На Падляшшы, памежным з Беларуссю польскім рэгіёне, 13 студзеня рыхтуюцца да святкавання Шчодрага вечара, або Новага года па юліянскім календары. Сем’і выстаўляюць на сталы багатыя стравы, моладзь адпраўляецца на вечарыны, а на мясцовай радыёстанцыі Radio Białystok пачынаецца святочная праграма на беларускай мове, падчас якой жыхары віншуюць адзін аднаго. Журналістка MOST даведалася ў вядучай «Шчодрага вечара» Ганны Пятроўскай, як карэнныя беларусы Польшчы адзначаюць гэты вечар.
Ганна сустракае нас у рэдакцыі радыё, да эфіру застаецца некалькі гадзін. На шафе вісіць зялёная сукенка — яе журналістка апране на эфір. Кажа, будзе святкаваць разам са слухачамі. Частуе нас медавіком — у Шчодры вечар прынята дзяліцца смачнай ежай.
— Праграма «Шчодры вечар» выходзіць каля дваццаці гадоў. А пажаданні нам пачынаюць дасылаць яшчэ ў праваслаўныя Каляды, — усміхаецца Ганна.
«Увялі СМС, але гэта быў жах. Усе сэрвісы віслі»
Шчодры вечар святкуюць у ноч з 13 на 14 студзеня. У свята ёсць і іншыя назвы — Маланка, ці Гагатуха. У гэтую ноч прынята жартаваць і варажыць.
— Гэта жыло ў народзе, а пасля было перанесена ў эфір беларускай рэдакцыі Radio Białystok. Малодшыя людзі дасылаюць нам пажаданні праз email. Мы паспрабавалі ўвесці і СМС, але гэта быў жах — усе сэрвісы віслі, так шмат паведамленняў было.
Званок па тэлефоне — найбольш класічны варыянт перадаць сваё пажаданне. Ганна кажа, што тэлефануюць і дарослыя, і дзеці.
— Памятаю, у мінулым годзе патэлефанаваў хлопчык. Пачуў, што людзі перадаюць добрыя словы па радыё і захацеў павіншаваць сваю маму. Было прыемна.
«Званіў слухач з Новай Зеландыі»
Эфір вядуць на беларускай мове. Некаторыя слухачы размаўляюць «па-свойму» — на падляшскім дыялекце, які ўвабраў словы з польскай і беларускай моў. А вось пажаданні, напісаныя выключна на польскай мове, вядучыя перакладаюць.
— Бо гэта традыцыя. Мы хочам паказаць, што святкуем беларускі Шчодры вечар, — тлумачыць Ганна. — Але памятаю, у мінулым годзе нам пазваніў слухач з Новай Зеландыі. Ён размаўляў па-польску, але мы пакінулі гэта ў эфіры — нам падалося важным, што чалавек нас слухае і сочыць за намі нават на іншым краю свету.
Слухачы з Беларусі таксама тэлефануюць, але, як прызнаецца Ганна, не часта. Тым не менш хвалі радыё далятаюць да беларускіх гарадкоў на памежжы.
Адзін з самых смешных званкоў, які запомніла Ганна, паступіў ад пастаўшчыкоў малака.
— Пяць гадзін раніцы, мы ўжо стомленыя. А тут нас слухаюць пастаўшчыкі малака і хочуць перадаць пажаданні. Ой, а рагаталі як, — згадвае вядучая.
Хіт святочнага эфіру — «Новы год» «Крамбамбулі»
Эфір «Шчодрага вечара» доўжыцца да ночы, а ў некаторыя гады нават да раніцы. Увесь гэты час вядучыя атрымліваюць пажаданні, а паміж імі ўключаюць музыку. Часам замовіць песні могуць і слухачы. Нязменны лідар сярод трэкаў — «Новы год» гурта «Крамбамбуля».
— Таксама ў перадачы мы традыцыйна пускаем падляшскую музыку — вясёлую, «скочную». Ёсць і беларускія навінкі. Гэта музыка, пад якую можна павесяліцца, — кажа Ганна.
13 студзеня 2026 года эфір «Шчодрага вечара» пачаўся а 19:00, а скончыцца толькі а другой гадзіне ночы.
— Гэта як гульня — час бяжыць вельмі хутка: то адказваеш на званок, то чытаеш пошту. А сёлета нам і галасавыя паведамленні будуць дасылаць — паглядзім, што атрымаецца.
«Заглядалі ў калодзеж і крычалі: “Га-га-га, гу-гу-гу”»
Журналістка адзначае, што святкаванне Шчодрага вечара папулярна менавіта на Падляшшы. У астатніх рэгіёнах Польшчы яго не адзначаюць.
Ганна яшчэ застала часы, калі падчас старога Новага года ў вёсках моладзь выходзіла на вуліцы, каб пажартаваць над суседзямі.
— Калі я была малой, мы ў вёсцы здымалі брамкі — пасля гаспадары іх ланцугом прывязвалі, каб моладзь не зняла. А сябар пасыпаў попелам заснежаныя сцежкі — такая традыцыя для закаханых была. За жарты ніхто не крыўдзіўся, — кажа вядучая.
Дзяўчыны займаліся варажбой — на адным з такіх рытуалаў была і Ганна. Прынеслі курэй і кожнай насыпалі па жмені проса. Чыя птушка першай склюе проса — тая дзяўчына першай выйдзе замуж.
— Моладзь весялілася: заглядалі ў калодзеж і крычалі: «Га-га-га, гу-гу-гу, куды я замуж пайду». Адсюль і пайшла назва Гагатуха.
«Адсвяткавалі адзін Сільвестр, пасля — другі»
Цяпер, кажа Ганна, такія традыцыі адыходзяць у мінулае. У першую чаргу з-за таго, што ў вёсках застаецца ўсё менш моладзі. Але Шчодры вечар усё роўна святкуюць, у тым ліку і ў Беластоку.
— Тут брамкі не паздымаеш. Але людзі сустракаюцца, ладзяць багатую вячэру з бульбяной кішкай, бабкай ці дзерунамі. Маладыя ходзяць на імпрэзы — іх у Шчодры вечар праводзяць па ўсім рэгіёне, таксама ладзяць вечарыны ў кнайпах (барах. — Заўв. MOST).
Часцей за ўсё Шчодры вечар адзначаюць праваслаўныя жыхары Падляшша.
— Мяркую, гэта наша багацце: адсвяткавалі адзін Сільвестр (Новы год. — Заўв. MOST), а пасля — другі.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



