Беларускія студэнты, якія атрымліваюць у Польшчы стыпендыі па праграме EU4 Belarus, паведамілі пра затрымку выплат. Пра праблему стала вядома яшчэ ў мінулым навучальным годзе. А ў новым спазненні працягваюцца, скардзяцца MOST студэнты з Познані. MOST пагутарыў з імі і накіраваў запыты арганізацыям, якія рэалізуюць праграму.
Праграма EU4 Belarus накіраваная на дапамогу рэпрэсаванай акадэмічнай супольнасці. Яна падтрымлівае беларусаў у чатырох сферах: грамадзянская супольнасць, незалежныя СМІ, моладзь і малы бізнес, а таксама ахова здароўя. Стыпендыю ў памеры 450 еўра ў месяц могуць атрымаць беларускія студэнты, якія вучацца ў Літве, Латвіі, Чэхіі і Польшчы. Студэнты запэўніваюць, што гэтай сумы мусіць хапаць на арэнду пакоя, ежу, лекі. Стыпендыя размяркоўваецца літоўскай арганізацыяй CPVA, якая перадае сродкі Нацыянальнаму агенцтву акадэмічных абменаў (NAWA) у Польшчы.
Студэнты мяркуюць, што 450 еўра — гэта даволі сур’ёзная падтрымка, асабліва для тых, хто не мае сталай працы. А затрымка выплат стварае фінансавыя цяжкасці для маладзёнаў.
«Быў вымушаны пазычаць грошы»
Ілля, студэнт універсітэта Адама Міцкевіча ў Познані, сутыкнуўся з затрымкамі ад самага пачатку вучобы:
— Толькі ў сакавіку я атрымаў стыпендыю, якую мусіў атрымліваць штомесяц з кастрычніка [2023 года]. Да гэтага ў мяне была стыпендыя Каліноўскага. Мне хапала на жыццё тых грошай, але потым мне давялося ад яе адмовіцца, бо па правілах нельга карыстацца дзвюма стыпендыямі адначасова. У часы затрымкі стыпендыі ад EU4 Belarus я быў вымушаны пазычаць грошы ў блізкіх людзей, каб пакрыць выдаткі на арэнду жытла.
Тры месяцы без стыпендыі стварылі фінансавыя цяжкасці ў жыцці студэнта. У яго як раз з’явіліся сур’ёзныя праблемы са здароўем, якія патрабавалі неадкладнага лячэння і кантрольнага агляду кожныя два тыдні. Праз нявырашаныя праблемы са здароўем Ілля не можа ўладкавацца на працу: патрэбная адмысловая даведка аб добрым стане здароўя.
Калі грошай стала не хапаць на базавыя патрэбы, Ілля звярнуўся за тлумачэннямі да службы падтрымкі EU4 Belarus, якую прадстаўляе літоўская арганізацыя CPVA. Там яму адказалі, што ён павінны дасылаць пасведчанне, што з’яўляецца студэнтам.
А пазней высветлілася, што студэнт павінен дасылаць такія дакументы штомесяц па пошце да 25 чысла. Каб атрымаць пасведчанне, даводзіцца турбаваць супрацоўнікаў універсітэцкай бухгалтэрыі, а пасля выдаткоўваць грошы на паштовае адпраўленне.
Але нават пры своечасовым выкананні гэтага патрабавання няма гарантыі, што стыпендыя прыйдзе адразу. Па словах Іллі, у новым навучальным годзе затрымкі выплат працягнуліся. На 29 кастрычніка 2024 года Ілля заставаўся без стыпендыі. Ён неаднаразова звяртаўся да NAWA па электроннай пошце, але адказы не задавальнялі студэнта:
— Яны выглядаюць так, як быццам іх генерыруе бот. У паведамленнях абяцалі вырашыць праблему ў бліжэйшы час, але я разумею, што гэта можа заняць паўтара месяца, калі не больш.
Ілля кажа, што дасылаў сертыфікат задоўга да 25 чысла, як патрабуе NAWA, але агенцтва ўсё роўна не атрымлівала ліст да гэтай даты. Гэта дае падставы супрацоўнікам не выплачваць грошы ў тым жа месяцы. На ягоную думку, магчымасць адпраўкі сертыфіката праз e-mail спрасціла б жыццё беларускім студэнтам.
«Калі б я вучыўся вочна і разлічваў на гэтую стыпендыю, то ўжо даўно памёр бы з голаду»
Сяржук, выпускнік Эканамічнага ўніверсітэта ў Познані, паведаміў, што сутыкнуўся з затрымкай стыпендыі ад самага пачатку яе зацвярджэння:
— Калі польскім універсітэтам уласціва прызнаваць стыпендыі ў кастрычніку, а першы плацеж рабіць 30 лістапада адразу за два месяцы, то тут усё пайшло не так, — кажа ён пра сітуацыю мінулага года.
Агулам затрымка выплат склала 10 месяцаў. Прычынай была адсутнасць дамовы паміж літоўскай CPVA і польскай NAWA, а таксама частыя пераносы тэрмінаў вырашэння пытання. Пасля падпісання дамовы спатрэбіўся час на рэгістрацыю ў сістэме NAWA і далучэнне дакументаў.
Сяржук атрымаў стыпендыю за восем месяцаў напрыканцы ліпеня 2024 года. Выплаты за астатнія два месяцы (чэрвень-ліпень) ён атрымаў у жніўні, бо пацвярджэнне студэнта датавалася траўнем. Для гэтага хлопцу давялося браць новае пацвярджэнне ад ліпеня.
— Агулам фінансавых цяжкасцяў не было, бо ўласна для гэтага я і працаваў. Але калі б я вучыўся вочна і разлічваў на гэтую стыпендыю, то ўжо даўно памёр бы з голаду, — распавядае Сяржук.
«Было адчуванне, што да мяне ставяцца як да жабрака, які вымольвае грошы»
Соня карыстаецца стыпендыяй год.
— Упершыню я атрымала стыпендыю толькі праз 10 месяцаў. Пасля яе атрымання я змагла развітацца з усімі пазыкамі, якія давялося браць за гэты час, наведала лекараў і адклала рэштку грошай на будучыню, — дзеліцца дзяўчына.
Падчас затрымкі выплат студэнтка не магла планаваць сваё жыццё, бо служба падтрымкі EU4 Belarus, па словах дзяўчыны, пастаянна мяняла даты, калі павінна была прыйсці стыпендыя:
— Было марнае ўяўленне, што хутка з’явяцца грошы, толькі трэба працягнуць да пэўнага месяца. Было б нашмат лягчэй, каб аб гэтым папярэдзілі загадз.
Дзяўчына неаднаразова звярталася як у службу падтрымкі EU4 Belarus, так і непасрэдна ў CPVA і NAWA. З апошняй у дзяўчыны «было адчуванне, што да яе ставяцца як да жабрака, які вымольвае грошы».
Праз доўгую затрымку Соня разам з іншымі стыпендыятамі EU4 Belarus задавалася пытаннем, чаму NAWA і CPVA не здолелі падпісаць дамову за такі працяглы час. Студэнты разам пісалі лісты ў Міністэрства адукацыі Польшчы, каб высветліць праблему. Аднак і там яны не атрымалі зразумелага адказу:
— Мы пабачылі фармальныя адпіскі, якія ніяк не паўплывалі на сітуацыю. Нам сказалі, што дамова была падпісаная толькі ў траўні, а NAWA для гэтага рабіла ўсё магчымае.
Соня таксама пісала лісты беларускім дэмакратычным аб’яднанням, звязаным з адукацыяй, каб паскорыць вырашэнне праблемы. Задзіночанне Беларускіх Студэнтаў і Моладзевы Блок спрабавалі вырашыць сітуацыю, дасылаючы лісты ў CPVA і NAWA, а таксама ўдзельнічалі ў агульных сустрэчах з гэтымі арганізацыямі і Еўракамісіяй.
— Агулам дэмакратычныя арганізацыі рабілі ўсё, што маглі. Без іх падтрымкі ўвесь працэс зацягнуўся б нашмат даўжэй, — расказвае студэнтка.
NAWA: «Калі студэнты дасылаюць сертыфікаты да 25 чысла, то атрымліваюць стыпендыю напрыканцы месяца»
MOST звярнуўся ў дзве арганізацыі — літоўскую CPVA і польскую NAWA — з пытаннямі пра прычыны затрымак выплат.
«Затрымкі ў выплаце стыпендый звязаныя з апошнім з трох кантрактаў, падпісаных NAWA. Яны з’яўляюцца вынікам не дзейнасці Нацыянальнага агенцтва па акадэмічным абмене, а цяжкасцяў, звязаных з падлікам і прыняццем расходаў каардынатарам Праграмы EU4 Belarus — CPVA», — адказалі ў офісе камунікацыі NAWA.
Таксама там адзначылі, што агенцтвам былі прынятыя ўсе неабходныя меры для таго, каб студэнты атрымалі стыпендыю як мага хутчэй. NAWA пачала працу над выплатамі на наступны дзень пасля падпісання пагаднення з CPVA, што адбылося 22 траўня 2024 года. Сярод іншага ў Нацыянальным агенцтве распавялі, што яно павялічыла колькасць супрацоўнікаў, каб паскорыць працэс выплат.
MOST задаў удакладняючыя пытанні пра затрымкі, якія працягнуліся ў кастрычніку 2024 года, а таксама пра неабходнасць дасылаць пасведчанні студэнтаў у папяровай форме. Вось што нам адказалі:
- Згодна з дамовай, падпісанай паміж NAWA і CPVA, студэнты павінны дасылаць пацвярджэнне кожны месяц, за які атрымліваюць стыпендыю;
- Форма сертыфіката можа быць як папяровай, так і электроннай. Але ў іх мусіць стаяць подпіс упаўнаважанага супрацоўніка ўніверсітэта;
- Калі студэнты дасылаюць сертыфікаты да 25 чысла, то атрымліваюць стыпендыю напрыканцы месяца. Калі пасля 25-га, то ў наступным месяцы.
NAWA не ўдакладніла, чаму студэнты, якія своечасова дасылаюць сертыфікаты, атрымліваюць стыпендыі з затрымкай.
CPVA: «Выплачана больш за 2 млн еўра»
CPVA MOST задаў пытанне пра прычыну затрымак і неабходнасць адпраўкі папяровых пасведчанняў. На запыт арганізацыя адказала даволі хутка:
«Праграма SALT з 2021 года выдзяляе стыпендыі студэнтам, якія былі адлічаныя або вымушаныя пакінуць Беларусь з палітычных прычын. З моманту запуску праграмы сотні студэнтаў ужо атрымалі стыпендыі, і на сённяшні дзень было выплачана больш за 2 млн еўра.
З тэхнічных прычын была затрымана выплата стыпендый на 2023/2024 навучальны год. Аднак у ліпені 2024 года ўсім студэнтам, якія заключылі пагадненне з NAWA і прадставілі поўны набор неабходных дакументаў, былі выплачаныя стыпендыі з кампенсацыяй задняй датай», — адзначыла Аўстэя Вілкелітэ, намесніца начальніка аддзела праектаў міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне развіцця.
Пры гэтым інфармацыя пра далейшыя затрымкі была новай для літоўскага агенцтва, і яно запытала інфармацыю пра студэнтаў, якія сутыкнуліся з затрымкамі пасля ліпеня 2024 года, іх прыкладную колькасць. Мы накіравалі гэтыя дадзеныя.
У CPVA адзначылі, што штомесячны сертыфікат патрабуецца як доказ працягу рэгістрацыі згодна з дамовай паміж NAWA і CPVA. Студэнты могуць высылаць сертыфікаты раз на некалькі месяцаў, але атрымліваць стыпендыю змогуць толькі за папярэдні перыяд, а не наперад. Хоць арганізацыя не патрабуе, каб сертыфікат быў папяровым і дасланы праз традыцыйную пошту, у яе існуюць строгія правілы адносна сапраўднасці дакументаў для размеркавання выдаткаў. Таму NAWA можа выстаўляць любыя патрабаванні да студэнтаў.
У чым тут праблема
Студэнты кажуць, што пра магчымасць адпраўкі сертыфікатаў у электронным выглядзе ім стала вядома толькі 15 кастрычніка 2024 года. Раней NAWA не паведамляла пра гэта, і таму ўвесь час пасведчанні дасылаліся праз традыцыйную пошту.
Атрымаць заверанае электроннае пасведчанне познаньскім студэнтам не так проста. Супрацоўнікі бухгалтэрыі ўніверсітэта не могуць паставіць свой подпіс на дакуменце; яны могуць толькі даць скан пасведчання (без подпісу) або сам электронны сертыфікат. Згодна з правіламі, подпіс можа паставіць толькі прарэктар універсітэта, які прадстаўляе дзяржаўную арганізацыю. Але спачатку трэба атрымаць подпіс дэкана факультэта. Увесь гэты працэс займае шмат часу, што стварае вялікія нязручнасці для маладзёнаў.
— Калі агенцтву патрэбныя доказы, што стыпендыят з’яўляецца студэнтам і не быў адлічаны, гэта можна запытаць у самога ўніверсітэта, які захоўвае гэтую інфармацыю, — дзеліцца адзін са студэнтаў.
Навучэнцам часта даводзіцца звяртацца ў агенцтва, каб удакладніць, ці атрымалі іх лісты. Яны запэўніваюць, што супрацоўнікі NAWA часта губляюць своечасова дасланыя пасведчанні, што прыводзіць да затрымак у атрыманні стыпендый. Ім хацелася б хутчэйшых адказаў на запыты.
Падрыхтавала Кацярына Луцэвіч