«Складаная працэдурная сітуацыя з’яўляецца вынікам значнага росту колькасці заявак у апошнія гады, што стварае вялікую нагрузку на Упраўленне», — так у Падляшскім ваяводскім упраўленні адказалі на зварот намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі ў сувязі з тым, што на Падляшшы павялічыліся тэрміны разгляду легалізацыйных спраў іншаземцаў.
Адначасова там запэўнілі, што «прыкладаюць намаганні, каб усе справы вырашаліся сумленна і ў адпаведнасці з дзеючымі нормамі», і шукаюць рашэнні для паляпшэння працы.
Нагадаем, у 2025 годзе рэзка скарацілася колькасць выдадзеных рашэнняў аб легалізацыі знаходжання ў Падляшскім ваяводстве Польшчы. Так, калі ў 2023 годзе грамадзяне Беларусі атрымалі ў Беластоку амаль 6,3 тыс. дазволаў на жыхарства, у 2024-м — каля 3,4 тыс., дык у 2025 годзе гэтая колькасць знізілася да менш чым 2 тыс.
Колькасць заяў замежнікаў у Падляшскім ваяводстве значна павялічылася ў 2022 годзе, дасягнуўшы 14,7 тыс. пасля 4-6 тыс. у папярэднія гады. У 2023 годзе адбыўся чарговы рост — да 18,4 тыс., пасля чаго колькасць адносна стабілізавалася: 17,1 тыс. заявак было пададзена ў 2024 годзе і 17,6 тыс. — у 2025-м.
Згодна з публічнай інфармацыяй, у канцы 2025 года Упраўленне разглядала заявы, пададзеныя яшчэ ў лютым 2025 года, а час чакання толькі на запрашэнне для здачы адбіткаў пальцаў зараз перавышае год.
«Для многіх грамадзян Беларусі, якія ўцякаюць ад рэпрэсій і шукаюць у Польшчы бяспечны прытулак, такая доўгая юрыдычная нявызначанасць з’яўляецца велізарным жыццёвым цяжарам», — адзначыў у сваім звароце Павел Латушка.
Ён падкрэсліў, што гэтая сітуацыя выклікае асаблівую занепакоенасць сярод беларускай супольнасці. З’явілася нават петыцыя для выхаду з крызісу, якую падпісалі амаль 600 чалавек.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



