Калі ў Варшаве пачынаецца экскурсія на беларускай мове, не ўсе адразу здагадваюцца, што гід — паляк. Альбэрт Ежы Вежбiцкi праводзіць гарадскія туры для беларусаў з 2022 года — і за гэты час стаў добра вядомай фігурай у беларускай дыяспары Варшавы. Ён гаворыць па-беларуску спакойна і ўпэўнена. І здаецца, для ўдзельнікаў экскурсій гэта ўжо не сенсацыя — хутчэй натуральная частка іх новага варшаўскага жыцця. MOST ён расказаў, чаму амаль не паўтарае маршруты, навошта водзіць беларусаў у непапулярныя месцы і як гісторыя Варшавы адгукаецца людзям з досведам эміграцыі і рэпрэсій.
Альбэрт — польскі гід і перакладчык. Экскурсіі на беларускай мове ён праводзіць для беларусаў, што апынуліся ў Польшчы пасля 2020 года. Ён нарадзіўся ў Гарволіне, а вывучаў беларускую мову і культуру ў Варшаўскім універсітэце.
«Беларусы яшчэ не добра ведаюць польскую»
Запуск экскурсій на беларускай для Альбэрта быў найперш практычным.
— Беларусы яшчэ не добра ведаюць польскую, таму я вырашыў гаварыць на беларускай, — тлумачыць ён.

Але вельмі хутка стала зразумела: гаворка не толькі пра зручнасць. Першыя экскурсіі збіралі нечакана шмат людзей — па 20 чалавек.
— Мяне кранула, як моцна людзі адгукнуліся. Я не чакаў такога інтарэсу. Ім было цікава не толькі тое, што звычайна распавядаюць турыстам, але і гісторыя, культурны кантэкст, усё, што звязана з месцам, дзе яны цяпер жывуць.
Хутка экскурсіі перасталі быць маналогам гіда: беларусы задавалі шмат пытанняў, хацелі разумець сувязі і часта ўжо мелі ўласныя веды пра горад.
«Стараюся паказваць тое, што не на паверхні»
Маршруты ў Альбэрта амаль не паўтараюцца. Нават самы папулярны з іх — Павісле — гэта не класічны Стары горад і не набор «абавязковых» славутасцяў.
— Я не люблю вадзіць туды, дзе ўсе ўжо былі. Я стараюся паказваць тое, што не на паверхні. Мне цікавей непапулярныя месцы — тыя, каля якіх людзі праходзяць штодня і не заўважаюць, — кажа ён.
Для беларусаў, якія толькі нядаўна пераехалі ў Варшаву, такія маршруты часта становяцца першым крокам да асабістай мапы горада.

«Можна заплаціць колькі хочаш»
Часцей за ўсё да Альбэрта прыходзяць не арганізаваныя групы, а людзі паасобку: па двое, з сябрамі, часам тыя, хто ўжо быў раней.
— Я арганізую экскурсіі, на якія можна прыйсці незалежна ад колькасці чалавек і заплаціць потым колькі хочаш. Людзі не абавязкова шукаюць тут беларускае кола. Яны ўжо інтэгруюцца, знаходзяць сяброў на працы, у лакальных супольнасцях. А экскурсіі — гэта магчымасць проста быць у горадзе і пазнаёміцца з новымі людзьмі.
Людзі прыходзяць найперш на экскурсію — не «на сустрэчу». Але агульная цікавасць да гісторыі часта робіць сваю справу — і знаёмствы завязваюцца.
Калі Варшава адгукаецца траўмай
Некаторыя тэмы варшаўскай гісторыі для беларусаў сёння асабліва балючыя.
— Гісторыя камунізму, 1980-х гадоў, «Салідарнасці» — гэта вельмі моцна адгукаецца, — кажа Альбэрт.

Адна з самых цяжкіх экскурсій праходзіла ў былой турме для палітвязняў у Макотаве, дзе сёння музей.
— Гід расказвала з жахам, у якіх умовах трымалі людзей. І побач стаялі беларусы, якія ў 2020 годзе прайшлі праз Акрэсціна і іншыя турмы. Я быў у шоку: тое, што ў нас стала музеем, у суседняй краіне адбываецца дагэтуль.
Могілкі — тэст на гатоўнасць памятаць
Ёсць маршруты, якія беларусам даюцца складаней.
— Беларусы не вельмі любяць хадзіць на могілкі, — прызнаецца Альбэрт. — Але я стараюся заахвочваць.
Для яго гэта маршрут, звязаны не са смерцю, а з разуменнем гісторыі і горада.
— Могілкі — гэта частка Варшавы і яе памяці. Але я бачу, што для маёй аўдыторыі гэта няпросты фармат.
Магчыма, справа не толькі ў нежаданні. Людзі з досведам эміграцыі і рэпрэсій часта стомленыя ад смерці і страт, яны адчуваюць, што болю і памяці ў іх жыцці ўжо і так занадта шмат. І ўсё ж Альбэрт не адмаўляецца ад такіх маршрутаў — бо лічыць, што без памяці немагчыма зразумець месца, дзе жывеш.
Праца з беларускай аўдыторыяй змяніла і яго ўласнае ўспрыманне Варшавы.
— Цяпер я бачу гісторыю Варшавы як агульную — не толькі польскую. Гэта гісторыя, звязаная і з краінамі на ўсход ад Польшчы. Я заўсёды шукаю моманты, якія нас аб’ядноўваюць.

«Мая місія — беларусізаваць беларусаў»
Для Альбэрта гэтыя экскурсіі з самага пачатку былі не проста працай.
— Мая галоўная місія — беларусізаваць саміх беларусаў. Гэта мой асабісты выклік. Людзі з’ехалі з краіны, дзе моцная русіфікацыя. А ў Польшчы можна свабодна жыць, глядзець на свет і атрымліваць веды на беларускай мове. Калі ты беларус, то лагічна валодаць беларускай. І мне важна, каб людзі атрымлівалі кантэнт пра месца, дзе яны цяпер жывуць, менавіта на гэтай мове, — кажа Альберт.
Ён не ставіць мэту «адпрацаваць маршрут».
— Я хачу, каб людзі самі адкрывалі горад. На кожнай экскурсіі я раю нейкую кавярню, музей, дом культуры або выставу. Мне важна, каб хаця б адзін чалавек пасля экскурсіі адкрыў адно новае месца.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



