Беларусы Варшавы абвясцілі збор сродкаў на арганізацыю святкавання Дня Волі. Мерапрыемствы, прысвечаныя 108-й гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі, запланаваныя на 28 сакавіка.
Арганізатарам святкавання Дня Волі выступае Беларуская асацыяцыя палітвязняў «Да Волі». Яна абвясціла збор €5000 на падрыхтоўку мерапрыемства. Грошы плануюць выкарыстаць на арэнду сцэны і гукавога абсталявання (€2000), выраб сімволікі і аднаўленне вялікага нацыянальнага сцяга (€1500), друк банэраў і ўлётак (€600), а таксама на бяспеку і лагістыку (€900).
— Дзень Волі – гэта не проста дата ў календары. Гэта сімвал нашай незалежнасці і годнасці. Ужо больш за стагоддзе гэты дзень нагадвае: Беларусь жыве, пакуль жыве наша жаданне быць вольнымі. І паказваем, што мы – ёсць. Сёння, калі ўнутры краіны свята забароненае, наш абавязак – зрабіць так, каб голас беларусаў гучаў на ўвесь свет. Варшава стане адным з цэнтраў святкавання 108-й гадавіны абвяшчэння БНР, і мы запрашаем вас стаць часткай гэтага, – распавядаюць арганізатары.
У праграме мерапрыемства — шэсце па горадзе, мітынг і канцэрт беларускіх музыкаў на Замкавай плошчы. Акрамя таго, плануецца святочны кірмаш з удзелам беларускіх майстроў і продажам кніг.
Збор і пачатак шэсця запланаваныя на 16:00 на Plac Trzech Krzyży. Пасля ўдзельнікі пройдуць маршам да Plac Zamkowy, дзе адбудуцца асноўныя падзеі.
Адной з галоўных частак святкавання павінна стаць аднаўленне вялікага нацыянальнага бел-чырвона-белага сцяга.



