Панядзелак, 19 мая 2025
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

«Я і цяпер не згублюся ў Гродне». Пагутарылі з рэпатрыянтам, які пераехаў у Польшчу ў 1946 годзе, але дагэтуль памятае родны горад

Руслан Кулевіч Руслан Кулевіч
21 лютага 2025, 17:34
Гісторыі
A A
Генрык Усціла

Генрык Усціла. Фота: MOST

Генрык Усціла нарадзіўся ў 1929 годзе ў Гродне. У 1935 годзе яго сям’я набыла зямлю ў горадзе і пабудавала там дом. У гэтым доме сям’я Усцілаў перажыла Другую сусветную вайну і пражыла да пераезду ў Польшчу ў 1946 годзе. Цяпер ён успамінае дзяцінства, вайну і рэпатрыяцыю.

MOST сумесна з рэдакцыяй Hrodna.life аднаўляе цыкл гістарычных матэрыялаў з успамінамі гродзенцаў, народжаных у міжваенны перыяд. Гэта гісторыі, якія ўвойдуць у новую кнігу журналіста Руслана Кулевіча «Апошнія сведкі Гродна». Яна і пра тых гродзенцаў, што пасля вайны пераехалі ў Польшчу, і пра тых, што засталіся ў Беларусі. А некаторыя з герояў у савецкія часы наогул перабраліся ўглыб СССР.
Бацька Генрыка быў вайскоўцам і служыў у Чацвёртым палку занёманскіх уланаў. У 1920-х гадах ён быў вымушаны пайсці з войска па стане здароўя: на польска-савецкай вайне атрымаў абмаражэнне ног, што прывяло да хваробы і ампутацыі. Сям’я жыла за кошт гаспадаркі, дапамогі, якую атрымліваў бацька, а таксама працы маці, якая падпрацоўвала ў розных месцах.
Чацвёрты полк занёманскіх уланаў (4 Pułk Ułanów Zaniemeńskich) атрымаў сваю назву ў гонар таго, што быў першым польскім палком, які пераправіўся праз Нёман у 1919 годзе ў час польска-савецкай вайны 1919−1921 гадоў. Пасля заканчэння гэтага канфлікту і да верасня 1939 года размяшчаўся ў Вільні.
Генрык Усціла
Фотаздымкі з архіва Генрыка Усцілы

Вучоба на Паўночнай, шпацыры па набярэжнай і паходы на Рыбны рынак

Генрык вучыўся ў школе № 6 на Паўночнай вуліцы (сённяшні корпус аграрнага ўніверсітэта). Падчас так званых «першых саветаў» (1939−1941) школу падзялілі. Хлопец працягнуў навучанне ў тым жа будынку, але ўжо ў школе № 4.

— Вучыўся там да 1941 года. Усе класы адрозніваліся. Напрыклад, у дзяўчынак былі розныя фартухі, а ў хлопцаў — кукарды. У школе не было спартзалы, таму заняткі праводзіліся на вуліцы каля фабрыкі кавы на вуліцы Паўночнай. Помню гэты пах кавы, які разносіўся ў паветры. Са школьных гадоў запомніліся зборы сродкаў на будаўніцтва іншых школ. Дзеці збіралі металалом.

У 1935 годзе сям’я Усцілаў пераехала на вуліцу Падпярэселка, дзе набыла зямлю і пабудавала дом.

— Недалёка быў Нёман, любіў гуляць па набярэжнай Перацкага. Каталіся на цеплаходах «Ягайла» і «Ядвіга». Плавалі па Нёмане да Мелавых гор, а потым праз лес вярталіся дадому. Побач была вёска Пярэселка, там мы часта праводзілі час.

Набярэжнай Перацкага называлася набярэжная ў падножжы Старога і Новага замкаў – ад піўзавода да Гараднічанкі. Яе пабудавалі ў 1934 годзе і назвалі ў гонар Браніслава Перацкага — польскага міністра ўнутраных спраў, якога ў тым жа годзе забілі ўкраінскія нацыяналісты.
Генрык Усціла
Сям’я Усцілаў. Фота з архіва Генрыка Усцілы
Сям’я Усцілаў. Фота з архіва Генрыка Усцілы

Генрык успамінае і паходы на Рыбны рынак у цэнтры горада. Каб дабрацца туды з Падпярэселкі, трэба было прайсці праз раён Завяршчызна і раку Гараднічанку, а потым па ўзгорку на Траецкую.

— У Гродне да вайны было шмат яўрэяў. Мая мама часта купляла ў іх прадукты на рынку, у тым ліку рыбу, якую лавілі не толькі ў Нёмане, але і ў іншых месцах.

Рыбны рынак знаходзіўся ў яўрэйскім раёне Гродна, прыкладна на месцы стаянкі каля сённяшняй крамы «Абухаўская» на Вялікай Траецкай.

Спачатку не чакалі саветаў, потым не чакалі немцаў

У верасні 1939 года Генрыку было 10 гадоў. Прыход саветаў у Гродна ён памятае па абрыўках сваіх успамінаў і расказах бацькоў.

— Тады інфармацыя так хутка не даходзіла, як цяпер. Не ва ўсіх было нават радыё, і пра вайну з немцамі ў верасні 1939 года мы даведаліся, калі ўбачылі нямецкія самалёты над горадам. Памятаю, у той час мы з маці былі на Рыбным рынку. Падчас налёту мы хаваліся ў браме. Мы не думалі, што ўсё будзе так сур’ёзна. Пачалася вайна з немцамі, а тут увайшлі саветы. Яны падпісалі таемны пакт Молатава-Рыбентропа і падзялілі Польшчу. Мы адчулі гэта, калі ў Гродна прыйшоў наш вораг — саветы. Яны адразу пачалі вывозіць «асаднікаў», якія атрымалі зямлю пасля савецка-польскай вайны. У першую чаргу вывезлі іх, потым інтэлігенцыю і сем’і вайскоўцаў.

Бацька Генрыка быў былым вайскоўцам і ўдзельнікам савецка-польскай вайны. Генрык лічыць, што іх сям’і пашанцавала, бо саветы не паспелі да іх дайсці.

— Гараджане проста так не паддаліся рускім. Ваенныя арганізацыі, гімназісты і вайсковыя часткі, што засталіся ў Гродне, выйшлі на абарону горада. Быў бой на вуліцах, палілі танкі. Помню, як на Паштовай вуліцы стаяў спалены танк, такія ж былі на Дамініканскай і Іерусалімскай. Бітва была жорсткай. Саветы прывязалі аднаго нашага юнака да танка. Некаторыя дзеці хадзілі ў горад, але мяне маці не пускала. Яна казала, што вайна — гэта не забавы, можа дрэнна скончыцца.

Генрык Усціла
Фурманка на плошчы Баторыя (сённяшняя плошча Савецкая). Фота з архіва Генрыка Усцілы

Упершыню савецкіх салдат Генрык убачыў на вуліцы Каліноўскага. Гэта было ўжо пасля захопу Гродна. Цэлая армія ішла з танкамі і накіроўвалася ў раён Пышкоў.

Пачалося новае жыццё. Пры першых саветах, якія былі з 1939 па 1941 гады, многіх прадуктаў харчавання не хапала. Трэба было стаяць у чэргах, каб атрымаць сваё. Часам выручала тое, што бацька быў інвалідам і яго прапускалі без чаргі. Сям’ю ратавала і ўласная гаспадарка.

Генрык успамінае, што немцаў у 1941 годзе таксама не чакалі ў Гродне. Усё пачалося раптоўна. Па ўспамінах гродзенца, каля чатырох гадзін раніцы яго сям’я прачнулася ад выбухаў.

— Пасля налётаў ахвяра была і ў суседняй Пярэселцы. Нямецкія самалёты ў першую чаргу бамбілі вайсковыя часткі і склады, але частка бомбаў трапіла на горад, дзесьці ў яўрэйскім квартале. Спачатку людзі беглі з Гродна, але хутка пачалі вяртацца. У горадзе на імгненне ні саветаў, ні немцаў не было. Немцы з’явіліся толькі на наступны дзень. І зноў новая ўлада, новыя парадкі і чэргі па хлеб.

Праца ў немцаў: «Брыгадзір часам мог ударыць бізуном. Але ў цэлым нармальна»

— Немцы, як асвоіліся, пачалі пераймяноўваць вуліцы, адкрываць свае ўстановы і крамы. Спачатку вопратку было немагчыма набыць у Гродне. Толькі абутак з драўлянай падэшвай, якую мы называлі «цвайшналі». Выпускала яе абутковая фабрыка, дзе працавала моладзь ад 14 гадоў. Мой калега Метэк Юшкевіч там працаваў, казаў, што яго норма была 16 пар у дзень. Ён з намі вечарамі не гуляў, помню, казаў, што яму трэба спаць, бо рана ўставаць і выконваць норму. За гэта амаль не плацілі грошы, толькі выдавалі прадуктовыя карткі.

Немцы лавілі на вуліцах Гродна моладзь. З 16 гадоў маглі адправіць у Германію на прымусовыя работы, а маладзейшых адпраўлялі працаваць у горадзе. Генрык трапіў на працу да немца Райнольда Гамба. Той прыехаў з Баварыі і ў былых яўрэйскіх крамах у Гродне адкрыў свае гандлёвыя кропкі. Там прадаваліся прыналежнасці для швачак, краўцоў і іншых рабочых спецыяльнасцей.

— У Гамба працавала каля 16 нашых хлопцаў. Усе на розных пасадах — ад уборкі да продажу. У нас была яшчэ добрая праца, бо не было цяжкасцяў у параўнанні з іншымі. Пілавалі дровы, прыбіралі, палілі печы. Усё рабілі. Вядома, за намі сачыў брыгадзір, часам мог удараць бізуном. Але ў цэлым было нармальна.

Генрык кажа, што цяжэй за ўсё прыйшлося яўрэям, якіх перасялілі ў два гета ў Гродне. Яны знаходзіліся ў розных частках горада. Яўрэяў з гета заганялі на прымусовыя працы.

— У першым гета было шмат людзей, але мы туды не хадзілі. Толькі пасля таго як яўрэяў вывезлі, прыбралі калючы дрот, можна было заходзіць. Так, першы час пасля дэпартацыі яўрэяў, у гета яшчэ можна было знайсці штосьці карыснае. Напрыклад, да нас у краму прывезлі дзве ці тры машыны абутку і сказалі нашай моладзі перабіраць і шукаць пары. Пасля гэты абутак прадавалі гараджанам. Немцы разабралі гета і пачалі засяляць гэтую тэрыторыю людзьмі з малой гаспадаркай. Некаторых прывозілі з бліжэйшых вёсак.

Ладзілі танцы ў лесе, куды немцы хадзіць баяліся

У вольны ад працы час Генрык хадзіў лавіць рыбу на Нёман ці гуляў у лесе, які называлі Дзікова. Ён быў недалёка ад фартоў.

— У лесе быў будынак і мой калега Зютэк Эйсмант іграў там на акардэоне. Немцы ў лес не спяшаліся хадзіць, баяліся. У Зютка былі яшчэ брат і сястра. Без музыкаў Эйсмантаў ніводнае свята ў Пярэселцы не абыходзілася. Былі ў нас так званыя прываткі і патанцоўкі. Гэта было падчас акупацыі, усё рабілася ціха.

Прыватка (польскае prywatka) — моладзевая імпрэза ў прыватным доме. Сёння слова лічыцца састарэлым.
Генрык Усціла
Справа за барабанамі і з акардэонам — браты Эйсманты. Фота з архіва сям’і Эйсмантаў

Другія саветы, пакаранні на плошчы і выезд у Польшчу

У ліпені 1944 года ў Гродне зноў змянілася ўлада: саветы выбілі немцаў і занялі горад.

— У 1944 годзе, калі пагналі немцаў, у горадзе праходзілі паказальныя суды і пакаранні. Памятаю, як аднаго немца прывезлі пад Гарнізонны касцёл, ён быў у мундзіры і басанож. Тады суд прыехаў на плошчу, і людзей было шмат. Немца хутка асудзілі, паставілі на машыну-палутарку, яна ад’ехала, і ён застаўся вісець. Каля двух дзён правісеў. Памятаю, што на яго прымацавалі шыльду на беларускай і рускай мовах. Яго звалі Эрык Кер, і была інфармацыя, што ён нарабіў.

Гарнізонны касцёл — іншая назва Фары Вітаўта або інакш Касцёла Найсвяцейшай Панны Марыі. Знаходзіўся на сённяшняй Савецкай плошчы, былой плошчы Баторыя. Знішчаны савецкімі ўладамі ў 1961 годзе.
Генрык Усціла
Справа — Генрык Усціла, усярэдзіне — Зютэк, адзін з братоў Эйсмантаў. Фота з архіва Генрыка Усцілы

Пасля вызвалення Гродна сям’я Усцілаў наладжвала побыт, але хутка пачала рыхтавацца да эвакуацыі ў Польшчу.

— Для нас вайна скончылася. Польшчу таксама вызвалілі, і многія пачалі туды пераязджаць. Мае бацькі адкладвалі выезд. Думалі, што мяжу перанясуць і Гродна зноў будзе ў Польшчы. У Гродне мы жылі добра, у нас быў уласны дом з участкам і гаспадаркай. Але аднойчы бацька пагаварыў з адным рускім, які спытаў у нас, чаму мы не з’язджаем у Польшчу. Бацька адказаў, што чакаем, але той сказаў, што трэба ехаць і больш не чакаць. Наверсе ўжо ўсё было вырашана. Мы чакалі да апошняга, але потым звярнуліся ў адміністрацыю, каб атрымаць спецыяльную карту для выезду.

Фота з архіва Генрыка Усцілы
Генрык Усціла
Фота з архіва Генрыка Усцілы

У лістападзе 1946 года сям’і Усцілаў выдзелілі вагон для эвакуацыі ў Польшчу, як і іншым гродзенцам, якія вырашылі пераехаць. Генрык успамінае, што яго сям’і саветы дазволілі забраць усе рэчы і нават дзвюх кароў. У Польшчы гродзенцы атрымалі кампенсацыю за сваю зямлю, якую пакінулі ў родным горадзе. Кампенсацыя была не ў поўным аб’ёме.

— Цікава, але тады нам дазволілі вывезці з Гродна ўсё, што хацелі. Цэлы вагон. Было сумна пакідаць наш Гродна, але трэба было ехаць. Дзень ад’езду быў пахмурны, мы сталі перад домам, перахрысціліся і адправіліся ў невядомы нам шлях. З Гродна рушылі на станцыю Ласосна, а адтуль у Польшчу. Дабраліся цягніком да Шчацінка. У гэтым горадзе вагоны з Гродна адчапілі, а далей цягнік паехаў да Слупска. Мы затрымаліся ў Шчацінку. Першы час каровы дапамагалі выжываць, малако прадавалі.

Шчацінак (Szczecinek) — горад у сённяшнім Заходнепаморскім ваяводстве Польшчы. Да 1945 года быў часткай Германіі, але ў выніку разам з іншымі так званымі «вернутымі тэрыторыямі» быў далучаны да Польшчы. Нямецкіх жыхароў горада перасялілі ў Германію, а іх месца занялі перасяленцы-рэпатрыянты з былых усходніх тэрыторый Польшчы, якія сталі часткай СССР.

«І цяпер, праз столькі гадоў, калі прыеду, то не згублюся ў Гродне»

У Шчацінку Генрык скончыў школу, а бацькі знайшлі працу. Жылі гродзенцы ў гэтым горадзе да 1955 года. У Генрыка пачаліся праблемы са здароўем, клімат не пасаваў. Урачы параілі змяніць горад. Сям’я знайшла жыллё ў Супраслі — мястэчку пад Беластокам.

— Бацькі вырашылі паехаць у Беласток. Казалі, што акурат недалёка ад Гродна, можна нават будзе ездзіць.

Упершыню пасля рэпатрыяцыі Генрык змог паехаць у Гродна ў 1950-х гадах. Гэта была службовая сустрэча. Скарыстаўшы магчымасць, гродзенец наведаў сваю вуліцу і ўбачыў сямейны дом, які пакінулі пасля Другой сусветнай вайны.

— Хтосьці ўжо тады купіў наш дом. Сумна было, але вяртацца жыць у Гродна я не хацеў. Нічога майго там ужо не было. Я быў яшчэ некалькі разоў у горадзе. І цяпер, праз столькі гадоў, калі прыеду, то не згублюся ў Гродне. Магу экскурсію нават правесці. У памяці ўсё засталося, усё маё дзяцінства. Нават памятаю, як да Каложы падымацца па спецыяльных прыступках. Сёння ў мяне настальгія па Гродне, што не магу проста так прыехаць і ўбачыць родны горад.

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.

Тэгі: АртыкулыГалоўнаеГісторыя

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

Александр Чернухо

«Говорили, что Макс Корж — русский певец». В Варшаве снимают документальный фильм о беларусской музыке

MOST
19 мая 2025, 19:58

Беларусы создали в Польше независимый продакшн Vidok. Режиссер Виталий Карабань, продюсер Каролина Шарфман и оператор Ксения Гайдук объединились, чтобы снять документальный фильм о беларусской музыке «На скрыжаванні». Через...

проездной документ иностранца

«Я хочу, чтобы мой ребенок существовал». Во Вроцлаве беларусы хотят выйти на протест против долгой выдачи проездных документов иностранца

MOST
19 мая 2025, 16:58

Беларусы, живущие во Вроцлаве, рассматривают возможность выйти на митинг против долгих сроков получения проездного документа иностранца. Эта тема обсуждается в городском чате. Дело в том, что некоторые дела...

Ювеналіі

Гульня ў флянкі, забегі па лесвіцах і ключы ад горада. Як польскія студэнты адзначаюць сваё галоўнае свята — Ювеналіі

Максім Шульц
16 мая 2025, 21:24

У маі польскія студэнты робяць перапынак у вучобе, каб добра павесяліцца падчас Ювеналій (Juwenalia). На працягу гэтага свята адбываюцца розныя імпрэзы: спартыўныя турніры, канцэрты і нават спаборніцтвы па...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: most@mostmedia.io

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты

Кіраваць згодай Cookies
Мы і нашы партнёры атрымліваем доступ і захоўваем інфармацыю на прыладзе і апрацоўваем асабістыя дадзеныя, такія як унікальныя ідэнтыфікатары і стандартную інфармацыю, якая адпраўляецца прыладай, альбо дадзеныя прагляду, каб выбраць і прафіляваць персаналізаваны змест і рэкламу, вымераць змест і рэкламную эфектыўнасць, а таксама распрацоўка і ўдасканаленне прадукцыі. Са згоды карыстальніка мы і нашы партнёры можам выкарыстоўваць дакладныя дадзеныя геалакацыі і ідэнтыфікацыю шляхам сканавання прылад. Націскаючы «Прыняць», вы пагаджаецеся на апрацоўванне звестак намі і нашымі партнёрамі, як апісана вышэй. Перш як пагадзіцца ці адмовіцца, вы можаце атрымаць больш падрабязную інфармацыю і змяніць наладкі. Для некаторых відаў апрацоўвання звестак не патрэбная вашая згода, але вы маеце права не пагадзіцца. Параметры не будуць распаўсюджвацца на іншыя сайты, што маюць глабальны альбо сэрвісны дазвол.
Функцыянал Always active
Тэхнічнае сховішча або доступ строга неабходныя з законнай мэтай забеспячэння магчымасці выкарыстання пэўнай паслугі, відавочна запытанай падпісчыкам або карыстальнікам, або з адзінай мэтай ажыццяўлення перадачы паведамленняў па сетцы электронных камунікацый.
Preferences
The technical storage or access is necessary for the legitimate purpose of storing preferences that are not requested by the subscriber or user.
Статыстыка
Тэхнічнае сховішча або доступ, якія выкарыстоўваюцца выключна ў статыстычных мэтах. The technical storage or access that is used exclusively for anonymous statistical purposes. Without a subpoena, voluntary compliance on the part of your Internet Service Provider, or additional records from a third party, information stored or retrieved for this purpose alone cannot usually be used to identify you.
Маркетынг
Тэхнічнае сховішча або доступ, неабходныя для стварэння профіляў карыстальнікаў для адпраўкі рэкламы або для адсочвання карыстальніка на вэб-сайце або на некалькіх вэб-сайтах у аналагічных маркетынгавых мэтах.
Manage options Manage services Manage vendors Read more about these purposes
Налады
{title} {title} {title}
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2025 Mostmedia.io. Час будаваць масты