Аўторак, 8 верасня 2026
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

Гарбата ў яўрэя Блёмберга, кава ў кубіках і «прываткі» ў вёсцы. Публікуем успаміны полькі, якая жыла ў Гродне

Руслан Кулевіч Руслан Кулевіч
11 сакавіка 2025, 16:43
Гісторыі
A A
Камілія з сябрамі

Камілія з сябрамі ў Гродне. 1946 год. Фота з архіва Каміліі

Камілія Юзэфаўна Біліда (Талочка) нарадзілася ў 1924 годзе ў вёсцы Кульбакі ў пяці кіламетрах ад Гродна. Яна каталічка. Усё жыццё пражыла ў Гродне.

Некалькі гадоў таму родная вёска спадарыні Каміліі ўвайшла ў склад Гродна.

MOST сумесна з рэдакцыяй Hrodna.life  аднаўляе цыкл гістарычных матэрыялаў з успамінамі гродзенцаў, народжаных у міжваенны перыяд. Гэта гісторыі, якія ўвойдуць у новую кнігу журналіста Руслана Кулевіча «Апошнія сведкі Гродна». Яна і пра тых гродзенцаў, што пасля вайны пераехалі ў Польшчу, і пра тых, што засталіся ў Беларусі. А некаторыя з герояў у савецкія часы наогул перабраліся ўглыб СССР.

Бацькоў Каміліі звалі Юзаф і Мар’я. Яны мелі пяць гектараў зямлі ў Кульбаках. Сям’я была адукаваная. Бацька ў царскі час быў пісарам у скарбніка. У сям’і было чацвёра дзяцей: Камілія і тры браты.

Вяселле
Вяселле ў Кульбаках. 1930-я гг. Фота з архіва Каміліі

У 1931 годзе Камілія паступіла ў гродзенскую школу № 4 («чвурку») на Легіяновай вуліцы. Школа была бясплатнай. На заняткі вясковыя дзеці хадзілі з Кульбак у Гродна пешшу больш за пяць кіламетраў. Таму ўставалі а шостай гадзіне, каб да дзявятай паспець у школу.

— Вельмі добрая школа была, у ёй было ўсяго шэсць класаў. Настаўнікам гісторыі быў пан Пулькоўскі, былі яшчэ пані Вроньска і пані Скіндарова — усіх памятаю. Пасля заканчэння школы я паступіла ў «Сюдэмку» (школу № 7. — Заўв. рэд.) на Ажэшкі, дзе цяпер універсітэт. Пайшла там у сёмы клас. Нас там вучылі шыць, гатаваць, кагосьці будаўніцтву, а яшчэ ксёндз прыходзіў і выкладаў рэлігію. Вучылі вельмі добра. Памятаю, як з бацькам за руку пешшу хадзілі ў Бернардынскі касцёл. Там імша была на лацінскай мове. Усё пыталася ў бацькі: калі ўжо канец, калі канец. А зімой бацька браў сані і вёз нас у горад. На Ажэшкі ў яўрэя Блёмберга была кавярня. Бацька ставіў сані, і мы пілі там гарбату.

школьнікі
1938 год. Гродзенскія школьнікі на экскурсіі ў Вільні. З архіва Каміліі

Пасля сёмага класа Камілія паступіла ў Гродзенскую гімназію, якая знаходзілася каля гарадскога тэатра. Там яна вывучала французскую мову.

Камілія згадвае, што ў даваенныя гады Гродна быў вельмі прыгожым горадам з рознымі крамамі і ўстановамі. У горадзе ў сям’і Талочкаў было шмат знаёмых, але адну Камілію ў Гродна бацькі баяліся адпускаць.

— Але ў Кульбаках таксама было весела. Моладзь запрашала на прываткі (закрытыя моладзевыя імпрэзы ў кватэрах. — Заўв. рэд.). Бацька не адпускаў мяне адну: хлопец павінен быў прыйсці і сказаць — запрашаю, правесці і вярнуць дадому. Бацькі арганізоўвалі абеды, хлопцы і дзяўчаты танцавалі. Былі і тыя, хто граў на музычных інструментах. А часам да вайны выбіраліся кампаніяй у Гродна — хадзілі ў кінатэатр «Пан» на Вітальдавай вуліцы (сёння кінатэатр «Чырвоная зорка» на Сацыялістычнай. — Заўв. рэд.).

«Вывезлі некалькі чалавек у Казахстан — амаль ніхто не вярнуўся»

Калі ў 1939 годзе прыйшлі саветы, Камілія размаўляла толькі на польскай мове. У Кульбаках жыў пан Качан, які пасля прыходу новай улады збіраў дзяцей па вечарах і вучыў рускай мове.

Пры саветах у Гродне зачынілі гімназію, дзе вучылася Камілія. У 1939 годзе яна адвучылася там няпоўны год.

— Са мной вучылася Марыся Аўгустыновіч. Яе бацька валодаў фабрыкай кавы на Паўночнай вуліцы. Фабрыка называлася «Кава дзядзькі Тома», яны выпускалі кававыя таблеткі. Марыся прыносіла ў школу гэтыя таблеткі ў пакетах, і мы іх грызлі. Калі прыйшлі саветы, яе бацьку тут жа ноччу забралі і расстралялі ў лесе над Нёманам. Тады арыштавалі ўсю інтэлігенцыю ў Гродне: дактароў, ксяндзоў. Усіх забралі. Пачалі высяляць з Гродна тых, у каго сваякі былі афіцэрамі. Да нас прыехала з Гродна пані Эва Бярнацкая з дзецьмі — Тадзікам і Ясяй. Яся была майго года, а Тадзік на два гады старэйшы. Іх выселілі з Гродна, бо бацька быў польскім афіцэрам. Мой бацька дазволіў ім жыць у нас, вылучыў пакой. Маці іх была швачкай, шыла крыху для нас і для іншых людзей. З ёй разлічваліся прадуктамі, хлебам, так і жылі.

Фабрыка «Kawa Toma» працавала на вуліцы Паўночнай (сённяшняй Валковіча) і прадукавала сурагат кавы з жалудоў і цыкорыя ў тым ліку ў выглядзе спрэсаваных кубікаў.
кава
Аб’ява фабрыкі кававых сурагатаў Kawa Toma аб скупцы ў насельніцтва кораня цыкорыя, жалудоў, соі, цукровых буракоў і іншых караняплодаў па рынкавых цэнах. З фондаў Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці
кава
Рэклама гродзенскай сурагатнай кавы «Kostka Toma». З фондаў Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці

Але сям’ю Бярнацкіх усё ж такі забралі саветы, згадвае Камілія. Кажа, што маці і дачку ў выніку расстралялі ў Адамавічах над Нёманам. Пры якіх абставінах — не памятае. Сын Бярнацкіх Тадзік змог уцячы і нейкім чынам апынуўся ў Германіі. Потым ён вярнуўся ў Польшчу і жыў у Гданьску.

— Пасля вайны мая суседка Дануся Клавец выехала ў Сопат і сустрэлася з Тадзікам Бярнацкім. Калі ён даведаўся, што яна з Кульбакаў, спытаў, ці жывая Камілія, і папрасіў мой адрас. Тады я ўжо была замужам, муж быў вельмі зайздросны. Ён сказаў: «Паглядзі, столькі гадоў цябе шукаў кавалер». Тадзік прыязджаў у Гродна з польскай дэлегацыяй. Наведвалі помнік Ажэшцы, касцёл. Але я з ім не сустрэлася, муж не пусціў, ён быў вельмі зайздросны. Потым Тадзік пісаў мне лісты. Толькі праз гады мая ўнучка знайшла яго сына.

У 1939−1941 гадах савецкая ўлада шукала ўсіх нязгодных на занятых тэрыторыях у Заходняй Беларусі. У першую чаргу рэпрэсіравалі сем’і вайскоўцаў, паліцэйскіх, леснікоў, чыноўнікаў і памешчыкаў. Па ўспамінах Каміліі, з Кульбакаў вывезлі некалькі чалавек у Казахстан — амаль ніхто не вярнуўся.

У сям’і Талочка баяліся, што і іх таксама вывезуць, бацька Каміліі нават сабраў рэчы. Камілія думае, што гэтаму перашкодзіла савецка-нямецкая вайна, якая пачалася ў 1941 годзе.

— Адной з нямногіх, хто вярнулася ў Кульбакі, была суседка Эльвіра Кульвоцкая. Яе кавалер змог нейкім чынам забраць у Польшчу. А іншая суседка Ванда Глебоўна, якая не вярнулася, у лісце пісала (пераклад з польскай):

Любімае нашае Гродна, найпрыгажэйшае ў свеце
Тут нарадзіўся, тут вырас, тут успаміны маладых гадоў
А ў тым Гродне кожны кіруе, хто прыходзіць — ужо пан
Нам сказалі вымятацца і вывезлі ў Казахстан
Мы надзеі не губляем і ў Гродна вернемся
Маці Божай Кангрэгацкай на каленях паклонімся.

Абраз Маці Божай Кангрэгацкай — галоўная святыня гродзенскіх католікаў. З’яўляецца копіяй абраза Маці Божай Снежнай з Рыму. Захоўваецца ў Гродне ў Фарным касцёле з канца XVII стагоддзя. Вернікі лічаць яго цудадзейным.

Бацька пры немцах быў солтысам

Калі пачалася савецка-нямецкая вайна ў 1941 годзе, сям’я Каміліі хавалася ў падвале пад домам. Хаты ў Кульбаках гарэлі. У Гродне падалі бомбы.

Паводле ўспамінаў жанчыны, нямецкая ўлада прымушала жыхароў вёскі капаць торф. Яўрэяў з Гродзенскага гета таксама адпраўлялі капаць торф, саджаць каноплі, а потым плесці з яе.

Брат бацькі Каміліі, Казімір Талочка, падчас вайны ўладкаваўся чысціць каналізацыю ў Гродне. На возе ён вывозіў з гета фекаліі, а калі заязджаў назад, то хаваў у бочкі ежу. Яўрэі разлічваліся золатам і ўсім, чым маглі. Дзякуючы гэтаму пры немцах ён разбагацеў.

— Калі ў мяне была вяселле, дзядзька падарыў пяць рублёў золатам. У Казіміра было двое дарослых дзяцей. Дачка Галя была падобная да яўрэйкі. Яе немцы забралі і расстралялі. Таксама расстралялі жонку і сына — па невядомых прычынах. Ён застаўся адзін у сваім доме ў Кульбаках, яму дапамагала служанка.

Юзаф Талочка
Бацька Каміліі Юзаф Талочка. 1940-я гг. Фота з архіва Каміліі
Камілія
На першай працы. У верхнім шэрагу злева Камілія. 1945 г. Фота з архіва Каміліі

Камілія ўзгадвае, што пры немцах у Гродне моладзь 1924 і 1925 гадоў вывазілі ў Германію. Яна таксама патрапіла ў спіс на адпраўку, але дапамагла сваячка, якая працавала ў Гродне ў адміністрацыі: яна змяніла год нараджэння Каміліі на 1928.

— Так і пранесла. Яшчэ хацелі вывезці майго аднаго брата, але ён хаваўся. Немцы яго шукалі. Браты Эдвард і Юзаф разам з мясцовай моладдзю спачатку хаваліся ў лесе, і сям’я доўга не ведала, што з імі. Але адзін сусед, які быў з імі, расказаў, што яны арганізаваліся ў лесе і пайшлі ў Польшчу, уступілі ў Армію Краёву. Ваявалі пад Варшавай, а пасля вайны працавалі там.

Пры немцах бацьку Каміліі прызначылі солтысам у Кульбаках. Для сябе ён вёў спісы, каго забілі і вывезлі. Немцы часта прыходзілі ў дом Каміліі, каб пагаварыць з солтысам.

— Такія элегантныя, чысцюткія, начышчаныя. Часам частавалі цукеркамі, салодкім. І толькі: «масла, яйка — давайце ўсё». Маці трохі размаўляла па-нямецку. Аднойчы яны сядзелі ў нас на ганку, і маці ім сказала, што вайна — гэта ж дрэнна. Адзін з іх сказаў, што ўцёк бы дадому: «Там жонка і дзеці. Гітлер нас прымусіў».

Калі раніцай у хаце Талочкі маглі быць немцы, то ноччу да солтыса ў Кульбаках прыходзілі партызаны — спачатку савецкія, а пасля і польскія. Бацьку Каміліі даводзілася дапамагаць усім. Аднойчы за такую дапамогу хтосьці ноччу падпаліў яго хлеў.

— Аднаго разу, калі прыйшлі савецкія партызаны, я выйшла і сказала ім ісці прэч, назваўшы іх пастухамі. Пасля вайны мяне за гэта забралі ў міліцыю. За тое, што, нібыта, я была супраць савецкай улады. Бацька паехаў разбірацца, падаў на калені, казаў, што я маладая і нічога не разумела. Не ведаю, што ён ім казаў і што даваў, але раніцай мяне адпусцілі. Бацьку пасля вайны, хоць ён і быў солтысам пры немцах, не чапалі.

Вяселле
Вяселле Каміліі ў Гродне ў 1947 г. Фота з архіва Каміліі

Выдатнік савецкага гандлю

Пасля вайны Каміліі дапамаглі ўладкавацца на працу ў гарадское статыстычнае ўпраўленне, дзе яна два гады працавала сакратаркай-машыністкай, а затым планавіком. У 1947 годзе Камілія выйшла замуж за фармацэўта. Вяселле адбылося ў Бернардынскім касцёле, дзе іх вянчаў ксёндз Курловіч.

— Калі пайшлі дзеці, стала цяжка жыць, давялося ісці вучыцца ў кааператыўны тэхнікум, асвойваць новую прафесію. Пасля вучобы я працавала ў ювелірнай краме 30 гадоў. За сваю працоўную дзейнасць атрымала ўзнагароды «Выдатнік савецкага гандлю» і «Ветэран працы».

Спадарыня Камілія
Спадарыня Камілія ў 2020-м годзе. Фота: Руслан Кулевіч

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.

Тэгі: АртыкулыГалоўнаеГісторыя

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

Кавалерийский рынок

«Если хорошо спрячете, то провезете». Как и что покупают и продают беларусы на польском рынке недалеко от границы

MOST
8 верасня 2026, 10:41

Пожилой поляк бегает по парковке в поисках беларусских сигарет. В обменнике меняют доллары чуть выгоднее, если сдать сразу тысячу. А продавец в магазинчике бытовой химии учит, как незаметно...

митинг в Гданьске

«Я в заложниках у польской бюрократии». Более 200 человек протестовали в Гданьске против долгой легализации

MOST
8 верасня 2026, 08:02

Более 200 человек собрались 7 сентября в Гданьске перед зданием Поморского воеводского ужонда, чтобы выступить против  чрезмерно долгой легализации иностранцев. Акцию организовал беларус Валентин Кареев. Недалеко от согласованной...

автобусы

«Еще одна мафия». Как брестские таксисты зарабатывают на очередях на беларусско-польской границе

MOST
7 верасня 2026, 16:26

Тимофей обычно пересекает границу с Польшей на машине, но в этот раз ему пришлось ехать автобусом через Брест. Уже на границе к нему подошел таксист и предложил довезти...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты