх турмах не перашкаджаюць. Ён усяго толькі карысная лялька ў руках рэжыму, — лічыць Зарэмбюк.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



