У TikTok з’явіўся новы блогер — мужчына з барадой і ў святарскім адзенні па-польску распавядае пра грэка-каталіцкую царкву. Ім аказаўся беларус Сяргей Ганчароў — манах-рэдэмптарыст, які зараз вучыцца на журналіста ў Польшчы. Ён адмовіўся ад шлюбу і маёмасці, каб прысвяціць жыццё веры і распавядаць пра Евангелле.
MOST пагаварыў з падрэ пра ўніяцтва, законы, па якіх жывуць сучасныя манахі, TikTok і відэа па-беларуску.
Манах, але не зусім
Сяргей нарадзіўся ў Мінску, у праваслаўнай сям’і, але не практыкуючай. Да веры мужчына прыйшоў у 18 гадоў, калі пачаў шукаць сваё месца ў гэтым свеце. На выбар канфесіі паўплывалі знаёмыя грэка-каталікі, а таксама захапленне гісторыяй Беларусі: у свой час уніяцтва моцна паўплывала на Беларусь і беларускі народ.
— З цягам часу я адчуў пакліканне, — распавядае Сяргей, — глыбокае жаданне паслужыць веры больш актыўным, ці як некаторыя кажуць, радыкальным чынам. Таму ў 2011 годзе я паехаў ва Украіну, бо ў Беларусі няма грэка-каталіцкіх манастыроў. Менавіта там я пачаў вучыцца, а пасля і служыць, з Беларускай жа грэка-каталіцкай царквой я ніяк не звязаны.
Мужчына далучыўся да кангрэгацыі рэдэмптарыстаў — нешта накшталт манаскага каталіцкага ордэна. А потым пачаў атрымліваць рэлігійную адукацыю — спачатку два гады спасцігаў філасофію ва Украінскім каталіцкім універсітэце, каб была база ведаў, а потым вывучаў багаслоўе ў Базыліянскім інстытуце.
— Я з’яўляюся законнікам, ці манахападобным чалавекам, — тлумачыць свой статус мужчына. — У каталіцызме ёсць розныя стылі богапасвячонага жыцця. Ёсць манахі, якія жывуць далёка ад людзей, моляцца, працуюць на сваіх гародах, карацей, жывуць сузіральным жыццём. Ёсць такія інстытуцыі, як, напрыклад, езуіты. Яны вядомыя нам з падручнікаў па гісторыі Беларусі, бо адкрывалі ў свой час тут друкарні, гімназіі, адным словам працавалі ў навуковай сферы.
Кангрэгацыя рэдэмптарыстаў належыць да трэцяга тыпу — місіянерскіх супольнасцяў. Сяргей і яго браты не закрываюцца ў манастырах далёка ў гарах, а жывуць сярод людзей, працуюць з вернікамі і выязджаюць у іншыя краіны.
Але рэдэмптарысты прымаюць манаскія зарокі: убоства (адсутнасць прыватнай уласнасці), чысціні (адсутнасць шлюбу і прысвячэнне сябе служэнню Богу) і послуха (выкананне ўсяго, што кажуць настаяцелі).
— У мяне няма нічога свайго, — гаворыць законнік, — а ўсё, чым я карыстаюся, гэта супольнае дабро манастыра. Гэта не значыць, што я бедна жыву — у нашай кангрэгацыі прынята, каб мы жылі як звычайныя людзі. У нас павінна быць тое, што дапамагае нам выконваць свае духоўныя функцыі, каб мы маглі прапаведаваць. Напрыклад, мне спатрэбіўся ноўтбук. Я іду да настаяцеля манастыра і гавару: «Мне трэба ноўтбук». Ён пасылае мяне да эканома, і той або дае мне грошы, або сам яго мне купляе.
Сяргей тлумачыць, што кожны манастыр мае свае крыніцы даходаў. У тым ліку гэта ахвяраванні ад людзей. Таксама некаторыя браты працуюць, а іх заробак ідзе ў агульную касу, за якую адказвае эканом. Напрыклад, у манастыры падрэ Сержа некалькі чалавек уладкаваныя ў шпіталь і школу.
Працягваючы размову пра тое, як пабудавана жыццё рэдэмптарыстаў, Сяргей адзначае, што ў іх ёсць выбары. Прычым абіраюць не толькі «самага галоўнага», але і настаяцеляў правінцый — адміністрацыйных адзінак кангрэгацыі, раскіданых па ўсім свеце.
— У нас свая сістэма, — тлумачыць законнік. — Раз у чатыры гады мы збіраемся на капітулу — гэта такі выбарчы орган, куды з’язджаюцца настаяцелі ўсіх правінцый і пасланцы, у залежнасці ад колькасці братоў. І выбіраем там сабе настаяцеля кангрэгацыі. Таму ў нас няма вечных настаяцеляў.
Усяго ў шэрагах рэдэмптарыстаў некалькі тысяч чалавек, яны працуюць прыкладна ў 85 краінах. Акрамя Сяргея сярод братоў ёсць яшчэ некалькі беларусаў.
Блогер на дзвюх мовах
Падчас вучобы ва Украіне, Сяргей набываў і практычныя веды, у тым ліку бываючы ў замежных паездках. Таму пачаць святарскае служэнне для яго не было цяжкім. Мужчыну накіравалі ў Цярнопаль, там ён і вырашыў «зайсці» на YouTube, і ў 2019 годзе стварыў канал «Падре Серж», які працуе на ўкраінскай мове. У той час святароў-блогераў было вельмі мала, таму Сяргей пабываў амаль на ўсіх вялікіх тэлеканалах Украіны.
— Змены адбыліся пазней, падчас кавіду, — тлумачыць манах, — калі шмат людзей, і святароў у тым ліку, увайшлі ў гэтую медыйную сферу. Тады неабходнасць закрываць храмы стварыла такое пытанне: «А як я магу дайсці да маіх прыхаджан?» І спачатку пачаліся нейкія трансляцыі праз тэлефоны. Хтосьці пачаў лепш гэта рабіць, набыў камеру, мікрафоны. Ну, і далей некаторыя святары пачалі пашыраць аўдыторыю. Напрыклад, адзін цярнопальскі святар вядзе кулінарнае шоў на мясцовым тэлеканале, і паралельна размаўляе на духоўныя тэмы. Гэта весела, і сваю публіку знаходзіш.
Канал «Падре Серж» працуе дагэтуль. Сяргей адзначае, што многім людзям цяжка прыйсці ў царкву і наўпрост нешта запытаць у святара. А такі фармат дазваляе ананімна атрымаць адказ, і нешта ўдакладніць праз каментары.
На канале выходзяць розныя відэа: і на тыпова царкоўныя тэмы (кшталту «што рабіць са свянцонай вадой»), і на больш шырокія (напрыклад, колькі зарабляе манах). Святар кажа, што не мае на мэце перацягваць кагосьці ва ўніяцтва.
— Я канешне цешуся, калі людзі становяцца ўніятамі, але мяне глядзяць і праваслаўныя, і пратэстанты. У каментах бывае ўсякае: і спрэчкі былі, прыходзілі некаторая і з хэйтам, але зашмат я яго не бачыў. У асноўным людзьмі мой кантэнт успрымаецца пазітыўна.
Паспрабаваць сябе ў TikTok Сяргей вырашыў нядаўна — летам 2023 года. На той час мужчына ўжо год вучыўся ў польскім Торуні на журналіста і нядрэнна ведаў гутарковую польскую мову. Ён кажа, што здымаць тыктокі вырашыў «па фану», але яму спадабалася.
— Плюс TikTok у тым, што туды ты можаш зайсці без рэкламы, з нуля, і твае відэа могуць паглядзець тысячы, сотні тысяч і мільёны людзей. TikTok дае такую магчымасць. І я мушу дайсці да большай колькасці людзей, бо для мяне важна агаласіць Евангелле і расказваць пра Царкву.
На новай пляцоўцы святар адразу знайшоў аўдыторыю, у тым ліку беларусаў, якія проста пабачылі свайго чалавека. Большасць гледачоў, канешне, палякі, і яны таксама адчуваюць нешта сваё. Сяргей тлумачыць, што гэта і не дзіўна, бо ўніяцтва не чужое для Польшчы, нават у Варшаве стаіць грэка-каталіцкая царква, якая была там пабудаваная яшчэ да падзелаў Рэчы Паспалітай.
— У асноўным каменты пазітыўныя, — задаволены блогер. — Канешне, бывае, што залятаюць тролі: некаторыя з іх любяць пакрытыкаваць мяне за тое, што я беларус, іншыя — за тое, што я грэка-каталік, а трэція — за тое, што я святар. Але я ўжо прывык да такіх каментароў, ды і з другога боку, яны дапамагаюць прасоўваць відэа. Так што можна іх нават пазітыўна ўспрымаць.
«Уніяцкая царква маленькая»
Сяргей кажа, што ўжо ёсць запыт ад людзей, каб ён нешта рабіў па-беларуску. Але пакуль няма той беларускай аўдыторыі, з якой ён мог бы перасекчыся. Калі манах служыў ва Украіне, то звяртаўся да ўкраінцаў на іх мове. У Торуні блогер штодня размаўляе па-польску, таму і выходзіць «у эфір» ужо на гэтай мове.
— Калі я скончу вучобу, то, можа быць, застануся ў Польшчы. І калі я тут пачну працаваць з беларускай супольнасцю, то, канешне, я перайду да працы па-беларуску, — упэўнены святар.
Наогул, разважаючы пра ўніяцтва і Беларусь, Сяргей адзначае, што грэка-каталіцкая царква традыцыйная для нашай краіны. Яна працягвае функцыянаваць з 1596 года, хоць і былі спробы яе знішчыць пры царскай Расіі і СССР.
— Вялікая хваля адраджэння была ў 1930-ыя гады, так званая «нэаунія». І ў канцы 1980-ых — напачатку 1990-ых наша Царква зноў нібы з неадкуль з’явілася. І шмат людзей «ад нуля» ўвайшлі ў гэтую традыцыю, пачалі вывучаць гісторыю, практыкаваць веру. Але, канешне, Царква невялікая. Па афіцыйных дадзеных, у ёй знаходзяцца каля пяці тысяч чалавек.
Сяргей упэўнены, што ў Беларускай грэка-каталіцкай царквы вялікі патэнцыял. Нават зараз яна жыве нармальным упарадкаваным жыццём, туды ходзяць людзі, сем’і з дзецьмі. А ў мінулым годзе Папа Рымскі заснаваў для беларускіх уніятаў Апостальскую адміністратуру ў Мінску.