Аўторак, 9 чэрвеня 2026
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

Ашмяна, Смургоні, Гародна… Таямніцы геаграфічных назваў Гарадзеншчыны

Раман Ганчарэнка Раман Ганчарэнка
25 красавіка 2022, 13:52
Гісторыі
A A
назвы

Горадзен у часы ВКЛ. Малюнак Паўла Татарнікава

Як утвараліся і змяняліся назвы нашых гарадоў і мястэчак? У Шчучыне было багата шчупакоў ці ўсё нашмат прасцей? Хто такія скамарошкі, машталеры і асочнікі?.. Разбіраемся разам. 

Большасць гарадоў, якія сёння сталі раённымі цэнтрамі на Гарадзеншчыне, вядомыя з часоў Старадаўняй Русі ды ранняга Вялікага княства Літоўскага. Але іх назвы не заўсёды славянскія. Напрыклад, Ашмяны — ад літоўскага «акменас» — «камень». То бок там была камяністая глеба. У першасным варыянце, дарэчы, было АшмянА: множны лік дадаўся пазней. 

Смаргонь — ад балцкага прозвішча Смургоніс, а першасны варыянт назвы быў у множным ліку — Смургоні. Ліда — зусім не ад жаночага імя: «Хорошая девочка Лида на улице Южной живет…». Не-не. Ляда — гэта «лысае месца», вычышчанае ад лесу. Чорныя Ляды на Случчыне — з той самай оперы.

Старажытны Навагрудак. Малюнак Паўла Татарнікава

«Волакі», «заслона», «новы горад»

Навагрудак, зразумела, ад «новага горада». То бок недзе быў стары, з якога прыйшлі людзі. Даследчыкі мяркуюць, што той, стары, мог быць бліжэй Нёмана. Месца для гораду не самае зручнае — без вялікай ракі. Тэарэтычна тут мог быць рытуальны цэнтр яшчэ ў дахрысціянскія часы, таму і месца пад яго абралі хутчэй інтуітыўна.

Масты — ад мастоў-пераправаў праз Нёман. Бераставіца — ад берасты, бярозы. Слонім — ад «заслоны», то бок — абароненае месца. Ваўкавыск — зусім не ад ваўка, які вые, не. Гарады з «ск»/«цк» на канцы ўтвараліся ад рэчак: Піна — Пінск, Случ — Слуцк, Палата — Полацк. Ваўкавыск — ад Ваўкавыі, і тут справа ў «волаках»: спосабе пераноскі судоў па сушы, папулярным у варагаў. Гарадзішча ў Ваўкавыску было наўпрост апорным пунктам на шляху падарожнікаў і купцоў.

Карэлічы паходзіць ад імя: быў нейкі Карэліч, які валодаў месцам. Такое ж паходжанне ў Ляхавічаў ці Баранавічаў — імя валодалі адпаведна Ляховічы і Барановічы. Адыменнае паходжанне мае і Шчучын. Шчупакі тут не пры чым, а горад мог закласці нейкі баярын з мянушкай Шчука. Чый двор? Шчучын. Такая ж гісторыя з Сапоцкінам, якім валодаў сёння ўжо невядомы нам Сапоцька. 

Так пачынаўся Горадзен, які з часам пераўтварыўся ў Гродна

Городенъ, Горадна, Гордна, Гародня…

Урэшце — Гродна. Гораду не пашчасціла з назвай, бо яна пастаянна змянялася і перакручвалася. Летапісны горад вядомы як «Городенъ» — агароджанае/абароненае месца. Ужо ў XVI стагоддзі «Городно», але трэба памятаць, што ў старабеларускай мове аканне не адбівалася ў напісанні, таму вымаўлялася назва як «Горадна» (як Маладзечна). Яўрэйскія дакументы ХІХ стагоддзя падаюць назву як «Гордна».  

Сённешні варыянт назвы даволі позні. Першасна гэта быў польскі назоў Grodno, які перайшоў у рускую мову (Гродно), а пасля — і ў беларускую (Гродна). Такім самым чынам Наваградак стаў Навагрудкам, Берасце — Брэстам, Менск — Мінскам. Яшчэ адзін прыклад — Дэмбрава, які першасна канешне ж быў наўпрост «Дубровай».

Адкуль тады «Гародня» і «Горадня»? Гэта ўжо эксперыменты ХХ стагоддзя. Форму «Горадня» выкарыстоўвалі ў часы БНР, а «Гародню» наогул прыдумаў Караткевіч («Хрыстос прызямліўся ў Гародні»). Сімвалічная, што абодва беларускія варыянты назвы маюць жаночы род, хоць першасная назва — «Городенъ» — мужчынскі. 

Шведская гара і замчышча ў Ваўкавыску. Малюнак Паўла Татарнікава

Гожа — ад казулі, Перстунь — ад пальца

Назвы вёсак і мястэчак з’яўляюцца ў дакументах пазней. Некаторыя вёсачкі ёсць ужо ў Die Littauischen Wegeberichte — гэта «Кніга літоўскіх дарог», падрыхтаваная крыжацкімі выведнікамі ў 1380-х гадах. Фактычна гэта дапаможнік для планавання вайсковых аперацыяў, але для гісторыкаў — унікальная крыніца. 

Ужо там мы бачым Путрышкі, Верцялішкі ды Васілішкі. Гэта былі вялікія сёлы, а Верцялішкі — двор таго самага Давыда Гарадзенскага. Цікава, што «ішкі» — літоўскі суфікс, які адказвае на пытанне «чый?». Але Васіль (у выпадку з Васілішкамі) — візантыйскае праваслаўнае імя, дык адкуль літоўскі суфікс? Гісторыкі схіляюцца да таго, што эліты ВКЛ таго часу маглі прымаць праваслаўе і карыстацца праваслаўнымі імёнамі, але надалей гутарылі па-літоўску. 

Большасць жа вёсак мы ведаем адно з XV-XVI стагоддзяў. Краіна нарэшце ажыла пасля доўгіх войнаў з крыжакамі. З’явіўся дакументазварот, наладзілася эканоміка. Пасля рэформы землекарыстання («валочная памера») каралевы Боны сялян пазганялі з хутароў і аб’ядналі ў вёскі – класічныя, з хатамі ўздоўж бальшака. Да гэтага часу людзі так не жылі. 

Шмат назваў — балцкія. Гожа, Скідзель, Перстунь, Бершты. Напрыклад, Бершты — літоўскамоўны аналаг Бераставіцы, бо паходзіць ад «бяроза», «бераста». Гожа — ад «озіс», што значыць казуля. Перстунь — «пірштас» — «палец»: магчыма, у тамтэйшага гаспадара была такая мянушка. 

Крыжакі стварылі «Кнігу літоўскіх дарог» для планавання паходаў. Малюнак Сяргея Харэўскага

«Куды паехаў?» — «Да Ліхачоў» 

Асноўная маса назваў вёсак сугучная з прозвішчамі мясцовых людзей: Маркаўцы, Васілевічы, Войтаўцы, Селіванаўцы, Пласкаўцы, Князевічы, Міневічы, Ярмолічы, Мацеевічы, Станевічы, Глебавічы, Эйсманты, Каўпахі, Ліхачы, Седзяневічы, Кузьмічы… Умоўны баярын Станевіч, напрыклад, атрымліваў зямлю над Свіслаччу, будаваў там двор, які пазней вырастаў у вёску. 

Магло быць і па-іншаму: у нейкай мясцовасці былі раскіданыя хутары. У іх жылі людзі, павязаныя кроўнымі сувязямі, а найбольш папулярным прозвішчам у мясцовасці было — Ліхач. І вось гэтых Ліхачоў пасля «валочнай памеры» пазганялі з хутароў, сабралі ў адну вёску. Суседзі маглі казаць: «Куды паехаў?» — «Да Ліхачоў». Пазней — «У Ліхачы». 

Некаторыя назвы ўтварыліся ад прафесій. Агароднікі — людзі трымалі гароды. Кашоўнікі (зараз — Кашэўнікі) — рабілі кашы. Баяры — служылая шляхта, вайскоўцы. Цікавая назва Скамарошкі: там маглі жыць скамарохі, якія забаўлялі каралеўскі двор у Гродне. Машталеры — займаліся коньмі. Асочнікі — арганізоўвалі паляванні (вёска знаходзіцца акурат на ўскрайку колішняй Аўгустоўскай пушчы). 

Часам назвы звязаныя з геаграфіяй і тапаграфіяй. Дубніца — бо дуброва, дубы. Пералом — бо «пералом» Нёмана. Прывалка (першасна — Перавалка) — бо пераправа праз Нёман. Новая і Старая Руда — бо было месцам здабычы і выплаўкі руды. Гумнішча — ад гумна, Гнойніца — ад гною…

Шмат вёсак маюць аднолькавыя назвы: Агароднікі, Баяры, Навасёлкі. Чаму? Бо людзі па суседству, якія і далі назву мясцовасці, наўпрост не ведалі пра існаванне нейкіх іншых Агароднікаў. Вясковы чалавек 300-400 год таму быў замкнуты ў сваім космасе радыусам 20-25 км і за ўсё жыццё мог не выйсці за гэтыя межы. А навошта, калі самае дальняе тваё падарожжа — да бліжэйшага кірмаша ці касцёла?

Указальнік на ўездзе ў Сапоцкін. Фота: postalovsky-a.livejournal.com

Сабакінцы — Першамайскі, Гнойніца — Вішнявец… 

Расійская Імперыя не пакінула ў тапаніміцы рэгіёну нейкіх арыгінальных назваў, за рэдкім выключэннем. Скажам, Лосева або Рыбніца — гучыць даволі дзіўна для нашага рэгіёну. Але гэта ўжо назвы, створаныя ў 1860-я, калі паўстала чыгунка ў бок Парэчча. Цалкам магчыма, што іх прыдумалі пуцейцы ці дробныя расійскія чыноўнікі. Да гэтай катэгорыі адносіцца і назва ўрочышча «Сакрэт» у Гродне: тэрыторыя выкарыстоўвалася царскімі вайскоўцамі, а «секрет» быў тэрмінам з вайсковай тапаграфіі. 

За савецкім часам некаторыя вёскі перайменавалі з-за ідэалогіі або немілагучнасці, як камусьці падалося. Так Гнойніца пераўтварылася ў Вішнявец (зараз ужо не вёска, а раён Гродна). Сабакінцы — у Першамайскі. Баля Касцельная стала Зарачанкай. 

Дарэчы, з Баляй — цікавая гісторыя. Такіх Баляў было яшчэ некалькі: Баля Сольная, Баля Сухая, Баля Каўнацкая. Само слова «баля» — гэта заліўны луг. А паколькі такіх «баляў» апынулася некалькі ў адным рэгіёне, для іх прыдумалі прыстаўкі, каб адрозніваць: Сухая, Сольная, Касцельная. Хто ведае, магчыма, у новай Беларусі, разам з перайменаваннем вуліц, вернецца і гэты гістарычны назоў.

Тэгі: ГалоўнаеГісторыя

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

Кароль Навроцкий

Беларуска создает кукол-мотанок. Одну из них подарили президенту Польши

MOST
9 чэрвеня 2026, 15:23

Ангелочка, созданного беларуской Ольгой Пашкович, в январе подарили президенту Польши Каролю Навроцкому. Делать куколок-мотанок мастерица начала в эмиграции, и всего за несколько лет они разлетелись по миру, в...

штрафы для водителей в Польше

Поляки обсуждают в соцсетях, нужно ли запретить обмен иностранных водительских прав на польские без экзамена

MOST
9 чэрвеня 2026, 13:10

В польских группах в соцсетях активно обсуждают, стоит ли ввести дополнительный экзамен на вождение для иностранцев, которые обменивают национальные водительские права на польские. Поводом стала резонансная авария под...

врач

«Люди стесняются вызвать скорую». Беларуска работает дежурным врачом в Польше и выезжает на констатацию смерти

MOST
8 чэрвеня 2026, 18:58

Юлия работает врачом в Польше, в учреждении, которое оказывает помощь в ночное время, выходные и праздничные дни (NPL). К ней пациенты приходят, когда обычные поликлиники уже закрыты, а...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты