У час выканання баявых абавязкаў ва Украіне загінуў баец палка Каліноўскага і Міжнароднага легіёна, грамадзянін Польшчы, Пшэмыслаў «Кордзіян» Расевіч-Кучынскі. Раней ён быў валанцёрам у Гродне і вадзіў бясплатныя экскурсіі. Пра яго расказвае Hrodna.life.
Пшэмыславу было 36 гадоў. Ён меў беларускія карані, валодаў беларускай мовай і цікавіўся нашай гісторыяй і культурай. Ён лічыў Беларусь сваёй другой Бацькаўшчынай, адзначылі ў прэс-службе Палка Каліноўскага.
«Кордзіян паспеў прайсці не малы баявы шлях і ўсяляк намагаўся дапамагаць беларускім добраахвотнікам ва Украіне», — напісаў полк.
Мужчына загінуў 6 жніўня. 13 жніўня на Байковых могілках у Кіеве прайшла цырымонія развітання ў суправаджэнні ганаровай варты Узброеных сіл Украіны. На ёй прысутнічала маці загінулага. Яна трымала каля труны тры сцягі: Польшчы, Украіны і Беларусі, што сімвалізавала адданасць Пшэмыслава Расевіча-Кучынскага справам гэтых краін, піша Fakt.pl. Ваяра пахавалі, згодна з ягонай апошняй воляй, на Лычакаўскіх могілках у Львове.
Як Пшэмыслаў Расевіч-Кучынскі звязаны з Гроднам
У 2018−2019 гадах Пшэмыслаў жыў у Гродне, год быў валанцёрам у адной з грамадскіх арганізацый у межах міжнароднай праграмы абмену «Еўрапейскі корпус салідарнасці». Дапамагаў весці заняткі па польскай мове, ладзіць іншыя імпрэзы. Таксама ён праводзіў бясплатныя экскурсіі па горадзе на польскай і англійскай мовах — Free walking tour.
Знаёмыя з Пшэмыславам успамінаюць яго па-рознаму. «Быў спакойным і ветлівым, негаваркім», — расказаў адзін з гродзенцаў, які працаваў з ім у той час.
Пасля валанцёрства ў Гродне Пшэмыслаў пераехаў у Брэст. «Менавіта там яго цікаўнасць да беларускага раскрылася найбольш ярка», — адзначае гродзенец.
Іншая калега Пшэмыслава па валанцёрству ўспамінае, што ён быў «досыць шалёны чалавек».
Не забудзь падпісацца на MOST у Тэлеграм. Мы галоўнае медыя беларусаў у Польшчы.