Да старажытных спадніц падшываюцца адмысловыя кішэні — каб пакласці тэлефон, падключаны да інтэрнэту. Ганна Лепяшкевіч дзеліцца некаторымі сакрэтамі, пра якія даведалася, прыйшоўшы ў гістарычную рэканструкцыю. Яна трапіла на фестываль як музыкантка, але зацікавілася — і цяпер сама стварае вобразы старажытных прыгажунь. Чаму некаторыя жанчыны выступаюць у мужчынскіх касцюмах, колькі каштуе ўбор і дзе купіць аздабленне XII стагоддзя, яна расказала MOST.
Ганна — прафесійная музыкантка, яна грае на цымбалах і выступае ў складзе гурта Vadanosava Band. Разам з калектывам дзяўчына трапіла на гістарычны фестываль у Тыкоціне — невялікім горадзе пад Беластокам. Тады ў яе нават не было паўнавартаснага касцюма — прыйшлося пазычыць у Кацярыны Ваданосавай, музыканткі і спявачкі, якая займаецца рэканструкцыяй і вывучае гістарычную моду.

Атмасфера мерапрыемства дзяўчыну ўразіла.
— Гэта, па сутнасці, кола аднадумцаў і паплечнікаў. Вы разам збіраецеся, дзеліцеся тым, што знайшлі, нейкімі крыніцамі, фотаздымкамі, рэчамі, — апісвае яна рэканструктарскую супольнасць. — Мне спадабалася ўсё: іграць для людзей, размаўляць з імі, сядзець у намёце і рабіць нешта сваё. А людзі вакол ходзяць і глядзяць на цябе, як на экспанат. Гэта быў такі момант, калі ты разумееш, што адкрываеш для сябе новы свет.

Адзін строй — гэта сотні еўра і месяцы працы
Пасля першага фестывалю Ганна вырашыла сабраць уласны касцюм — вобраз крывічанкі канца XI–XII стагоддзя. Ён складаецца з некалькіх элементаў: кашулі, панёвы (верхняй спадніцы), пояса, галаўнога ўбору і ўпрыгажэнняў. Каб зрабіць яго максімальна блізкім да гістарычнага, яна замаўляла матэрыялы ў спецыяльных крамах для рэканструктараў — такіх, што вырабляюць тканіны і аздабленне з улікам узораў мінулых часоў.
Сам працэс патрабуе не толькі грошай, але і ведаў. Гатовых выкраек амаль няма, шмат што даводзіцца збіраць літаральна па кавалках — па фотаздымках, апісаннях і даследаваннях.

Ганна выкарыстала копію візантыйскага шоўку — дарагога матэрыялу, які ў мінулым маглі сабе дазволіць толькі заможныя людзі. Але праца з ім аказалася складанай.
— Ён проста распаўзаецца ў руках. Сядзіш і думаеш, як яго падшыць, каб ён не разваліўся, — прызнаецца яна.
Частку рэчаў Ганна рабіла самастойна, частку — купляла або замаўляла. На тое, каб сабраць увесь строй, сышло некалькі месяцаў і каля 200 еўра.
Навошта жанчыны шыюць мужчынскія касцюмы
Ганна кажа, што рэканструкцыя не заўсёды дае адчуванне поўнага «пераносу» ў мінулае. На фестывалях застаецца сучаснасць: ежа, інфраструктура, біятуалеты, тэлефоны. Для апошніх да спадніц падшываюць адмысловыя кішэні.
Некаторыя ўдзельніцы выбіраюць мужчынскія вобразы, каб мець больш магчымасцяў для ўдзелу. Тыя ўдзельнічаюць у бітвах, дэманструюць зброю, а жаночыя ролі ў такіх імпрэзах часта зводзяцца да бытавых задач або проста прысутнасці ў касцюме.
Ганна таксама плануе стварыць мужчынскі вобраз XIX стагоддзя — ён дасць больш магчымасцяў для ўдзелу ў рэканструкцыі. Акрамя таго, яна хоча навучыцца фехтаваць на шаблях, што таксама папулярна на фестывалях.

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



