Выставу «Калі сонца нізка — цені доўгія», прысвечаную Беларусі, зладзяць у Беластоку. Яна пачне працаваць ад 1 красавіка. Выстава стане «разважаннем пра кантэкст беларускага мастацтва і раскрые сувязі паміж архаічнай прыродай чалавека і нясмелым жаданнем разарваць кола рэпрэсіўных рэжымаў і іх сістэм» — так апісвае канцэпцыю падзеі куратарка Ганна Карпенка. Пра вайну ва Украіне, ад’езд з Беларусі і мастацтва як акт пратэсту мы паразмаўлялі з беларускім мастаком Bazinato, які будзе ўдзельнічаць у выставе.
Ухапіць след часу
Адкрыццё запланаванае на 18 гадзіну 1 красавіка ў беластоцкай Galeria Arsenał. Працы будуць размешчаныя тут да 13 мая.
Ад 10 чэрвеня да 25 верасня выстава будзе працаваць у Лейпцыгу, Galerie für Zeitgenössische Kunst.
У спісе мастакоў і мастачак, чые працы ўключаныя ў праект, наступныя імёны: Аляксандр Адамаў, Ірына Ануфрыева, Bazinato, Ян Гелда, Жанна Гладко, Сяргей Гудзілін, Эвеліна Домніч, Дзмітрый Гельфанд, Язэп Драздовіч, Захар Кудзін, Сяргей Лескець, Маша Мароз, Алёна Пазднякова, Ала Савашэвіч, Вольга Сазыкіна, Ганна Сакалова, Антон Сарокін, Маша Святагор, Уладыслаў Страмінскі, Сяргей Шабохін, Юра Шуст.
Назву выставы «Калі сонца нізка — цені доўгія» арганізатары тлумачаць так: «Беларускі філосаф Ігар Бабкоў апісаў Беларусь як “Каралеўства руінаў”, спасылаючыся на гісторыю заняпаду і сіроцтва, спалучаную з незвычайным багаццем гэтага месца, якое СМІ так часта называюць “terra incognita” Еўропы. “Руіны” вызначаюць межы вяртання любой цывілізацыі да “Прыроды”. Цені мінулага выяўляюцца прадвеснікамі нашых спробаў інтэрпрэтаваць, візуалізаваць і ўхапіць след часу, спакутаванага адсутнасцю і пераследам. Чым даўжэйшыя цені, тым меншыя нашы шанцы спазнаць праўду пра рэчы, што іх адкідаюць».
Адным з мастакоў, чыю працу глядач пабачыць на выставе, з’яўляецца Bazinato. Ён вядомы тым, што стварыў візуальнае афармленне Вуліцы стрыт-фуда ў Маладзечне, удзельнічаў у афармленні вуліцы Кастрычніцкай ў Мінску, стварыў скандальную інсталяцыю «Вялікая істота», якой невядомыя адарвалі рукі.
Bazinato называе сябе аўдыёвізуальным мастаком і даследчыкам. У Беласток ён прыехаў, каб далучыцца да праекта «Калі сонца нізка — цені доўгія». Мы распыталіся ў творцы, які багаж ён прывёз з Беларусі і што атрымае глядач ад удзелу ў выставе.
«Маладзечна стаў як выпаленая зямля»
— Як для цябе пачалася вайна?
— Адчуванне вайны было даўно. Можа, больш чым паўгода працую над гэтай тэмай — калі выбухне гэты гнайнік. З гэтым адчуваннем жыў з месяца ў месяц і быў упэўнены, што мы ўсе гэта адчуем. Гэта было на ўзроўні не мозгу, а хутчэй інтуіцыі.
23 лютага не мог сядзець дома, думаю, пахаджу, пагуляю па Маладзечне. За апошні час родны горад стаў пустым, таму што выехала шмат людзей, не толькі блізкіх, а і тых, з кім можна было сустрэцца і паразмаўляць. Горад стаў, як выпаленая зямля.
Сустрэўся з сяброўкай, зайшлі ў бар — а там усе святкуюць 23 лютага. У гэты момант проста накрыла: ну як можна жыць у гэтых рытуалах? Хаця зразумела, што для большасці гэта проста нагода і людзі не ўсведамляюць, што твораць, не думаюць, чаму і як святкуюць гэтае свята. Мне стала так кепска, прычым фізічна.
А пасля вечарам да мяне прыехалі сябры, і ўсе ў падвешаным стане. Нехта збіраўся таксама з’язджаць, нехта рыхтаваў дакументы. Адчуваеш, як рассыпаецца звыклы свет. Размаўлялі да чатырох раніцы, стваралі такую пляцоўку любові і клопату адзін аб адным. Адзін з сяброў застаўся на ноч. Прачынаюся каля 11 дня, і гэты сябар кажа: я паеду, а ты пакуль навіны не ўключай. А калі ўключыш, то памятай, што ў мяне ёсць домік, там заўсёды можна схавацца.
Я стараюся пачынаць дзень не з навін, бо яны змяняюць адчуванне да ночы. Але тэлефануе мама і кажа, што пачалася вайна, Расія напала на Украіну. І нешта абрынулася ўнутры. Пачаў глядзець навіны, сазваніўся з сябрам такі на паніцы: трэба на вуліцу выходзіць, рабіць транспаранты, расцяжкі. Выйшаў на Парашках (раён у Маладзечне — MOST) на вуліцу, пачынаю бегаць і крычаць: пачалася вайна, мы напалі, людзі, вы разумееце, там забіваюць! Мінакі глядзелі на мяне, як на вар’ята, пакуль сябар не адвёў убок.
У Беларусі цяпер людзі настолькі напужаныя, што нават пра вайну не будуць крычаць, будуць рабіць выгляд, што нічога не адбываецца. Дзясяткі гадоў вывучанай бездапаможнасці, калі пастаянна забіраюць голас, ужо і крычаць нічога не можаш, застаецца толькі думзлачын (thoughtcrime, тэрмін з кнігі Джорджа Оруэла «1984» — MOST).
Хаця я не ва Украіне, усё ўспрымаю вельмі адчувальна — шмат блізкіх, якіх бамбяць, якія бягуць ці сядзяць у падвалах. У Беларусі — пастаянная паніка і страх, людзі разбягаюцца. Паўсюль рэпрэсіі, паўсюль гвалт, працэсы, якія цябе размазваюць. Не разумееш, у чым цяпер твая роля, чым можна дапамагчы, дзе знайсці кропкі апоры. Упершыню ў жыцці зразумеў, што такое пункт невяртання.
Пакуль дабіраўся да Беластока, сустракаўся з многімі людзьмі, якія гэтак жа разгубленыя, бо ніз памяняўся з верхам, правілы руйнуюцца. Здавалася, забіваць чалавека нельга, бамбіць мірных жыхароў нельга, а тут бяруць і забіваюць. І не ведаеш, што праўда, а што хлусня.
«Многія раз’ехаліся, але сувязь засталася»
— Чаму ты вырашыў выехаць з Беларусі?
— Супала і выстава, і тое, што мне было ў Беларусі вельмі цяжка. Гэта моцны ўнутраны канфлікт — заставацца/з’язджаць, нешта рабіць/не рабіць нічога, як увогуле жыць, калі ў тваёй краіне дыктатура, а з яе тэрыторыі кідаюць бомбы.
Выстава беларускага мастацтва «Калі сонца нізка — цені доўгія» была запланаваная даўно. Яна разглядае доўгі гістарычны перыяд праз людзей, якія жылі на Беларусі, ведаюць Беларусь. Гэтае месца, якое доўгі час было згвалтаваным, змучаным, збітым. Але тут заўсёды была цывілізаваная натура. Разважанне пра ўзаемаадносіны Беларусі і беларусаў з навакольным светам, ролю краіны цяпер — пра ўсё гэта наш праект.
Многія творчыя, актыўныя людзі, гатовыя да перамен, сыходзяць з Беларусі, уліваюцца ў іншыя супольнасці. Свой код зліваюць з іншымі кодамі, як пры гэтым зафіксаваць, дзе ты яшчэ беларус, а дзе ўжо не, як мы пазнаем адзін аднаго? Пакуль фіксуемся на хуткіх сімвалах — гербах, сцягах. Гэта патрэбна, каб абазначыць сябе, а пасля весці дыялог з іншымі.
Зерні беларускай культуры раскідаліся вельмі шырока за апошні час — у Польшчы, Германіі, Грузіі, Чэхіі. У 2020 годзе загучала новая энергія, якая аб’ядноўвае многіх. Калі людзі адчулі, што ёсць агульнае жаданне, падтрымка, адзін аднаго нарэшце ўбачылі, такіх цудоўных і прыгожых. Працэс аб’яднання праз вуліцу, актыўнасці, дапамогі — усё гэта дало адчуванне прыналежнасці да супольнасці, у якой адзін погляд на будучыню, і гэта будучыня святла, а не цемры. Людзі завязаліся, стварылася грыбніца, нейрасетка. Так, многія раз’ехаліся, але сувязь засталася. Я на гэта гляджу пазітыўна, як на працэс, калі культуры ўзаемадзейнічаюць, але захоўваюцца.
Заставацца ў Беларусі мне было цяжка — хочацца рабіць шмат актыўнасцей, трансліраваць выказванні праз свае творы, такім жа чынам мастакі і ўплываюць на супольнасць. Але ці варта сядзець 15 сутак за тое, што скажаш, што супраць вайны? І што далей, ну, ты супраць. Хочаш, каб твой голас пачулі, але мы бачым, што дагрукацца ў цяперашніх рэаліях немагчыма, цябе хутчэй растопчуць. Так што я хацеў працягваць ствараць і глядзець на сітуацыю не з пазіцыі страху, а з пазіцыі аналізу. Нават па сабе адчуваю, што так прывык да ціску зверху, чакання нечага кепскага, да якога прывучвалі з дзіцячага садка, што без гэтага мне крыху дыскамфортна.
Абвінавачванняў наконт таго, што выехаў, пакуль не чуў. Магчыма, такая прэтэнзія была бы апраўданай. Але гэта выбар — калі чалавек разумее, што ўмовы, якія дазвалялі існаваць у прасторы, становяцца невыноснымі, а ты можаш змяніць іх на больш пладавітыя, дапамагаць іншым людзям, — канешне, ты з’язджаеш. Кожны ўзважвае сам, ці гатовы змірыцца з тым, што цяпер вось так. Некаторыя, хто абвінавачвае тых, хто выехаў, напэўна, хацелі б з’ехаць таксама, але не маюць сіл ці магчымасцей. Цяпер добры шанец, каб беларуская супольнасць аб’ядноўвалася і дапамагала адзін аднаму, у тым ліку тым, хто ў Беларусі. Мне падаецца, што гісторыя з абвінавачваннямі павінна закончыцца, бо нам важна перайсці ў эпоху эмпатыі і разумення іншага чалавека і яго гісторыі.
«Перамены прыходзяць праз пакуты»
— Як некаторыя беларусы могуць думаць, што Украіна сама сябе бамбіць?
— У постсавецкай прасторы шмат людзей, якія не цэняць і не паважаюць іншае жыццё. З аднаго боку нас можна абвінавачваць у тым, што мы дазволілі паўстаць над намі «царам». Але за апошнюю сотню гадоў у нас нават не было шанцу зразумець, што такое свабода, панюхаць яе, адчуць. Некаторыя выязджалі і вярталіся, але каб зруйнаваць гэтую жалезную сістэму, павінны адбыцца глабальныя перамены ў грамадстве. А перамены прыходзяць праз пакуты.
Эмпатыя — яна як мышца, яе можна пракачваць. Але адкуль эмацыйная глухасць? Я назіраў, чаму ў нас не прынята выказваць эмоцыі, танцаваць, калі хочацца — гэта боязь паказаць сябе, быць натуральным, таму што мы прывыклі, што за табой заўсёды нехта сочыць, хто пасля скажа, што нешта зрабіў не так. Лепш не вылазіць і не паказвацца.
Гэта робіць з асобы выціснутага балванчыка, які пры гэтым застаецца функцыянальна выдатным чалавекам — ходзіць на працу, любіць сям’ю. І вельмі лёгка забывае пра свае фантазіі і мары, пра тое, што хацеў маляваць або граць на скрыпцы, а не выконваць рытуальныя практыкі, якія выконваюць іншыя. Беларусы не ўмеюць паказваць эмоцыі, нават дыялогі між сабой весці не ўмеем. Тады нават калі бачыш разбураныя дамы, фотаздымкі, якія крычаць, — прасцей рабіць выгляд, што нічога не адбываецца.
«Для мяне як мастака застаецца адзіны акт пратэсту — працягваць займацца мастацтвам»
— Як мастацтва дапамагае перажыць страшныя часы?
— Мастацтва дапамагае асэнсаваць тое, што адбываецца, аналізаваць. Для некаторых гэта як псіхатэрапія, як нагода сустрэцца, абняцца адзін з адным, стварыць новы сэнс аб’екта мастацтва. Мастацтва дапамагае структураваць выказванні.
Выстава ў Беластоку дазволіць пабачыць вельмі розныя гісторыі, таму што ўсе мастакі маюць свой досвед і трансліруюць свае выказванні адпаведна ім. У кожнага мастака будзе сваё выказванне пра тое, што адбываецца цяпер. Менавіта мастацкія вобразы могуць дапамагчы паглядзець на сітуацыю зусім па-новаму. Для мяне мастацтва — тое, што мяне ратуе і дапамагае дапамагаць іншым.
— Пра што твая праца, якая будзе браць удзел у выставе?
— Асэнсаваць усё, што адбываецца найперш у сабе — з гэтай думкай я і прыехаў у Беласток з інсталяцыяй «Калі спячы прачнецца, свет стане іншым». Гэта адсылка да твору Герберта Уэлса. Мая праца — пра тое, што чалавек знаходзіць нішу, у якой адчувае сябе камфортна. Але яе вельмі лёгка разарваць. Таму кожнаму спатрэбіцца перавынаходзіць рэальнасць, эстэтыку свету, мову і тэрміны. Таму што мінулыя тэрміны не працуюць, яны прыводзяць зноў і зноў да тых жа самых памылак, да свету, дзе мы робім тыя ж злачынствы і гэтак жа ненавідзім адзін аднаго.
Разважаю пра эпоху, якая цяпер змяняецца. Бо я вырас з думкай, што жыццё можна кантраляваць, а аказваецца, што гэта не так. Ты не можаш кіраваць жыццём, прагназаваць яго асабліва таксама не можаш. А праблемы, канфлікты яшчэ з генетычнай памяці збіраюцца ў вялізную пухліну. Пра тое, што важна знайсці пункт зборкі, сваё месца сілы, якое можа апынуцца ў самім сабе ці нейкім месцы. Так, свет пастаянна змяняецца. Гэтыя новыя сэнсы вакол могуць моцна ўплываць, але важна выбудаваць для сябе аснову, на якой ты стаіш, непарушныя правілы.
Для мяне як мастака застаецца адзіны акт пратэсту — працягваць займацца мастацтвам. І ствараць прастору любові і клопату, наколькі гэта магчыма.