Пятніца, 28 лістапада 2025
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

Крок адчаю. 98 год таму ў Гродне пачаўся працэс беларускай антыпольскай партызанкі

MOST MOST
20 красавіка 2023, 16:29
Гісторыі
A A
беларусаў судзілі палякі за адраджэнне БНР

Фота: Haradzienski / Telegram

20 красавіка 1925 годзе ў Акруговым судзе ў Гродне пачаўся працэс 72 беларусаў і літоўцаў, якія ўдзельнічалі ў антыпольскім партызанскім руху. Абвінавачаныя атрымалі да 12 год цяжкай турмы. Гэта быў адзін з самых вялікіх палітычных працэсаў у міжваеннай Заходняй Беларусі.

Падсудным ставілі ў віну, што яны ў 1922 і 1923 гадах імкнуліся адарваць землі да рэк Нараў і Буг ад Польшчы і стварыць Беларускую Народную Рэспубліку. Паводле абвінавачвання, яны падтрымлівалі сувязь са штабам у літоўскім памежным мястэчку Мерач, якім кіраваў Вячаслаў Разумовіч, вядомы пад псеўданімам «атаман Хмара». Партызаны, паводле дадзеных польскіх спецслужбаў, у выпадку пачатку вайны паміж Літвой і Польшчай меліся падарваць вайсковыя штабы ў Гродне і Беластоку, а таксама чыгуначны мост праз Нёман у Мастах.

беларусаў судзілі палякі за адраджэнне БНР
Вячаслаў Разумовіч-Хмара, кіраўнік антыпольскай партызанкі ў Заходняй Беларусі.

Чаму беларусы ўзяліся за зброю, а Літва іх падтрымала

Партызанка на Гродзеншчыне і Падляшшы ўзнікла ў 1921 годзе — праз некалькі месяцаў пасля заключэння Рыжскага міру, які пахаваў надзеі на здабыццё незалежнасці Беларусі дыпламатычным шляхам. Беларускае насельніцтва ў складзе Польскай Рэспублікі было незадаволенае стаўленнем да яго ўладаў. Напружанне выклікала перадача зямлі ў Заходняй Беларусі польскім вайсковым асаднікам, адсутнасць аграрнай рэформы, закрыццё беларускіх школ, мізэрны памер дапамогі пры адбудове сялянскіх гаспадарак пасля Першай сусветнай вайны.

Літва падтрымлівала беларускае падполле, бо знаходзілася ў канфлікце з Польшчай з-за прэтэнзій на Вільню і ваколіцы, якія ў канцы 1920 года былі занятыя войскам генерала Жалігоўскага, а ў 1922 годзе далучаныя да Польскай Рэспублікі. Разглядалася магчымасць чарговай вайны паміж Польшчай і Літвой, і беларускі рух, паводле літоўскага кіраўніцтва, мог дапамагчы Літве ў гэтым канфлікце. Дзеля сітуацыйных патрэб Літва аказвала падтрымку беларускаму руху, прытуліла ў сябе ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі, стварыла Міністэрства беларускіх спраў. Гэтая падтрымка скончылася ў асноўным пасля 1925 года, калі Літва ўжо не бачыла ў гэтым сваёй выгады.

Вайны аднак не здарылася. Дзейнасць падполля стала вядомая польскім спецслужбам, якія вясной і летам 1922 года правялі масавыя арышты ў ваколіцах Беластока і Гродна. Частка падпольшчыкаў сышло на нелегальнае становішча і правяло шэраг дыверсій супраць польскай адміністрацыі і паліцыі. Некаторыя дыверсійныя акцыі фактычна былі рабунковымі нападамі. У выніку тых дыверсій былі і забітыя.

Першы працэс супраць беларускага падполля, так званы «працэс 45», адбываўся ў маі 1923 года ў Беластоку. Падчас яго была асуджаная кіраўніца падпольнай арганізацыі, пазбаўленая ўладамі пасады беларуская настаўніца Вера Маслоўская, пасол Сойму Сяргей Баран і іншыя асобы.

«Працэс 72-х»

Наступны судовы працэс, на якім разглядалася справа беларускіх партызанаў, пачаўся 20 красавіка 1925 года ў Акруговым судзе ў Гродне.

беларусаў судзілі палякі за адраджэнне БНР
Будынак Акруговага суда ў Гродне. Цяпер ён мае адрас Савецкая, 31.

На лаве асуджаных апынуліся семдзесят два чалавекі. Было выклікана каля ста пяцідзесяці сведак. Працэс адбываўся пад кіраўніцтвам старшыні суда Навіньскага, абвінавачванне прадстаўляў падпракурор Мюлер, абарону — дваццаць адвакатаў.

Большасць абвінавачаных знаходзілася ў турме пад следствам каля трох гадоў. Пяць чалавек памерлі падчас следства, адзін — звар’яцеў. Абвінавачаныя літоўцы адмовіліся прамаўляць па-польску, беларусы прамаўлялі, як паведамлялі карэспандэнты, «ламанай польшчынай».

беларусаў судзілі палякі за адраджэнне БНР
Справаздача з працэса на старонках газеты “Беларуская Доля”, №29, 29 красавіка 1925 года.
беларусаў судзілі палякі за адраджэнне БНР
Справаздача з працэса на старонках газеты “Беларуская Доля”, №29, 29 красавіка 1925 года.

У якасці рэчавых доказаў былі прадстаўленыя скрынкі са зброяй. Адвакат Тадэвуш Урублеўскі папрасіў звярнуць увагу, што сярод рэчавых доказаў няма выбуховых матэрыялаў.

Падчас працэсу ўдзельнікам закідалі, паміж іншым, забойства грамадзян Сяргейчыка і Езерчыка, якія, на думку партызанаў, былі канфідэнтамі паліцыі. У Лідскім павеце партызаны забілі паліцыянта, узарвалі мост на прыватнай вузкакалейцы, падпалілі два маёнткі.

беларусаў судзілі палякі за адраджэнне БНР
Паведамленне пра працэс у віленскай газеце “Słowo”, Nr. 91, 24 краcавіка 1925 года.

— Гэта арганізавала Ковенская Літва ў суполцы з беларускім урадам Вацлава Ластоўскага, і ў жывым кантакце з бальшавіцкім Мінскам, а нават не без пэўнага ўмяшання таемных нямецкіх дзейнікаў. Гэтая акцыя, мэтай якой было падтрымліваць і пашыраць бандытызм у нашым краі, была кіраваная палітычнымі дзейнікамі. Асабліва ўрад Літоўскай рэспублікі мае на сабе адказнасць за барацьбу супраць Польшчы такімі ганебнымі метадамі, — пісала ў красавіку 1925 года кансерватыўная віленская газета Słowo.

Адначасова газета закідала ўраду ў Варшаве, што позна ўзяўся за рашучыя дзеянні па ўмацаванні бяспекі на ўсходніх ускраінах Польскай Рэспублікі. Маўляў, за бяспеку на Крэсах узяліся толькі тады, калі ў ваколіцах станцыі Парахонск кіраваныя Саветамі бандыты спынілі пасажырскі цягнік і знялі штаны з палескага ваяводы Станіслава Даўнаровіча.

беларусаў судзілі палякі за адраджэнне БНР
Аляксандр Бабяньскі, адзін з адвакатаў, якія баранілі партызанаў.

Адвакат Аляксандр Бабяньскі ў сваёй прамове ў судзе засяродзіўся на палітычнай сітуацыі, якая падштурхнула беларусаў да ўдзелу ў антыпольскай партызанцы. Паводле слоў адваката, пры такіх адносінах улады да беларусаў, якія выявіліся на судзе, нельга спадзявацца на паляпшэнне сітуацыі. Абаронца казаў, што Польшча павінна пайсці насустрач беларусам так, каб беларусы гэта адчувалі – і тады беларусы будуць разам з палякамі, а прымусам нічога дабіцца нельга.

Да дванаццаці гадоў цяжкай турмы

На дзясяты дзень працэсу, 30 красавіка, быў абвешчаны прысуд. Самы вялікі прысуд — 12 гадоў цяжкай турмы — атрымаў Леанард Казюкевіч, які прызнаўся да саўдзелу ў забойстве двух чалавек. Уладзімір Бортнікаў, ад’ютант Вячаслава Разумовіча-«Хмары», атрымаў шэсць гадоў цяжкай турмы. Пётр Адаменя, Васіль Юрэчка, Ігнат Бэрнатовіч, Флёрыян Туроніс, Дамінік Відзбэль, Ян Суботнік атрымалі па чатыры гады. Большасць падсудных атрымалі ад 1,5 да 3 гадоў турмы, а 47 чалавек суд апраўдаў.

беларусаў судзілі палякі за адраджэнне БНР
Паведамленне пра прысуд у беларускай газеце “Krynica”, Nr. 20, 17 мая 1925 года.

«Працэс 45» і «працэс 72» з’яўляюцца праявамі складаных адносін паміж уладамі міжваеннай Польскай Рэспублікі і беларускай меншасцю. Цяжка ацэньваць іх адназначна. З аднаго боку, кожная дзяржава мусіць змагацца супраць узброеных фарміраванняў, якія пагражаюць яе тэрытарыяльнай цэласнасці і бяспецы грамадзян. Самы вялікі прысуд атрымаў чалавек, які саўдзельнічаў у забойстве. З іншага — варта памятаць, што беларусы ўзяліся за зброю, таму што не бачылі магчымасці дабіцца сваіх інтарэсаў мірным шляхам. Гэта быў крок адчаю.

 

Сымон Альхімёнак

Тэгі: ГалоўнаеГісторыя

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

крыж Сафіі Менскай

Беларуская папулярызатарка гісторыі намагаецца зрабіць рэпліку крыжа Сафіі Менскай — каралевы Дацкай і праўнучкі Усяслава Чарадзея

MOST
28 лістапада 2025, 14:21

Папулярызатарка беларускай гісторыі Марыя Грыц запусціла праект па стварэнні рэплікі знакамітага крыжа Сафіі Менскай — адной з самых славутых ювелірных каштоўнасцей Даніі. Але беларусам яна хіба што бліжэй:...

Черная пятница в Польше

Футболка с Тупаком подешевела на 20 злотых, а айфоны — без скидок. Прогулялись в Черную пятницу по торговым центрам Белостока

MOST
28 лістапада 2025, 10:06

В этом году Черная пятница — популярный в Европе день распродаж — пришлась на 28 ноября. Продавцы одежды, косметики, бытовой техники и других товаров уже накануне расклеили скидочные...

Евгений Веревка

«Американский военный оставил самые большие чаевые». Беларусский футболист тренирует в Польше три команды и подрабатывает в такси

MOST
26 лістапада 2025, 19:55

В Беларуси его трижды задерживали после выборов 2020 года, но он не уезжал до последнего, чтобы быть рядом с дочерью. Сегодня футболист Евгений Веревка живет в Познани и...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты