Аналізуючы разнастайныя рэйтынгі краін па ўзроўню злачыннасці (напрыклад, УНЗ ААН альбо дадзеныя Numbeo), мы можам прыйсці да высновы, што Польшча — дастаткова бяспечная для жыцця краіна. У большасці крыніц яна займае высокія пазіцыі побач з іншымі развітымі краінамі Еўропы. Але ці азначае гэта, што мы павінны перакласці абавязкі па абароне грамадскага парадку, сябе і сваіх блізкіх выключна на плечы паліцыі?
На жаль, апошнім часам у медыя ўсё часцей трапляюцца сюжэты пра сутычкі і канфлікты на глебе нацыянальнага, рэлігійнага ці іншага вызначэння. Гэта не дзіўна, бо апошнія гады сітуацыя ў рэгіёне была і застаецца вельмі нестабільнай, што выклікае нервовасць у грамадстве. Памятаючы пра тое, што няма дрэнных нацый, а ёсць толькі пэўныя дрэнныя людзі, мы не павінны забывацца пра тое, што наша бяспека — перш за ўсё нашы ўласныя клопаты. На шчасце, польскія законы дазваляюць мець шырокі спіс сродкаў самаабароны без аніякай рэгістрацыі і ліцэнзіі. Пра асноўныя з іх сёння і пойдзе гаворка.
Юрыдычны аспект
Каб адказаць на пытанне, чым мы можам легальна карыстацца для самаабароны ў Польшчы, трэба звярнуцца да польскага Закона аб зброі (Ustawa o broni i amunicji). Нас цікавіць Art. 11 — чым мы можам карыстацца легальна і без ліцэнзіі. У гэтым пункце мы можам знайсці інфармацыю пра газавыя балончыкі і газавыя пісталеты, электрашокеры і іншыя прадметы, даступныя нам без ліцэнзіі.
Варта заўважыць, што ў некаторых сродкаў самаабароны ёсць абмежаванні па, умоўна, моцы (напрыклад, вы цалкам легальна можаце набыць і насіць пры сабе электрашокер, але толькі такі, сярэдняя сіла току якога ў ланцугу не больш за 10 мА, на большае трэба спецыяльны дазвол паліцыі).
Калі вы баіцеся набыць нешта «нелегальнае» — вось добры варыянт, як не памыліцца: звярніцеся ў якую-небудзь краму, якая гандлюе сродкамі самаабароны, і папрасіце прадаўца-кансультанта патлумачыць, чаму гэта не зброя і ці можаце вы мець гэты прадмет легальна. У сур’ёзнай краме прадаўцы будуць спасылацца на законы, якія вам будзе нескладана праверыць. Тое ж працуе і з інтэрнэт крамамі — у апісанні тавару, як правіла, пазначана, з якой нагоды вы можаце мець пэўны прадмет легальна.
А цяпер колькі слоў пра перавышэнне межаў самаабароны. Каб самому з ахвяры не ператварыцца ў нападніка, трэба памятаць адну простую рэч — межы самаабароны павінны быць адэкватнымі ў дачыненні да сур’ёзнасці пагрозы вашаму жыццю, здароўю ці маёмасці. Просты прыклад — вы ідзяце па парку і хтосьці кажа вам у спіну так горача любімае ў Польшчы слова на літару К. Вы разварочваецеся і б’яце чалавека ў твар кулаком. Гэта адназначна не самаабарона, бо не было канкрэтнай пагрозы вашаму жыццю ці здароўю: вы маглі выклікаць паліцыю альбо сысці.
А вось варыянт, калі нехта кажа слова на літару К і ідзе ў ваш бок, не рэагуючы на вашы просьбы не набліжацца, — ужо дастатковая падстава бараніць сябе. Дастатковая — але варта своечасова спыніцца, калі пагроза міне. Вы можаце заліць нападніка газам з балончыка, але не варта, умоўна, біць яго нагамі, пакуль ён, заліты газам, валяецца на зямлі, бо ён ужо не стварае пагрозы.
Калі вы жадаеце паглыбіцца ў гэту тэму, раю пачытаць Kodeks karny, Art. 25. Там падрабязна распісана, што ёсць самаабаронай і калі мы можам сваім правам на абарону скарыстацца.
Разабраўшыся з гэтай акалічнасцю, пяройдзем да тых самых сродкаў, што могуць нас уратаваць у крытычнай сітуацыі.
Балончык
На наш погляд, самы ўніверсальны сродак самаабароны. Балон утрымлівае моцнае раздражняльнае рэчыва пад ціскам. Трапляючы ў насаглотку і вочы, рэчыва прыводзіць агрэсара ў стан часовай няздольнасці да нападу (бо цяжка нападаць, калі ліюцца слёзы, складана дыхаць і ўсё неверагодна пячэ).
Давайце разбяром па пунктах, чаму газавы балончык — вельмі добры абаронца.
Першае — гэта кошт. Самы танны (але гэта не азначае, што кепскі) газавы балончык можна набыць за 25-30 злотых. Пагадзіцеся, гэта зусім невялікія грошы за сваю бяспеку.
Другое — шырокі выбар разнастайных фарматаў. Вы можаце набыць маленькі лёгкі балончык на 20 мл, вагу якога нават не адчуеце ў кішэні, або вялізны паўлітровы балон (што, на маю думку, больш падыходзіць для аўто ці для абароны дома). Альбо ўзяць штосьці сярэдняе, у межах 60-80 мл. Вырашаць вам. Таксама вы можаце абіраць тып распылення пад свае патрэбы (гэта можа быць струмень, аэразоль, гель ці нейкая камбінацыя пералічанага).
Трэцяе — дыстанцыя. Адлегласць на каторай можна эфектыўна выкарыстаць балончык, — прыблізна 1,5-2 метры. Вы можаце спыніць злачынцу на дыстанцыі, не ўступаючы з ім у непасрэдны кантакт, адпаведна вы не рызыкуеце атрымаць удар кулаком ці, напрыклад, нажом.
Чацвёртае — нелетальнасць. Пры ўсім жаданні, вам будзе вельмі цяжка нанесці сур’ёзную шкоду для здароўя нападніка (ну, калі толькі не заціснуць балончык у кулаку і не пачаць біць злачынца па галаве). Газавы балончык дае вам магчымасць і эфектыўна абараніцца, і не мець потым праблем з законам за перавышэнне дапушчальнай абароны.
Пятае — універсальнасць. Газавы балончык падыходзіць усім, для выкарыстання ён не патрабуе аніякай фізічнай сілы ці спецыфічных навыкаў, ён інтуітыўна зразумелы. Менавіта таму ён падыдзе і дзяўчыне-студэнтцы, і дзядулю-пенсіянеру, і супрацоўніку офіса, які шмат год не трымаў у руках нічога цяжэйшага за аловак. Але гэта не азначае, што балон не патрабуе падрыхтоўкі — хаця б базавая падрыхтоўка павінна быць. Вы мусіце патрэніравацца хутка даставаць свой балончык, накіроўваць яго, мусіце ўбачыць, як ён працуе. Для гэтага можна набыць альбо два аднолькавых балона, альбо спецыяльны трэніровачны (ёсць і такія, вадкасць у іх не мае раздражняльнага рэчыва).
Вось некалькі парадаў для тых, хто вырашыў абраць у якасці сродку самаабароны менавіта балончык. Каб ён быў вашым эфектыўным абаронцам, яго трэба заўсёды трымаць пад рукой. Балончык на донцы заплечніка вас дакладна не ўратуе. Як і балончык на дне кішэні, завалены цыгарэтамі, ключамі і тэлефонам. У патрэбны момант балончык павінен апынуцца ў вашай руцэ за 1-2 секунды, іначай гэта проста дарэмна патрачаныя грошы. Крыху спрашчаюць гэта пытанне спецыяльныя паясныя чахлы, хаця варыянт нашэння ў кішэні выглядае найбольш зручным.
Ну і вы ж разумееце, што распыляць балончык супраць моцнага ветру — такая сабе задума. І не пакідайце балон на сонцы. А таксама там, дзе да яго могуць дабрацца дзеці, бо вас можа чакаць вельмі непрыемны сюрпрыз.
Гумовыя і тэлескапічныя дубінкі
Сур’ёзная зброя, якая можа спыніць агрэсара, не падпускаючы яго непасрэдна да сябе. Кошты стартуюць ад 60 злотых. Але тут як і з любой зброяй — сама па сабе дубінка не спыніць нападніка. Каб эфектыўна даць адпор, патрэбныя трэніроўкі. Калі вы не займаецеся са сваёй «зброяй», хутчэй за ўсё, яна вам і не дапаможа. Да таго ж насіць гумовую дубінку з сабой увесь час — добры варыянт для ахоўніка ці паліцэйскага, але не дужа зручны для звычайнага грамадзяніна. Лепш пакінуць яе як сродак абароны дома ці ў машыне.
Іншая справа — дубінкі тэлескапічныя. Яны маюць адносна невялікую вагу і памеры, што дазваляе насіць іх схавана пад вопраткай. Яны легальныя (калі размова ідзе пра «фабрычныя» адзінкі, што прадаюцца ў крамах без ліцэнзіі і не маюць ніякіх саматужных даробак). Але за імі замацавалася рэпутацыя «зброі хуліганаў», і нягледзячы на легальнасць, такі дэвайс можа справакаваць дадатковую ўвагу з боку паліцыі. Вас не асудзяць, вядома, але праверыць вашы дакументы і пазадаваць іншыя пытанні могуць. Як заўсёды, выбар за вамі.
Шокеры
Ці, як іх называюць у Польшчы, паралізатары. Вельмі цікавы, але і вельмі неадназначны сродак самаабароны. Самы істотны мінус, які дапаможа вам вызначыцца, ці падыходзяць вам шокеры, — гэта неабходнасць непасрэднага прамога кантакту з нападнікам, што само па сабе мае на ўвазе магчымасць атрымаць удар кулаком альбо нагой. Альбо нажом. Таму такая зброя, хутчэй за ўсё, больш падыдзе тым, хто мае пэўны досвед кантактных адзінаборстваў, як дадатковы аргумент. Ну ці тым, хто мае фенаменальную рэакцыю і вельмі доўгія рукі.
Крыху выпраўляюць становішча электрашокеры, выкананыя ў фармаце доўгага ліхтара-дубінкі. Гэты від шокераў ужо дазваляе трымаць пэўную дыстанцыю, але ўзнікае пытанне зручнасці нашэння. Мала хто пажадае ўвесь час цягаць з сабой ліхтар даўжынёй у 30-40 сантыметраў. Такі варыянт больш падыходзіць для транспартавання ў машыне ці для абароны дома/кватэры.
Істотным плюсам шокераў з’яўляецца траскучы гук і сам выгляд моцнай іскры, што можа прымусіць нападніка адмовіцца ад сваіх планаў нават без непасрэднага сутыкнення.
Асобным пунктам стаяць шокеры, якія страляюць, напрыклад, Taser, які стаіць на ўзбраенні амерыканскіх (і не толькі) паліцэйскіх. Гэта вельмі сур’ёзная зброя, якая выстрэльвае спецыяльнымі шчупамі-праваднікамі на адлегласць каля 4-5 метраў. Адзіным істотным мінусам гэтай зброі з’яўляецца кошт — розныя мадэлі такіх шокераў могуць каштаваць ад 3 000 злотых. Для параўнання — звычайны, «ручны», шокер можна набыць за 150-200 злотых.
Кубатаны і тактычныя ручкі
Кубатан (альбо явара) — гэта своеасаблівы кастэт, палачка з цвёрдага матэрыялу (дрэва, пластык, метал), якая заціскаецца ў далоні, пры гэтым канцы кубатана выступаюць за межы кулака зверху ці знізу. У момант удару ўся моц вашага цела канцэнтруецца на невялічкай ударнай паверхні кубатана. Гэта балюча, вельмі балюча, куды б вы не патрапілі. Прымітыўны, але карысны сродак самаабароны, праўда, з адным істотным недахопам, тым жа, што і ручныя шокеры — патрэбны непасрэдны кантакт з сапернікам. Таму кубатан больш падыходзіць тым, хто ўмее «працаваць» кулакамі для пашырэння свайго баявога патэнцыялу. Набыць кубатан можна за 50-100 злотых. А можна проста падабраць кавалак дрэва цвёрдай пароды і апрацаваць нажом пад сваю руку.
З тактычнымі ручкамі — тое ж самае, але імі можна яшчэ і пісаць. Ну і яны не выглядаюць як зброя, не выклікаюць ніякіх падазрэнняў у людзей. Пры гэтым яны зробленыя, як правіла, з металу і могуць наносіць сур’ёзныя пашкоджанні нападніку.
Газавыя пісталеты
Да гэтай катэгорыі аднясём адразу два прынцыпова розных віды зброі.
Першы — распыляльнікі. Па сутнасці, гэта тыя жа газавыя балончыкі, толькі «апранутыя» у корпус пісталета. Каштуе такі дэвайс ужо даражэй, самыя простыя варыянты стартуюць прыблізна ад 150 злотых. Аднак адлегласць, на якой вы можаце эфектыўна абараняцца, ў гэтых пісталетаў часта больш, чым у балончыкаў. У некаторых мадэлях вытворцы заяўляюць пра 5 метраў, што дае вам больш варыянтаў для манеўру.
Яшчэ адным істотным плюсам (і, у некаторым сэнсе, мінусам) з’яўляецца тое, што такія пістолі робяць, як правіла, падобнымі знешне на баявыя. Плюс — нават сама наяўнасць у вашых руках прадмета, які вельмі моцна нагадвае пісталет, можа спыніць агрэсара (улічваючы тое, што ў Польшчы для грамадзян даступныя баявыя пісталеты і рэвальверы, — мала хто вырашыцца правяраць, газавы пістоль у вашых руках ці баявы). Мінус — могуць узнікнуць пэўныя праблемы з паліцыяй, калі яны ўбачаць прадмет, падобны на пісталет, у вас за поясам ці ў вашым багажы. Наўрад ці адразу ж прыедзе спецназ і пакладзе вас на зямлю, але ўвагу да сваёй персоны вы прыцягнеце адназначна.
Ну і якога-небудзь моцна ўразлівага чалавека вы можаце напужаць, што таксама з вялікай верагоднасцю справакуе прыезд паліцыі.
Другая катэгорыя — так званыя «пэперболы». Як вынікае з назвы, гэта пісалеты, каторыя выкарыстоўваюць у якасці боепрыпасаў шары-кантэйнеры з парашком раздражняльнага перцавага рэчыва.
Таксама такія пісталеты могуць страляць і гумовымі кулямі. Але, выглядае, пры дазволеных 17 Дж энергіі стрэлу нанесці сур’ёзныя пашкоджанні гумовай куляй вельмі складана. Так, нападніку будзе вельмі балюча, але ці спыніць яго гэта — пытанне спрэчнае. Асабліва калі нападнік будзе апрануты ў цёплыя рэчы. Таму вернемся да перцавых боепрыпасаў.
Стрэл адбываецца за кошт вызвалення з балона газа СО2 пад ціскам. Як сцвярджаюць вытворцы, адлегласць эфектыўнай стральбы пэўных мадэляў можа складаць да 20 метраў і нават больш. І вось гэта ўжо дае нам вельмі шмат варыянтаў абараняцца, не падпускаючы да сябе нападніка. А яшчэ, у адрозненні ад распыляльнікаў, для таго, каб спыніць нападніка з «пэпербола», не патрэбны непасрэдны візуальны кантакт з ім.
Просты прыклад — вы ведаеце, што ў памяшканні хаваецца ўзброены нападнік, але вы не жадаеце збліжацца і рызыкаваць. Тады проста робіце некалькі стрэлаў у сценку побач з месцам, дзе, на вашу думку, схаваўся злачынца. Парашок рассыплецца па памяшканні і зробіць сваю справу.
«Пэперболы», як правіла, таксама выглядаюць як баявая зброя, што надае ім плюсы і мінусы пісталетаў-распыляльнікаў. А вось што яшчэ з’яўляецца істотным мінусам «пэпербола» — гэта кошт. Самыя танныя мадэлі, якія мы знайшлі, каштуюць недзе каля 1 300 злотых, але часцей, кошты трымаюцца каля 2000 злотых. Улічваючы, што і боепрыпасы для іх каштуюць нямала, такі сродак самаабароны зможа дазволіць сабе не кожны.
Цімур Асманаў