У Польшчы створаная інфраструктура падтрымкі беларускай меншасці — карэнных беларусаў краіны. Найстарэйшая арганізацыя — Беларускае грамадска-культурнае таварыства (БГКТ). Штогод яно арганізуе ў розных месцах Падляшша каля 40 мерапрыемстваў: канцэртаў, фестываляў, конкурсаў. Доўгі час — ажно да 2022 года — таварыства захоўвала супрацоўніцтва з беларускімі афіцыйнымі асобамі. Чаму так сталася і чаму арганізацыя доўга не выказвалася пра сітуацыю ў Беларусі, чым яна займаецца і як фінансуецца, MOST расказаў старшыня БГКТ Базыль Сегень.
БГКТ з’явілася ў 1956 годзе. Да 1980-х арганізацыя поўнасцю фінансавалася польскай дзяржавай, у яе структурах было створана шмат працоўных месцаў, аддзелы таварыства існавалі ў многіх гарадах Падляшша і нават у Варшаве. Былі членскія білеты і ўзносы.
Зараз фінансаванне ў асноўным праектнае — БГКТ складае заяўкі, у асноўным да Міністэрства ўнутраных спраў, і атрымлівае грошы на канкрэтныя мерапрыемствы. Пастаянныя ж датацыі, якія таварыства атрымлівае ад дзяржавы, пакрываюць, па словах старшыні, толькі палову аклада бухгалтара.
Але Базыль Сегень упэўнены, што па маштабах дзейнасці і колькасці прыхільнікаў таварыства застаецца найбуйнейшым сярод усіх арганізацый беларускай меншасці.
Самыя вядомыя мерапрыемствы
Самае вядомае і буйное мерапрыемства, якое арганізуе БГКТ, — фестываль «Беларуская песня». Ён ладзіцца ў форме конкурсу, звычайна з лютага па сакавік. Спачатку арганізуюцца раённыя адборы ў Беластоку, Гайнаўцы, Бельск-Падляшскім, Семятычах, Дамброве Беластоцкай. Тыя, хто займае першыя-трэція месцы, трапляюць на цэнтральны адбор, які праходзіць у Гайнаўскім доме культуры. Камісія ацэньвае ўдзельнікаў у самых розных катэгорыях: спевы а капэла, спевы пад жывую музыку, жывыя спевы, але пад фанаграму. Ёсць падзелы на сола, дуэты, тэрцэты, квартэты, калектывы, хоры.
— Тыя, хто займае першыя месцы, звычайна потым выступаюць на гала-канцэрце, — тлумачыць Базыль. — Мы стараемся, каб ён адбываўся ў самым прэстыжным месцы Беластока — ужо шмат гадоў ён адбываецца ў канцэртнай зале Падляшскай оперы і філармоніі.
Сярод буйных штогадовых мерапрыемстваў, якія гэтым летам будзе ладзіць БГКТ, яго старшыня вызначае:
- Свята беларускай культуры ў Беластоку, якое ў гэтым годзе адбудзецца 23 чэрвеня ў парку Плянты. Наведвальнікаў чакае вялікі канцэрт, кніжны кірмаш, кірмаш рамеснікаў;
- Купалле ў Белавежы, якое ў гэтым годзе адбудзецца 6 ліпеня;
- Дзесяць беларускіх народных фэстынаў у розных месцах Падляшша, у тым ліку ў Гайнаўцы, Бельск-Падляшскім, Семятычах, Дубічах Царкоўных, Войшках. Першы фэстын бягучага сезона адбудзецца ўжо 15 чэрвеня ў Орлі.
Тое, што гэтыя і іншыя праекты працягваюць рэалізоўвацца на працягу многіх гадоў, Базыль Сегень лічыць галоўным дасягненнем БГКТ.
— Мы працягваем быць вельмі актыўнымі на культурнай ніве беларускай меншасці, — тлумачыць ён. — Ды і на фоне ўкраінцаў ці іншых меншасцей мы выглядаем цалкам прыстойна і, смею казаць, робім найбольш розных мерапрыемстваў. Гэта, лічу, наш самы вялікі поспех, нават нягледзячы на кадравыя і іншыя праблемы.
Але на новыя праекты атрымаць фінансаванне ад Міністэрства ўнутраных спраў вельмі цяжка, дадае Базыль Сегень. Напрыклад, каб правесці конкурс «Пявучыя сем’і», заяўку падавалі некалькі гадоў запар, перш чым яе нарэшце ўхвалілі і выдзелілі сродкі.
«З палітыкай нам не па дарозе»
Да праблем БГКТ яго старшыня адносіць і рэпутацыю Беларусі, якая склалася пасля выбараў 2020 года і пасля пачатку вайны ва Украіне. Базыль Сегень падкрэслівае, што хоць таварыства не мае нічога агульнага ні з Лукашэнкам, ні з цяперашняй беларускай уладай, у яго «таксама трохі трапляюць рыкашэтам негатыўныя адносіны».
Магчыма, падазронае стаўленне да БГКТ было звязанае з яго папярэднім старшынёй Янам Сычэўскім, пры якім таварыства не выказвалася пра падзеі ў Беларусі і працягвала супрацоўніцтва з беларускімі ўладамі нават пасля выбараў 2020 года.
— Мы раней супрацоўнічалі з Беларуссю, — расказвае старшыня. — У асноўным гэта было запрашэнне музыкальных калектываў, і гэта практыкавалася дзесяцігоддзямі, мабыць, мяне яшчэ на свеце не было, калі гэта рабілася. Пасля 2020 года мы, калі не памыляюся, падтрымлівалі нейкія кантакты з дыпламатамі. Але я не магу за гэта адказваць, бо не быў тады яшчэ старшынёй БГКТ. Папярэдні старшыня, які зараз ужо не жыве, меў сваё бачанне дзейнасці нашага таварыства.
Вядома, што ў 2001 годзе Ян Сычэўскі прыязна выказваўся пра Лукашэнку і яго форму праўлення, а таксама выступаў супраць далучэння Польшчы да Еўрасаюзу. Удзельнічаў у IV Усебеларускім народным сходзе. У 2016 годзе яму ўручылі беларускі ордэн Францыска Скарыны.
Базыль Сегень стаў старшынёй БГКТ у 2022 годзе. Тады ж было цалкам спыненае ўсё супрацоўніцтва з Беларуссю. Больш за тое, таварыства нарэшце акрэсліла сваю пазіцыю па сітуацыі ў Беларусі, а таксама па вайне ва Украіне.
— Мы паведамілі, што мы супраць вайны, якая вядзецца ва Украіне, супраць расійскай агрэсіі і што мы за дэмакратызацыю палітычнага і грамадскага жыцця ў Беларусі, — запэўнівае старшыня БГКТ. — Трэба разумець, што мы займаемся арганізацыяй культурных мерапрыемстваў. З палітыкай нам не па дарозе, прынамсі мая пазіцыя такая як старшыні таварыства. Але сітуацыя вымагала ад нас яснай дэкларацыі таго, на якім баку мы стаім. І такая заява была зробленая, апублікаваная. Але я не бачу патрэбы на кожным кроку падкрэсліваць, што мы прадэмакратычныя, што мы супраць Лукашэнкі і гэтак далей. Адзін раз мы пра гэта сказалі, і прынамсі я сваёй пазіцыі не змяніў. Мы — за дэмакратызацыю, за нармальнае палітычнае, эканамічнае і грамадскае жыццё. І супраць таго, што зараз робіцца: пераследу, кідання ў турму і стварэння ўсялякіх іншых праблем сваім жа грамадзянам.
«Вельмі мала дыяспара тут яшчэ знаходзіцца»
Гаворачы пра беларускую дыяспару, Баззыль Сегень адзначае, што БГКТ не мае з ёй агульных праектаў, дамоў ці пагадненняў. Але разам з тым адзначае, што таварыства на свае мерапрыемствы «высылае запрашэнні ўсім».
Па словах старшыні БГКТ, дзеці беларусаў з дыяспары ўдзельнічаюць у дэкламатарскіх і песенных конкурсах. Таксама і дарослыя беларусы, якія прыехалі з Беларусі, прымаюць удзел у фестывалях.
— Мы адкрытыя для ўсіх удзельнікаў, незалежна, з дыяспары яны ці з меншасці, — падсумоўвае Базыль Сегень.
Ён заўважае, што беларуская культура ў Польшчы і Беларусі развівалася па-рознаму, і той вопыт, які эмігранты прывозяць з сабой, «дакладна ўзбагачае прапанову для гледачоў і ўдзельнікаў».
— Людзі прывозяць з сабой нейкія новыя думкі, узоры, спосаб прэзентацыі культуры. Розныя канцэпцыі, розныя бачанні. Як кажуць, ад прыбытку галава не баліць. Але я лічу, што вельмі мала гэтая дыяспара тут яшчэ знаходзіцца. Я маю на ўвазе, што людзі, якія сюды прыехалі, пакуль маюць у галаве больш праблем эканамічных: знайсці працу, выправіць дзяцей у школу і гэтак далей. І калі такія патрэбы забяспечаныя, тады людзі пачынаюць думаць пра культуру. А пакуль, як я адчуваю, цікаўнасць да культуры ў дыяспары не масавая — толькі ў тых, хто працуе ў культуры, — кажа старшыня БГКТ.
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.