Ульяна Павловіч — 18-гадовая музыка, ўдзельніца гурта Atesta. Дзяўчына зняла кліп аб юнаках з Беларусі і Украіны, якія на ўласным вопыце даведаліся, што такое вымушаная эміграцыя.
MOST паразмаўляў з Ульянай пра стварэнне кліпа і спробы не страціць сваё «я» ў Польшчы.
«Два маленькія заплечнікі і вялікая Варшава»
Пераезд Ульяны ў Польшчу атрымаўся нечаканым: дзяўчына разам з бацькам паехала на фестываль «Грай», які ладзіўся ў Варшаве. На той момант беларуске было 17 гадоў, яна толькі атрымала атэстат, здала ўступныя іспыты на гукарэжысёра і мела шмат планаў на жыццё ў Беларусі.
— Але ў дарозе мы зразумелі, што вяртацца не трэба. Бо ціск ужо адчувалі: у школе са мной праводзілі размовы, а вокны нашага дома фатаграфавалі невядомыя людзі. Акрамя таго, мы ведалі, што раз выступаем на «Грай», пра нас абавязкова напішуць у СМІ. Рызыкаваць не сталі. З сабой у нас было дзве гітары, гукавое абсталяванне, маленькія заплечнікі з уласнымі рэчамі — і вялікая Варшава, у якой трэба нешта рабіць.
«Мы з’ехалі дзеля музыкі»
Напачатку сям’і дапамагалі знаёмыя, якія ўжо доўгі час жылі ў Польшчы. Простыя бытавыя рэчы, напрыклад паход у краму, здаваліся неадольнай перашкодай. Давялося адразу ісці на працу — Ульяна прызнаецца, што з гэтым былі цяжкасці.
— Працавала на складзе, у тым ліку і ў начныя змены, таму вытрымаць эмацыйна было няпроста.
Зараз дзяўчына сумяшчае навучанне ў паліцыяльнай школе з падпрацоўкамі, а ў вольны час займаецца творчасцю.
— Але з гэтым таксама няпроста, бо калі раней я была ўся ў натхненні, то зараз гэтае пачуццё знаходзіцца глыбока ўнутры мяне. І ўсё ж я не магу дазволіць сабе не знайсці час на музыку, бо мы з’ехалі дзеля яе. Хочаш не хочаш, ёсць сілы або няма — трэба ствараць.
«Пісаць рускамоўныя песні не цікава»
Дзяўчына піша словы і музыку для гурта Atesta сама, а бацька дапамагае ў запісе, звядзенні і майстарынгу. Песня «Дзьмухаўцы» распавядае гісторыі рэальных маладых людзей, якія апынуліся ў эміграцыі — знаёмых Ульяны і «знёмых знёмых». Рэферэнсам да кліпа аб юнаках-мігрантах стала творчасць вядомага рок-гурта.
— Мы хацелі зрабіць кліп як у Metallica, — дзеліцца Ульяна. — Рабілі ўсё ўласнымі сіламі: герояў шукалі праз знаёмых, за свае грошы я брала рэквізіт у арэнду, а жонка нашага гітарыста вызвалася дапамагчы ў здымках — яна фантастычны аператар.
Ульяна адзначае, што ствараць песні на рускай мове ёй папросту не цікава — гэта не яе творчы шлях. Прыкладам быў і бацька: яшчэ з дзяцінства дзяўчынка бачыла, як ствараюцца менавіта беларускамоўныя песні.
— Файна было б рабіць і на ангельскай, але ўзровень пакуль недастатковы. А наконт беларускіх песень — гэта ж так файна гучыць.
«Раблюся злым і страшным музыкам»
Параўноўваючы творчы працэс у Беларусі і Польшчы, Ульяна адзначае больш высокі ўзровень свадобы ў новай краіне.
— Калі тут чуюць, што я пішу беларускамоўныя песні, ніхто не кажа: «Ты што, здурэла?» У Польшчы ніхто не кантралюе, пра што і на якой мове ты спяваеш.
У Польшчы дзяўчына заўважыла больш падзякі, толькі тут Ульяна зразумела, што яе музыка і кліпы — сапраўдная праца.
— Падсвядомае абясцэньванне творчасці засталося ў нашым менталітэце і прыехала разам з намі ў Польшчу. Але ў новым асяроддзі я паступова змяняю сваё мысленне, раблюся тым самым «злым і страшным музыкам», які грае толькі за грошы.
«Для палякаў ты адразу зорка»
Пасля сумесных выступленняў з польскімі гуртамі ў Ульяны нават сфарміравалася невялікая фанбаза.
— Фідбэк ад беларускага і польскага слухача розны. Беларуская аўдыторыя ўспрымае цябе як свайго сябра, і гэта файна. Лічу, што ў гэтым сяброўстве і праяўляецца наша сапраўдная беларускасць. У палякаў такога няма — для іх ты адразу зорка, нават калі не паспеў адыграць на вялікай сцэне і не маеш мільёнаў праглядаў у YouTube.
Зараз у Ульяны шмат планаў. Дзяўчына паступіла ва ўніверсітэт па праграме Каліноўскага — з наступнага года яна пачне навучанне па музычнай спецыяльнасці, будзе і шмат выступленняў.
— У першую чаргу дбаю наконт развіцця Atesta, мы пішам новы альбом. Плануем выступіць 14 снежня ў Беластоку, а 22 снежня зайграем на зімовым «Грае».