Журналістка і краязнаўца Ларыса Шчыракова падала хадайніцтва аб наданні ёй міжнароднай абароны ў Польшчы. Юрыдычна яе справу мусіць разглядаць Літва, бо менавіта туды яе прымусова вывезлі разам з групай іншых вызваленых палітычных вязняў. Але жанчына спрабуе даказаць, што мае права на разгляд справы менавіта ў Польшчы, бо трапіла за краты за сваю журналісцкую дзейнасць, а працавала яна на польскім тэлеканале «Белсат». Пра гэта яна расказала праекту MOST «Мы вернемся».
За кратамі Ларыса правяла два гады і восем месяцаў. Яна была абвінавачаная па палітычных артыкулах — за дыскрэдытацыю Беларусі і садзейнічанне экстрэмізму. Ларыса была вызваленая ў верасні 2025 года ў выніку перамоў паміж сецпрадстаўніком ЗША Джонам Коўлам і Аляксандрам Лукашэнкам. Тады ўсю групу палітзняволеных прымусова вывезлі ў Літву. Мікалай Статкевіч спрабаваў застацца ў краіне, але зноў апынуўся ў калоніі.
У Літве Ларыса праходзіла медыцынскае абследаванне, лячылася, аднаўляла сілы ў санаторыі. А галоўнае, атрымлівала стаматалагічную дапамогу і праходзіла пратэзаванне. Усё гэта расцягнулася на пяць месяцаў. У польскі Беласток яна прыехала толькі на пачатку лютага 2026 года і падалася на міжнародную абарону разам з сынам.
— Праз тыдзень мы атрымалі ад ужонда (дзяржаўнага органа. — Заўв. MOST) паперу, што нашыя дакументы не будуць разглядацца. Па той прычыне, што за нас адказвае Літва — першая бяспечная краіна ўезду ў ЕС. <…> Але гэта было не канчатковае рашэнне, бо яны прапаноўвалі сыну і мне яшчэ цягам тыдня прадаставіць паперы, якія б абгрунтоўвалі, чаму маю справу трэба разглядаць тут [у Польшчы].
Ларыса так і зрабіла. Яна спрабуе даказаць, што мае права на разгляд справы ў Польшчы.
— Я 15 гадоў працавала на «Белсаце». 60 разоў прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці за працу без акрэдытацыі замежным СМІ. І амаль тры гады сядзела ў вязніцы, акурат за тое, што была журналісткай. <…> Апроч таго, я была вывезеная. Гэта ж не тое, што я сама зрабіла візу літоўскую і паехала ў Літву. Ніхто не запытваўся маёй згоды. Я была выштурхнута, выкінута з радзімы.
У верасні 2025 года «Белсат» паведамляў, што падтрымае былых палітвязняў-журналістаў, якія раней супрацоўнічалі з ім і адбылі вялікія тэрміны за сваю працу ў беларускіх калоніях. Ларыса кажа, што «Белсат» сапраўды дапамагае, але не ўсё залежыць ад жадання былога працадаўцы. Зараз у розных журналістаў розная сітуацыя. Многія з іх, па словах суразмоўцы, паспяхова легалізаваліся.
Поўнасцю гісторыю Ларысы Шчыраковай глядзіце ў новым выпуску праекта MOST «Мы вернемся».



