25 сакавіка адзначаецца Дзень Волі. З гэтай нагоды цягам цэлага тыдня ў Беластоку будзе праводзіцца шэраг мерапрыемстваў. MOST расказвае, куды можна схадзіць з нагоды Дня Волі.
Адкрыццё выставы «БНР-105»
Паглядзець, як святкавалі Дзень Волі ад першага мерапрыемства канца 1980-х да нашых дзён, пабачыць фота з асабістых фотаархіваў беларусаў, якія на сённяшні дзень вымушана знаходзяцца ў эміграцыі, даведацца пра цікавыя малавядомыя факты, звязаныя з гэтым святам, успомніць аб нашым адзінстве і салідарнасці можна будзе 21 сакавіка а 19:00 у хабе «Новая зямля». На адкрыцці выставы выступіць доктар гістарычных навук Алег Латышонак, які раскажа, чаму важна святкаваць Дзень Волі і што было б, калі б не існавала гэтага дня.
Калі: 21 сакавіка 19:00
Дзе: Хаб «Новая зямля» (ul. Wyszyńskiego, 6А)
Лекцыя Уладзіміра Арлова
Паслухаць лекцыю «Ад філаматаў да БНР», набыць новыя кнігі з аўтографам аўтара, зрабіць фота з мэтрам айчыннай гістарычнай прозы, паразмаўляць пра беларускі нацыянальны рух і БНР, а таксама выпіць смачнага піва можна будзе 22 сакавіка ў пабе Beer4U.
Калі: 22 сакавіка 19:00
Дзе: Паб Beer4U (ul. Legionowo 14/16 lok.2)
Гульня-квіз «А што ты ведаеш пра БНР?»
У межах сумеснай працы над Рэанімацыйным пакетам рэформаў для новай Беларусі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Аб’яднаная Грамадзянская партыя, Партыя БНФ, Беларуская партыя «Зялёныя», «Рух За Свабоду», Беларускі Кангрэс Дэмакратычных Прафсаюзаў праводзіць віктарыну «А што ты ведаеш пра БНР?». Мерапрыемства ладзіцца 24-26 сакавіка ў 10 гарадах розных краін: Антвэрпэн, Батумі, Беласток, Брусэль, Брэмен, Варшава, Вільня, Гданьск, Клайпеда і Тбілісі. Пытанні і адказы на пытанні складзеныя прафесійным гісторыкам, даследчыкам тэмы нацыянальнага адраджэння, дзейнасці Беларускай Сацыялістычнай Грамады і з’яўлення Беларускай Народнай Рэспублікі.
Паўдзельнічаць у віктарыне ў Беластоку, праверыць свае веды ў пазнанні гісторыі БНР і атрымаць за гэта прызы можна будзе 24 сакавіка а 19.00 у хабе «Новая Зямля».
Калі: 24 сакавіка 19:00
Дзе: Хаб Новая зямля (ul. Wyszyńskiego, 6А)
Акцыя з нагоды Дня Волі
Беларуская дыяспара Беластока, Беларускі саюз Польшчы і Беларускае гістарычнае таварыства запрашаюць усіх ахвотных паўдзельнічаць у святочнай акцыі, прысвечанай Дню Волі. На акцыі беларусы зачытаюць 3-ю Ўстаўную грамату, праспяваюць гімн БНР, а таксама апрануць бел-чырвона-белыя стужкі.
Прыняць удзел у святочнай акцыі можна будзе 25 сакавіка а 14:00 на Плошчы Касцюшкі, каля помніка Пілсудскаму.
Калі: 25 сакавіка 14:00
Дзе: Плошча Касцюшкі, каля помніка Пілсудскаму
Святочны канцэрт
Адзначыць Дзень Волі і 105 гадавіну БНР з іншымі беларусамі можна будзе на святочным канцэрце, які адбудзецца 25 сакавіка а 15:30-17:30. На канцэрце прагучаць выступленні музычнага выканаўцы Алега Кабзара — беластоцкага барда, опернага спявака і мастака, а таксама сямейнага гурта «Бартосікі»: Зміцер Бартосік — гітара, вакал, аўтар песень, Таццяна Карпіловіч — баян, Юстына Карпіловіч — вакал, гітара, аўтарка песень, Геральд Бартосік — вакал.
Калі: 25 сакавіка 15:30-17:30
Дзе: ul. Ciepła, 40
Беларускі пікнік у Копнай Гуры
Беларуская дыяспара Беластока запрашае ўсіх жадаючых адсвяткаваць разам Дзень Волі на інтэграцыйным беларускім пікніке ў Копнай Гуры. Беларусаў чакае файнае месца на прыродзе, нефармальная камунікацыя, новыя знаёмствы, шашлыкі і прыемная атмасфера.
Калі: 26 сакавіка 14:00
Дзе: Polana Kopna Góra
Мова Нанова: Дзень Волі — Дзень «Мовы»
На дванаццатых занятках другога сезона бясплатных курсаў беларускай мовы «Мова Нанова» можна будзе паслухаць выступленні беларускіх музыкаў Ігара Палынскага і Кацярыны Ваданосавай, а таксама паўдзельнічаць у конкурсах і паразмаўляць пра гісторыю БНР. А тыя, у каго не будзе магчымасці прыйсці, змогуць паглядзець прамую трансляцыю мерапрыемства на YouTube-канале Мовы Нанова.
Калі: 27 сакавіка 19:30
Дзе: ul. Wyszyńskiego, 6А
Монадрама
Можна будзе схадзіць на монадраму ад фрык-тэатра «EX TEMPORE». «Монадрама «Маскі» — аўтабіяграфічны зрэз з анатоміі рэчаіснасці. Спектакль аб стаўленні нацыянальнай самасвядомасці на прыкладзе асабістых перажыванняў асобна ўзятага беларуса. Гэта спектакль аб псіхалагічных праблемах, якія характэрны для нашай нацыянальнай самасвядомасці, для людзей, якія прыходзілі да яе, і да агульначалавечых псіхалагічных праблем і пытанняў, і спосабаў, як іх вырашыць», – распавёў аўтар тэксту і выканаўца В.Шэры.
Калі: 31 сакавіка 19:00
Дзе: ul. Wyszyńskiego, 6А
Прагляд фільма
Паглядзець фільм пра гісторыю Беларускай Народнай Рэспублікі вачыма пісьменніка і гісторыка Уладзімiра Арлова, старшыні Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонкі Сурвілы, якая дзейнічае ў Канадзе, і журналіста Радыё Свабода Сяргея Навумчыка можна будзе 1 красавіка ў хабе «Новая зямля». Удзельнікі разважаюць не толькі над мінулым, але таксама і над шанцамі Беларусі на атрыманне сапраўднай незалежнасці. Фільм сканчваецца выказваннем Вацлава Гавэла, што без дэмакратычнай Украіны і Беларусі не можа быць дэмакратычнай Еўропы.
Калі: 1 красавіка 18:00
Дзе: ul. Wyszyńskiego 6A
Падрыхтавала Марыя Седышова