Які базавы мінімум польскай культуры павінен засвоіць эмігрант? Якія кнігі, кіно і песні наблізяць беларусам польскую ментальнасць? І якое «самае польскае месца ў Польшчы» трэба абавязкова наведаць замежніку? Такія пытанні мы задалі мінакам на вуліцах Беластока.
«Занусі таксама закранаў крэсовыя праблемы»
— Па-першае, параіў бы ім паглядзець «Мяжу» (Zielona granica. — Заўв. MOST) Агнешкі Холанд.
— А чаму?
— Чаму? Ну, гэта пра гэтыя памежныя праблемы, так? Якія паўсталі тут пасля ўварвання Расіі ва Украіну. Сёе-тое з Вайды, можа, Занусі — ён таксама закранаў такія крэсовыя праблемы.
— А што б вы параілі наведаць тут новым жыхарам Польшчы, якія прыехалі, напрыклад, з Беларусі? Ці ёсць месца найбольш польскае ў Польшчы?
— Самае польскае ў Польшчы? Ну, перадусім, гэта Кракаў, так? Вавель і ўсе помнікі вакол Вавеля, праўда?
***
— Музыка гурта Maanam, мая любімая, яна мне вельмі падабаецца. Ці, напрыклад, Myslovitz, Lady Pank — з больш папулярнай рок-музыкі. Кніга… Я думаю, што кнігі Вольгі Такарчук могуць быць цікавыя.
— Ці ёсць у Польшчы месца, якое варта наведаць беларусу, які прыязджае сюды, каб зразумець польскасць?
— Можа, не столькі польскія, але, напэўна, не менш важныя. Напэўна, для палякаў гэта або наша мора, або Вісла. Але для мяне як жыхаркі Падляшша — асабліва Буг і Нараў. Гэта рэкі, якія я люблю наведваць і бавіць ля іх час.
«Наш Папа Рымскі любіў бываць у Закапанэ»
— Кракаў, напрыклад, вельмі прыгожы горад. Гэта таксама залежыць ад каго, каму што падабаецца. Адзін чалавек можа паехаць у горы, і гэта можа яго ўразіць, іншы чалавек можа паехаць на мора. Так што гэта вельмі залежыць.
***
— Музей Другой сусветнай вайны ў Гданьску.
— Варта наведаць?
— Варта наведаць, пазнаёміцца з гісторыяй і перш за ўсё — культурай.
— Чаму менавіта гэты музей Другой сусветнай вайны? У Польшчы шмат музеяў.
— Гэта моцна б’е па гісторыі палякаў.
***
— Ну, Закапанэ, напэўна, самае знакамітае Закапанэ, бо наш Папа Рымскі таксама любіў там бываць. Закапанэ знакамітае, і Кракаў, вядома. А Беласток крыху далей, бо ён малавядомы, але яго трэба папулярызаваць.
«Пра такое імкненне да сучаснасці, якое не заўсёды збываецца»
— На жаль, мая польская мова вельмі дрэнная. Я амерыканец.
— А што можа дапамагчы замежнікам, напрыклад, беларусам з Беларусі ці амерыканцам з ЗША зразумець палякаў? Нейкі фільм, ці кніга, ці музычны трэк, нешта вельмі польскае.
— Ну, я сам вельмі люблю Зэнэка Мартынюка. Ён, ведаеце, вельмі драйвовы. Проста трэба знайсці адпаведную табе рэч. Шмат усяго ёсць: кнігі, фільмы, музыка — усё трэба паспрабаваць.
— Добра, Мартынюк, а яшчэ нешта, можа адну кнігу ці фільм?
— Ведаеце, можна было б перагледзець серыял «Чатыры танкісты і сабака». Я думаю, гэта дапаможа людзям адчуць польскую спадчыну, крыху гісторыі. Я ведаю, што гэта выдумка, але як ёсць.
***
— «Над Нёманам».
— Элізы Ажэшкі?
— Дакладна.
— Але чытаць ці глядзець экранізацыю?
— Можна і чытаць, і глядзець.
— А чаму менавіта гэты твор?
— Ён паказвае карціну жыцця ў тых краях.
***
— Такі, скажам, фон польскай культуры — гэта, адназначна, камедыя «Усе свае» Sami [swoi]. Была б тут да месца. Я б парэкамендаваў [паслухаць] нейкі альбом з 80-х: які-небудзь Lady Pank, можа быць, Perfect. З тых часоў польскай барацьбы за свабоду. Рэкамендаваў бы [прачытаць], магчыма, кнігу «Людзі бяздомныя» [Стэфана Жаромскага]. Або «Прадвесне», з матывам нейкага сну пра будучыню. Бо ёсць там матыў памяці пра карані, эміграцыі. Таму я думаю, што гэта шмат скажа пра сённяшнюю Польшчу і палякаў, а таксама пра апошнія гады. Пра такое імкненне да сучаснасці, якое не заўсёды збываецца.
***
— Схадзіць у які—небудзь паб і пасядзець з мясцовымі жыхарамі. Гэта культура, я б сказала, вельмі… Ну, такая нашая, праўда?
Самаіронія і мясцовы патрыятызм
— Можа, Гамбровіча [Witold Gombrowicz] і трошкі гэткай самаіроніі з Польшчы. Калі казаць пра літаратуру.
— Але ж хіба самаіронія характэрная для Польшчы?
— Не-не-не. Гэта нетыпова, але праўдзіва, я б так сказаў. І было б бліжэйшае знаёмства з намі. А калі казаць пра помнікі, то іх тут шмат. Можна было б пачаць з Кракава. Меншыя гарады, такія як Сандамір, Тарнаў, Люблін, Казімеж Дольны. Ну шмат, Гданьск напрыклад. Гэта тыповыя польскія гарады.
***
— Быў такі спявак disco polo на Беласточчыне. Вельмі папулярны ў часы нашай маладосці. Януш Ляскоўскі [Janusz Laskowski]. Але я не кажу пра польскасць. Гэта, можа, больш пра наш рэгіён. Такі мясцовы патрыятызм.
Шапэн і Сянкевіч усё яшчэ ў модзе
— Марыля Радовіч [Maryla Rodowicz], напрыклад. Апошнім часам я апантаная проста — слухаю Niech Żyje Bal Марылі Радовіч. Я б рэкамендавала гэта.
***
— Кнігі, на якіх я вырасла, і тая музыка. То-бок, Шапэн, Сянкевіч, Жаромскі. Можа, кажуць, што гэта састарэла, але для мяне гэта класіка. Варта будаваць нашу ідэнтычнасць на класічных элементах. Прынамсі, я з такой пазіцыі зыходжу. Таму, безумоўна, трылогія Сянкевіча. Безумоўна, такія элементы, якія з’яўляюцца вечнымі. І хоць кажуць, быццам яны выйшлі з абароту, але я думаю, што яны ўсё яшчэ ў модзе. І маюць прыхільнікаў.
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.