Новае знаёмства можа быць псіхалагічным выпрабаваннем нават у звычайнай сітуацыі. Але калі заводзіць яго даводзіцца ў чужой краіне, задача ўскладняецца. MOST спытаў беларусаў розных узростаў, якія эмігравалі ў Польшчу, як яны шукаюць «сваіх» людзей на новым месцы.
«Увесь дыялог будаваўся на маіх расповедах пра тое, як усё ўладкавана ў Беларусі»
21-гадовы Кірыл (імя змененае) вучыцца і жыве ў Польшчы амаль чатыры з паловай гады. Хлопец пераязджаў разам са сваімі знаёмымі і сябрамі, таму вострай патрэбы ў кампаніі напачатку не адчуваў, а новыя знаёмствы выбудоўваліся натуральна. Ён паступіў ва ўніверсітэт, таму першым вопытам сацыялізацыі ў новай краіне сталі стасункі з аднагрупнікамі і аднагрупніцамі.
— Да гэтага я ніколі не быў за мяжой, усё навокал было зусім новым, і я спрабаваў зразумець іншую краіну праз супастаўленне з мінулым беларускім жыццём, — прызнаецца студэнт. — Таму ўвесь дыялог будаваўся на маіх расповедах пра тое, як усё ўладкавана ў Беларусі, і пытаннях, як гэта працуе ў Польшчы. Палякі рэагавалі абсалютна нармальна і прыязна, але, мне здаецца, я пераборшчыў з гэтым. Моўных бар’ераў не было, бо вучыў польскую за паўгода да пераезду, але з’яўлялася нясмеласць пры стасунках з дзяўчатамі. Калі суразмоўца была полькай, мова ад хвалявання станавілася горшай.
Тым не менш Кірыл спрабаваў спаткацца з дзяўчатамі. У культуры спатканняў яго здзівіла, напрыклад, што полькі імкнуцца самі плаціць за сябе ў кавярнях і «маюць звычку імгненна сыходзіць у поўны ігнор без тлумачэнняў».
Беларусам у эміграцыі хлопец раіць выбудоўваць адносіны з палякамі і іншымі замежнікамі і не замыкацца ў дыяспары.
«У эміграцыі людзі значна мацней цягнуцца адзін да аднаго»
45-гадовая Надзея пераехала ў Польшчу ў лютым мінулага года і адразу пачала актыўна працаваць: весці заняткі па ёзе, займацца масажам і арганізоўваць рэтрыты. Праз прафесію яна практычна не адчула адзіноты: вакол яе вельмі хутка ўтварылася кола аднадумцаў. Аднак падчас працы з кліентамі інструктарка заўважыла вострую патрэбу эмігрантаў у стасунках па-за хобі. Цяпер яны разам ладзяць супольныя пікнікі, паездкі і ходзяць у госці.
— Мясцовых жыхароў у маім коле пакуль няма, бо з імі я яшчэ не працавала. Але заўважыла, што ў эміграцыі людзі значна мацней цягнуцца адзін да аднаго, чым дома, — распавядае Надзея. — У камунікацыі нашмат часцей узнікаюць тэмы настальгіі, суму і дэпрэсіі, бо многія вельмі цяжка перажываюць рэлакацыю. Што да мяне, то базавае пачуццё бяспекі з’явілася ў мяне толькі тут, а сумую толькі па блізкіх і па беларускай прыродзе.
Цяпер жанчына раіць усім не жыць мінулым.
— Калі ўжо так склалася, што вы пераехалі, трэба жыць напоўніцу ў новых абставінах.
«Хуліганаў дарма дэманізуюць»
Альберту (імя змененае) 21 год, ён у Польшчы з красавіка 2024 года. Першы вопыт сацыялізацыі склаўся нечакана. Разам з сябрам беларус запісаўся ў секцыю бокса, якая належала польскім футбольным хуліганам. З цягам часу таварыш кінуў заняткі, а вось Альберт працягнуў трэніроўкі.
— Хуліганаў дарма дэманізуюць, гэта самыя звычайныя людзі. Пераломны момант адбыўся, калі трэнер і большасць баксёраў пайшлі на матч свайго клуба. Мы з адным палякам ад няма чаго рабіць засталіся ў зале і правялі трэніроўку ўдваіх. Так ён стаў маім добрым таварышам. У 2020 годзе яму было ўсяго 15 гадоў, але ён досыць добра ведаў пра падзеі ў Беларусі і вельмі здзівіўся, калі даведаўся, што я сядзеў на радзіме за палітыку. Ужо ў хуткім часе ўся секцыя ведала гэтую частку маёй біяграфіі.
Адзінай сур’ёзнай праблемай на шляху да збліжэння быў моўны бар’ер, аднак усе палякі ў зале таксама намагаліся дапамагчы беларусу яго пераадолець. Аказалася, у многіх з іх ёсць сваякі ў Беларусі.
— Вельмі часта ў мяне пыталіся, ці не з Гродна або Брэста я, бо менавіта там у іх жывуць сваякі.
Цяпер Альберт раіць заводзіць новыя знаёмствы праз агульную справу: секцыі, курсы, валанцёрства — і не баяцца размаўляць.
«Лепш як мага хутчэй сутыкнуцца з адмовай, чым гадамі жыць у сумневах»
41-гадовы экскурсавод Іван Драздоў жыве ў Польшчы ўжо больш за пяць гадоў і за гэты час яго асяроддзе цалкам змянілася. Для яго шлюбу пераезд стаў «жорсткім тэстам на трываласць», які сям’я не вытрымала. Ранейшых сяброў мужчына страціў і, як прызнаецца, апынуўся на самым дне адзіноты.
Выратаваннем сталі лакальныя беларускія чаты і выпадковыя сустрэчы ў афлайне. Яны дапамаглі Івану паступова сабраць вакол сябе каля сотні новых знаёмых — ад суайчыннікаў да мясцовых палякаў і замежнікаў з ЗША і Фінляндыі.
— Праз пару месяцаў пасля разрыву з жонкай я кінуўся ў дэйтынг, літаральна чапляўся за кожны жаночы погляд, — згадвае Іван. — Але потым зразумеў, што ўсё гэта не тое. Многія тут падаюць у самападман, у псіхалогіі гэта называецца rebound relationship (адскокавыя адносіны. — Заўв. MOST). Праграмы для знаёмстваў лічу малаэфектыўнымі з-за адсутнасці невербальнага кантакту.
Паступова мужчына знайшоў «сваіх». Гэта былі людзі з беларускіх чатаў, але, каб сфарміраваць сувязі, спатрэбілася некалькі разоў сустрэцца ў сітуацыях, дзе ўдзельнікаў аб’ядноўвалі супольныя захапленні.
Іван вывеў уласную формулу сацыялізацыі ў эміграцыі, якой цяпер гатовы падзяліцца з іншымі эмігрантамі:
— Перастаньце штучна ствараць сувязі і пачніце самі апынацца там, дзе адбываецца жыццё. Ідзіце за сваімі інтарэсамі. І калі надыдзе момант — нават калі вы кудысьці вельмі моцна спазняецеся, — спыніцеся і проста скажыце чалавеку: «Прывітанне». Лепш як мага хутчэй сутыкнуцца з адмовай, чым гадамі жыць у сумневах і шкадаваць аб уласнай нерашучасці.
«Вучыце польскую і англійскую мовы. Заклінаю»
Дан (імя зменена) жыве ў Польшчы амаль тры гады, у новую краіну ён прыехаў разам з жонкай. Доўгі час у яго было англамоўнае асяроддзе: замежныя калегі і знаёмыя жонкі. Аднак Дан адчуў патрэбу больш інтэгравацца менавіта ў польскую супольнасць.
Метадычныя самастойныя заняткі і класічныя моўныя курсы не прыносілі плёну, таму мужчына абраў нестандартны шлях — сумясціў сучасныя тэхналогіі і геймінг. Зайшоў на сервер у Discord, дзе мясцовая моладзь абмяркоўвала камп’ютарныя гульні, і пачаў вучыць мову праз жывое напісанне тэкстаў і разбор памылак. Напачатку актыўна выкарыстоўваў нейрасеткі для перакладаў: чытаў тэкст па-руску, перакладаў праз ШІ на польскую, параўноўваў і запамінаў канструкцыі, а потым наадварот — спрабаваў перакладаць польскія паведамленні сам і правяраў сябе праз праграмы.
Паступова Дан пасябраваў з палякам з Варшавы, да якога ездзіць у госці і які стаў для яго найлепшым моўным партнёрам.
З цягам часу беларус сфарміраваў сваё бачанне польскіх суразмоўцаў, якія адрозніваюцца ў залежнасці ад узросту і сацыяльнай групы.
— Ліберальная моладзь вельмі адкрытая, хоць часам з імі складана: адчуваецца, што ім не прыйшлося так хутка стаць дарослымі, як нам, у іх было больш магчымасцяў проста пражыць дзяцінства. Старое пакаленне ў васьмі з дзесяці выпадкаў будзе прыязным, старэйшыя палякі нават спрабуюць размаўляць па-руску, згадваючы савецкую школу. Самы складаны пласт — гэта катэгорыя мужчын ад 30 да 45 гадоў, асабліва тыя, хто любіць выпіць. На цвярозую галаву чалавек можа ўсміхацца, а п’яны — адразу скочваецца ў агрэсіўны шавінізм.
Галоўная парада Дана новым рэлакантам звязаная з пераадольваннем моўнага бар’ера.
— Вучыце польскую і англійскую мовы. Заклінаю. Злачынна шмат людзей адкладаюць гэта, асабліва калі ў іх англамоўная праца. Але веданне моў — гэта велізарны плюс як для сацыяльных сувязяў, так і для працаўладкавання. Перасільвайце дыскамфорт, хваляванні і сумневы — яны будуць вашымі доўгімі спадарожнікамі. Вы проста не зможаце пражыць добрыя моманты, калі не дасце ім шанцу з’явіцца. Не трэба чакаць ідэальнага часу, так можна страціць занадта шмат. Нядаўна пачуў файную фразу, якая вельмі запала мне ў душу: «Калі б вы ведалі, што да поспеху засталося 50 памылак, вы б любілі кожную з іх».
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



