Палякаў называюць нацыяй бунтаўнікоў. Кожная чарговая чужая ўлада спрабавала гуляцца з элітамі, але не дапамагала. Палякі падымалі паўстанні супраць Расіі, немцаў, саветаў: 1794, 1830, 1863, 1905, 1944, 1956, 1970, 1980-я… Усё пералічыць немагчыма.
Адразу пасля 1945 году ў Польшчы фактычна ішла грамадзянская вайна. У падполлі заставалася процьма народу: былыя жаўнеры польскай старой арміі, аскепкі Арміі Краёвай, наўпрост незадаволеныя ўзброеныя людзі, якія апынуліся «па-за законам».
Гэта вельмі розныя людзі: ад бясспрэчна гераічных асобаў, накшталт Вітольда Пілецкага, да камандзіраў са спрэчнай рэпутацыяй, кшталту Рамуальда Райса «Бурага». Фішка ў тым, што ўзброены супраціў працягваўся да 1950-х, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі. Яскравы прыклад: Аўгустоўская аблава непадалёк Беластока, калі саветы наўпрост вывезлі жыхароў нелаяльных вёсак, якія падтрымлівалі падполле.
Новай савецкай уладзе былі патрэбныя кадры, якія б ведалі польскую і мясцовую спецыфіку. Нават нашага празаіка Янку Брыля спрабавалі вербаваць на кадравую працу ў ПНР: ведаў мову, меў вайсковы досвед. Яскравы прыклады новага кіраўніцтва Польшчы — маршал Канстанцін Ракасоўскі, якому ў сталінскім ГУЛАГу выбівалі зубы. Ці Мікалай Арэхва, дзеяч КПЗБ, які ўзяўся арганізоўваць польскую Службу Бяспекі (СБ, аналаг КГБ).
Польскім камуністам не заўсёды шчасціла. Вядомага левага лідара Уладзіслава Гамулку ў другой палове 1940-х арыштавалі, але не расстралялі. Тагачасны лідар PRL (Польскай Народнай Рэспублікі) Баляслаў Берут баяўся, што калі расстраляе канкурэнта, наступным расстраляюць яго.
Адліга па-польску ды «фараон» Гамулка
Каб зразумець пасляваенную Польшчу, варта памятаць, што краіна амаль на траціну перасунулася на Захад — на ziemie odzyskane. Гэта былыя нямецкія тэрыторыя з Ольштынам, Гданьскам ды Уроцлавам. А Вільня, Львоў ды Гродна засталіся ў СССР: палякі адтуль з’язджалі. Адсюль вялізная колькасць народу, якая пераязджае з месца на месца і ўладкоўваецца на вялікіх будоўлях і прадпрыемствах.
У 1956-м у Саюзе пачалася адліга. Берут — «польскі Сталін» — акурат памёр. У Польшчы спадзяюцца на перамены, а ў Познані пачынаецца сапраўднае паўстанне: народ граміць чынавецкія будынкі, СБ… Бунт жорстка падаўляюць. Гамулка, які паспеў выйсці з турмы і стаць на чале дзяржавы, вядзе сябе больш асцярожна, спрабуе шукаць кампрамісаў. Яго час, ажно да канца 60-х, асацыюецца з адноснай адлігай. Ажно да «Пражскай вясны» 1968-га.
З эрай Гамулкі звязаная яшчэ адна гісторыя, за якую савецкага кіраўніка пачнуць называць «фараонам». Яўрэі ў міжваеннай Польшчы традыцыйна былі элітай: камерсанты, акцёры, пісьменнікі, прафесура. Але Гамулка вырашыў ваяваць з «сіянісцкай пятай калонай». Яўрэяў настойліва падштурхоўвалі да выезду ў Ізраіль: фактычна выціскалі з краіны.
У 1970-м на фоне росту цэн прайшлі сацыяльныя паўстанні ў Гданьску і Гдыні. Іх зноўку жорстка падавілі: са стралянінай і «спецсродкамі». Сімвалам таго паўстання стаў забіты міліцыяй Янэк Вішнеўскі, цела якога пратэстоўцы пранеслі на дзвярах падчас дэманстрацыі… Цікава, што паняцце палітыкі ў Польшчы ўсё ж існавала. Для Гамулкі гэта быў палітычны крах, таму яго адправілі на пенсію, дзе той спакойна памёр. На яго месца прыйшоў Эдвард Герэк.
Валенса, Валентыновіч і Папа Ян Павел ІІ
Далей — цікавей. Польшчы патрэбныя грошы на мадэрнізацыю. Саюз не гарыць жаданнем карміць саюзніка, таму Герэк звяртаецца па крэдыты да Захаду. Для Захаду гэта магчымасць хоць троху прыцягнуць да сябе краіну з-пад крыла Масквы (нічога не нагадвае?..). Краіна будуецца, ёсць нават незалежныя прафсаюзы, але іх ячэйкі інфільтраваныя агентурай. Кожную спробу страйку падаўляе ZOMO — аналаг АМАПа.
«Калыскай рэвалюцыі» для Польшчы стае Труймяста — Гданьск, Гдыня, Сопат. Гэтыя тыя самыя ziemie odzyskane, дзе жыве багата рабочых, у тым ліку з Літвы, Заходняй Беларусі і Украіны. Шмат брутальных мужчын, якія штодня цяжка працуюць на карабельных верфях і не маюць інтэлігенцкіх сантыментаў. А пасля працы — стаяць у чэргах па ежу…
Усё пачынаецца з іскры. У 1980-м кіраўніцтва верфі звальняе актывістку незалежнага прафсаюзу Анну Валентыновіч. Адзін з рабочых збірае мітынг на яе падтрымку. Яго імя — Лех Валенса. Рабочыя ходзяць ад цэха да цэха, размаўляюць, агітуюць, а па выніку зачыняюць верф. Знутры. Страйк!
Верф атачаюць міліцыя і ZOMO. Штурмаваць боязна: будзе бойня. Туды ж падцягваюцца родныя і знаёмыя рабочых, перадаюць ежу. Упэўненасці пратэстуючым дадае рэлігійны фактар: Папа Рымскі — паляк Ян Павел ІІ, яго партрэты паўсюдна. Улады ўрэшце пагаджаюцца на «Жнівеньскія пагадненні» з пратэстуючымі. Ад гэтага часу прафсаюз «Салідарнасць» легальны па ўсёй (!) Польшчы. Людзі адчуваюць, што перамаглі.
Вайсковы стан. Цемра, скруха, барацьба
Герэк не справіўся: яго адсоўваюць ад улады. На яго месца стае Войцех Ярузельскі, генерал, правадыр крыла вайскоўцаў. Эйфарыя ад часовай перамогі пераўтвараецца ў «карнавал свабоды»: старыя камуністы, супрацоўнікі СМІ ды інтэлектуалы пераходзяць на бок «Салідарнасці». Каб сітуацыя канчаткова не выйшла з-пад кантролю, Ярузельскі па тэлебачанню абвяшчае ўвядзенне вайсковага стану…
Што гэта значыць? Вайскоўцы на вуліцах. Каменданцкая гадзіна. Забарона дзейнасці «Салідарнасці»: чытай, любога палітычнага «дзвіжу». Людзі выходзяць на вуліцу, каб абараніць свае правы, але іх сустракаюць дубінкамі і газам. Некаторыя забітыя пратэстоўцы стаюць легендамі. Як капелан «Салідарнасці» ксёндз Ежы Папялушка (яго закатавалі да смерці СБ, а цела выкінулі з машыны).
Наступныя 6-7 гадоў у Польшчы — час цемры, скрухі і падпольнай барацьбы. Вялікая колькасць актывістаў інтэрнаваныя: гэта калі цябе садзяць, але без канкрэтнага тэрміну. Сядзіш, пакуль сядзіш. Лідары «Салідарнасці» таксама трапляюць за краты. Актывісты на волі надалей раскідваюць газеты, улёткі, вывешваюць на высотках сцягі. За імі палюе СБ: калечыць, вярбуе, ламае…
Польская прапаганда спрабуе ўсё гэта выставіць як супрацьстаянне з «заходнімі агентамі». Для апазіцыі ўжываецца знаёмы нам тэрмін ekstrema — «экстрэміст». Голасам прапаганды стае Ежы Урбан, прэс-сакратар ураду. Забягаючы наперад, скажам, што пасля 1990-га гэта заможны паспяховы чалавек, уласнік медыя. Ніякая люстрацыя яго не кранула.
Каб не Ярузельскі, то ўвайшлі б савецкія танкі?
Бліжэй канца 1980-х, калі Валенса зноўку быў на волі, Польшча апынулася ў авангардзе перамен сярод краін сацлагера. Польская ўлада бачыла, да чаго ўсё ідзе, таму пайшла на кампраміс: у 1989-м быў арганізаваны «круглы стол» з апазіцыяй. Паводле новых правіл, апазіцыя магла трапіць у парламент. Але па разліках камуністаў, апаненты не змаглі б узяць больш за 25% месцаў.
На выбарах «Салідарнасць» узяла гэты максімум, хоць фармальна перамаглі камуністы. Але гэта ўжо нічога не змяняла: абсалютная большасць насельніцтва была на баку апазіцыі. Маскве было не да Польшчы. Прэзідэнта выбіраў парламент: першым прэзідэнтам ІІІ Рэчы Паспалітай стаў Ярузельскі, але пасля… сам адмовіўся ад паста. Краіну ўзначаліў колішні электрык з суднаверфі і палітвязень Лех Валенса.
Легендарным стаў кадр, калі пазней, праз гады, да хворага Ярузельскага ў лякарню прыйшоў Лех Валенса. Гэта быў жэст замірэння з колішнім ворагам. Да Ярузельскага ў палякаў дагэтуль супярэчлівае стаўленне. З аднаго боку ён кіраваў хунтай, якая падаўляла народныя выступы. З іншага, у краіну не зайшлі савецкія танкі, як у Чэхаславакію ў 1968-м.
Дзеля справядлівасці дадамо, што Ярузельскі паходзіў са старога шляхецкага роду. Быў у ссылцы ў Казахстане: там моцна пашкодзіў зрок, з-за чаго і хадзіў пазней у чорных акулярах. Ваяваў у польскім «войску людовым» супраць немцаў. У апошнія гады генерал казаў, што не меў выбару: савецкія танкі стаялі ля мяжы і толькі чакалі часу, каб зайсці ў Польшчу.
«Мягенькая» люстрацыя
Ніякай «ночы доўгіх нажоў» пасля 1990-га ў Польшчы не адбылося. Люстрацыя прайшла «мягенька». Архівы былі адчыненыя, таму кожны паляк у Інстытуце Нацыянальнай Памяці (IPN) змог паглядзець сваю справу: хто здаваў, хто вёў, хто затрымліваў… Асудзілі хіба забойцаў Папялушкі, ды і тое не на вялізныя тэрміны. У палітыцы была «вайна кампраматаў» і ўзаемныя абвінавачванні ў супрацы з СБ, але гэта зусім іншая гісторыя.
Як бы там ні было, партыя перадала ўладу апазіцыі мірна. Для камуністаў гэта быў дакладна ўдалы ход. Шмат хто з функцыянераў займеў свой бізнес ці, як мінімум, неблагія пенсіі. Ці справядліва гэта ў чалавечым і нацыянальным сэнсе? Гэта ўжо пытанне да палякаў. Не нам судзіць.
Так ці інакш, Польшча сёння, у адрозненні ад той самай Румыніі, дзе з баямі і крывёю выбілі Чаўшэску, з’яўляецца бясспрэчным рэгіянальным лідарам і паспяховай краінай.
Што паглядзець на тэму
1. «Чорны чацвер» (2011) / рэжысёр Антоні Краўзэ
2. «Валенса. Чалавек з надзеі» (2013) / рэжысёр Анджэй Вайда
3. «Чалавек з Мармуру» (1977) / рэжысёр Анджэй Вайда
4. «Чалавек з жалеза» (1981) / рэжысёр Анджэй Вайда
5. «Усё, што люблю» (2010) / рэжысёр Яцэк Борцух
6. «Уроцлаўская бітва» (2019) / рэжысёр Беата Янухта
7. «Псы» (1992) / рэжысёр Уладзіслаў Пасікоўскі