Серада, 3 чэрвеня 2026
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

«Добрыя парадкі ў нас». Як ксёндз-беларус пабудаваў два касцёлы ў Беластоку

MOST MOST
3 чэрвеня 2026, 16:55
Гісторыі
A A
Антоні Левош

Вежа касцёла Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Фота: MOST. Кс. Антоні Левош. Фота: Wikimedia Commons. Вежа касцёла святога Андрэя Баболі. Фота: Henryk Borawski / Wikimedia Commons, CC 4.0. Калаж: MOST.

У беластоцкіх касцёлах святога Андрэя Баболі ў Старасельцах і Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідах моляцца тысячы каталікоў. Ды мала хто ведае, што іх збудаваў ксёндз, які быў беларусам. MOST расказвае пра кс. Антонія Левоша, якому гістарычныя ўмовы ХХ стагоддзя не дазволілі папрацаваць да беларускай справы, але які пакінуў трывалы след у краявідзе Беластока.

Антоні Левош нарадзіўся 10 лістапада 1896 года ў горадзе Саколка — напаўдарозе паміж Беластокам і Гроднам. Жыхары гэтага рэгіёна на сучасным польска-беларускім памежжы ў той час размаўлялі пераважна па-беларуску. Большасць з іх, аднак, былі каталікамі і лічылі сябе палякамі, аднак хапала і такіх, хто выбіраў беларускую ідэнтычнасць і станавіўся дзеячам беларускага нацыянальнага руху.

З вядомых беларусаў Сакольшчыны можна прыгадаць кс. Францішка Грынкевіча з Новага Двара, які ў 1909 годзе заснаваў першы беларускі гурток у гімназіі ў Гродне, і яго брата Станіслава, доктара ў псіхіятрычным шпіталі ў Хорашчы, віцэ-старшыню Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі і аўтара папулярна-навуковых кніг аб гігіене і медыцыне на беларускай мове. З вёскі Слойнікі каля самай Саколкі паходзіў беларускі каталіцкі публіцыст Дамінік Аніська, з вёскі Парчоўцы — сям’я Антонія Неманцэвіча, экзарха Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы, якога забілі немцы ў 1943 годзе.

Антоні Левош
Касцёл святога Антонія ў Саколцы, 1896 год. Фота: Wikimedia Commons. Карэспандэнцыя Антонія Левоша ў віленскім тыднёвіку Przyjaciel, №4, 1914 год. Калаж: MOST.

Антоні Левош з юнацтва моцна стараўся пра здабыццё навукі. У 1913 годзе ён скончыў расійскую гарадскую школу ў Саколцы, а потым яшчэ год прыватна вучыўся польскай і лацінскай мовам, каб атрымаць магчымасць вучыцца на ксяндза. Свае погляды пра каштоўнасць асветы 17-гадовы Левош выказаў у карэспандэнцыі, што выйшла ў лютым 1914 года ў віленскім польскім тыднёвіку Przyjaciel:

— На жаль, нашыя сяляне лічаць асвету непатрэбным глупствам і не хочуць нават у пачатковыя школы пасылаць сваіх дзяцей, пакідаючы іх у поўнай цемры — без ведання свету, жыцця і нават сваёй рэлігіі. Што ж дзіўнага, калі з такога дзіцяці вырастае ізгой грамадства, які не ўмее ўшанаваць ніякага закону — нават Божага, і часта сваіх бацькоў выганяе з дому на жабрацтва, не даючы ім кавалка хлеба, якога яны самі ўжо зарабіць не могуць.

Антоні Левош паступіў у віленскую каталіцкую семінарыю ў 1914 годзе. Яго навучанне прыйшлося на цяжкія гады Першай Сусветнай вайны. У 1915 годзе Вільню занялі немцы, у студзені 1919 года — бальшавікі, а ў красавіку — Польскае войска. 30 мая 1920 года віленскі біскуп Юры Матулевіч высвяціў Антонія Левоша на святара. Разам з ім святарамі сталі яшчэ двое беларусаў — Казімір Кулак з-пад Дубровы на Сакольшчыне і Францішак Чарняўскі з Ашмяншчыны.

Біскуп накіраваў Антонія Левоша служыць вікарыем у Фарным касцёле ў Гродне. У ліпені горад занялі бальшавікі.

Антоні Левош
Фарны касцёл святога Францішка Ксаверыя ў Гродне. Крыніца: Narodowe Archiwum Cyfrowe. Нататка ў газеце Krynica (№28, 1921). Калаж: MOST.

— Кс. Леош прыехаў на свой вікарыят перад самым наездам бальшавіцкім і быў адным з ксяндзоў, якія асталіся ў Городні і мелі адвагу змерыцца з бальшавізмам. Таварышчы, як прыйшлі ў Горадню, арыштавалі кс. Л. і толькі ўдалося яму нейкім парадкам уцячы з іх няволі. Інакш сядзеў бы ён гдзесь у турме, а мо’ і ня жыўбы дагэтуль, — пісаў карэспандэнт беларускай газеты Krynica ў 1921 годзе (тут і далей арыгінальная арфаграфія захаваная).

Аўтар допісу добрымі словамі адгукаўся пра служэнне кс. Левоша, і наўпрост называў яго беларусам:

— Шчырая і карысная праца кс. Л. з’еднала шмат прыхільных людзей у Горадні і па вёсках, гдзе народ убачыў у ім ня толькі добрага душпастыра Хрыстовага, але такжа і свайго сябру. Цяпер кс. Л. едзе ў Люблін, гдзе ўжо некалькі ксяндзоў беларусаў атрымлівае вышэйшую тэологічную веду, каб прыгатавацца да працы на Беларусі.

Пасля вучобы ў Люблінскім каталіцкім універсітэце кс. Антоні Левош правёў 1925-1927 гады ў Рыме, дзе быў студэнтам філасофіі ва ўніверсітэце Angelicum. Ён абараніў там доктарскую дысертацыю.

Як і многія з ксяндзоў-беларусаў пачатку ХХ стагоддзя, кс. Левош цікавіўся пытаннем Уніі, якая б, на ўзор Берасцейскай уніі 1596 года, дазволіла б злучыць у адным Касцёле вернікаў лацінскага і візантыйскага абрадаў, захаваўшы літургічную, культурную і моўную ідэнтычнасць кожнага. Беларускія каталіцкія дзеячы пачатку ХХ стагоддзя лічылі, што адраджэнне Уніі дазволіць вярнуць адзінства Касцёла, а пры нагодзе паспрыяе захаванню адзінства беларускага народа.

У ліпені 1927 года кс. Антоні Левош у складзе беларускай дэлегацыі прымаў удзел ва Унійным кангрэсе ў Велеградзе ў Славакіі. У верасні 1931 года ён быў адным з сакратароў унійнай канферэнцыі ў Пінску. На працягу 1920-х гадоў, падчас яго вучобы ў Любліне і Рыме, імя кс. Антоні Левош сустракаецца сярод падпісчыкаў тыднёвіка Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Biełaruskaja Krynica.

Антоні Левош
Дэлегацыя беларусаў на Унійным кангрэсе ў Велеградзе, ліпень 1927 года. Стаяць (злева направа): Адольф Клімовіч, кс. Францішак Чарняўскі, Францішак Грышкевіч. Сядзяць: кс. Андрэй Цікота, арцыбіскуп оламаўцкі Леапольд Прэчан, мітрапаліт галіцкі Андрэй Шаптыцкі, кс. Язэп Рэшаць, кс. Антоні Левош. Крыніца: Chryścijanskaja Dumka, №7, 1928.

Вярнуўшыся на радзіму, кс. Антоні Левош атрымаў прызначэнне на пасаду вікарыя ў касцёле Святога Яна ў Вільні — колішнім універсітэцкім касцёле. Ён актыўна ўдзельнічаў у розных праявах касцельнага жыцця: пачаў адраджаць  брацтва Божага Цела і Міласэрнасці, якое заснаваў яшчэ ў XVI стагоддзі знакаміты езуіт Пётр Скарга, стаў на чале арганізацый, якія займаліся каталіцкім выхаваннем моладзі і падтрымкай каталіцкіх місій у Афрыцы.

Асаблівым яго інтарэсам была літургіка — кс. Левош пісаў для парафіяльнага бюлетэня артыкулы аб гісторыі і значэнні розных касцельных набажэнстваў і абрадаў і чытаў для парафіянаў лекцыі аб Святой Імшы. У студзені 1929 годзе ён выступіў перад каталікамі-студэнтамі ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя з дакладам «Грамадскі характар каталіцкай літургіі».

Служачы ў Вільні, кс. Антоні Левош падтрымліваў кантакты і з беларускім рухам, актыўным у гэтым горадзе. У 1929 годзе ён спавядаў вучняў Беларускай гімназіі, якія ўдзельнічалі ў рэкалекцыях у касцёле Святога Мікалая — месцы беларускага рэлігійнага жыцця ў міжваенны час. Таксама ён далучыўся да Беларускага каталіцкага выдавецтва — арганізацыі, якая займалася выданнем каталіцкай літаратуры на беларускай мове.

Антоні Левош
Група беларускіх каталіцкіх святароў у Вільні, міжваенны перыяд. Стаяць (справа налева): кс. Антоні Левош і кс. Станіслаў Грынкевіч. Сядзяць: кс. Адам Станкевіч, кс. Язэп Германовіч, кс. Вінцэнт Гадлеўскі. Крыніца: Wikimedia Commons.

У верасні 1932 года касцельныя ўлады пераводзяць кс. Антонія Левоша з Вільні ў Старасельцы. Гэта было паселішча, якое ўзнікла ў 70-я гады ХІХ стагоддзя каля станцыі і чыгуначных майстэрняў пад Беластокам. У міжваенны час Старасельцы атрымалі статус горада, а ў 1954 годзе былі далучаныя да Беластока. Беларускія газеты пісалі, што перавод кс. Левоша з Вільні на правінцыю мог быць пакараннем за ягоную беларускасць.

Аднак магла быць іншая прычына: летам 1932 года трагічна загінуў старасельскі пробашч кс. Павел Грыбоўскі, і на яго месца трэба было знайсці святара, які здольны арганізаваць жыццё хоць невялікай, але гарадской парафіі. Кс. Левош надаваўся да гэтага.

У Старасельцах кс. Антоні Левош не абмежаваўся толькі служэннем набажэнстваў. Ён заклаў цэлы шэраг рэлігійных арганізацый: Марыянскую Садаліцыю, каталіцкія таварыствы мужчын, жанчын, мужчынскай і жаночай моладзі. Заснаваў Caritas — дабрачынную арганізацыю, што дапамагала найбяднейшым парафіянам.

— Два гады таму кончацца, як у нас другі пробашч настаў Антоні Левош. Гэты ксёндз вытрывала ў нас працуе (…). Гэты пробашч нам кругом падабаецца. Добрыя парадкі ў нас у касцеле і каталіцкія арганізацыі развіваюцца ў нас добра, — пісаў у 1934 годзе жыхар Старасельцаў для Biełaruskaj Krynicy.

Прыватна кс. Антоні Левош працягваў падтрымліваць кантакты з беларусамі, пра што сведчыць, паміж іншым, захаваная перапіска.

Антоні Левош
Паштоўка невядомага аўтара, напісаная на беларускай мове лацінкай, адпраўленая 14 жніўня 1936 года кс. Станіславу Грынкевічу. Аўтар піша, што гасцюе ў кс. Язэпа Рэшаця ў Доўнарах, а пазней плануе правесці некалькі дзён у кс. Антонія Левоша ў Старасельцах.

Самым маштабным праектам кс. Левоша ў Старасельцах было будаўніцтва новага касцёла. Перад тым каталікі ў Старасельцах маліліся ў невялікім будынку, які пры Расійскай Імперыі быў праваслаўнай капліцай. Пасля аднаўлення незалежнасці Польшчы капліцу забралі сабе каталікі. Але будынак быў замалы для трохтысячнай парафіі. Ужо ў 1933 годзе кс. Антоні Левош заснаваў камітэт будаўніцтва касцёла — давялося збіраць грошы, набываць зямлю, даручаць распрацоўку праекта святыні.

Некаторыя публікацыі называлі аўтарам праекта касцёла Оскара Сасноўскага — таго, што праектаваў касцёл святога Роха. Пасля больш уважлівага вывучэння дакументаў высветлілася, што аўтарам праекта быў інжынер Леанард Матулевіч з Беластока, які ў юнацтве пэўны час жыў у Гродне.

Новы касцёл атрымаў тытул у гонар святога Андрэя Баболі. Гэта быў езуіт, які служыў у XVII стагоддзі ў Вільні, Нясвіжы, Бабруйску і Пінску і вёў місіянерскую працу на Палессі. У 1655 годзе яго затрымалі ўкраінскія казакі ў Янаве (цяпер — горад Іванава Брэсцкай вобласці), а калі той адмовіўся вырачыся каталіцкай веры, закатавалі на смерць. 17 красавіка 1938 года Папа Пій ХІ кананізаваў Андрэя Баболю — гэта была важная падзея для  Касцёла ў Польшчы, а асабліва ў яе ўсходняй палове.

Антоні Левош
Кс. Антоні Левош з настаўнікамі і вучнямі пачатковай школы ў Старасельцах. Фота з калекцыі Мечыслава Марчака

У 1937 годзе пачалося будаўніцтва падмуркаў. 18 верасня 1938 года ў Старасельцы былі ўрачыста ўнесеныя рэліквіі святога Андрэя Баболі, а арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі асвяціў вуглавы камень новага касцёла. Увесь 1939 год будавалі сцены касцёла, але будоўлю перапыніў пачатак Другой Сусветнай вайны. Ноччу з 16 на 17 верасня, калі горад ужо занялі немцы, кс. Антоні Левош сабраў некалькіх жыхароў, каб уратаваць званы — іх замуравалі ў будынку пажарнай варты.

Саветы, якія неўзабаве занялі Беласточчыну, выгналі кс. Левоша з плябаніі — ён перабраўся на кватэру да аднаго з парафіянаў. Немцы, калі прыйшлі зноў у 1941 годзе, забралі няскончаны будынак касцёла і ўладкавалі там майстэрні. 5 студзеня 1944 года немцы арыштавалі кс. Антонія Левоша, а 3 мая выпусцілі, загадаўшы выехаць з Беластоцкай акругі. Тады ксёндз паехаў у Вільню, дзе, між іншым, дапамагаў манахіням з ордэна візітак апекавацца траімі яўрэйскімі дзецьмі, якіх хавалі ад немцаў.

У пачатку 1945 года, калі Вільня засталася ў СССР, а Падляшша вярнулася ў склад Польшчы, кс. Антоні Левош прыехаў у Беласток. Ён атрымаў парафію ў Дайлідах, у былым маёнтку на паўднёвай ускраіне горада. Там быў толькі невялікі драўляны касцёл, які да 1839 года быў уніяцкай царквой. Адразу кс. Левош узяўся будаваць новы мураваны касцёл. Праект распрацаваў Станіслаў Букоўскі — архітэктар, які ў міжваенны час працаваў у Вільні, а ў 40-я гады пераехаў у Беласток і, сярод іншага, адбудоўваў пасля ваеннага знішчэння палац Браніцкіх. Аздабленнем інтэр’ера касцёла займалася жонка Станіслава, мастачка Плацыда Букоўская. Святыня была асвечаная 28 жніўня 1955 года.

Антоні Левош
Паштоўка, выдадзеная ў гонар асвячэння касцёла ў Дайлідах. Злева бачная старая, былая ўніяцкая святыня. З калекцыі Мечыслава Марчака.

Касцёл у Старасельцах таксама не быў пакінуты, але далейшым будаўніцтвам займаўся ў 1947-1959 гадах іншы пробашч — кс. Ян Змітровіч, які да вайны служыў у вёсцы Чарневічы каля Глыбокага.

Кс. Антоні Левош быў пробашчам у Дайлідах амаль 30 гадоў. Ён актыўна ўдзельнічаў у жыцці архідыяцэзіі ў Беластоку: кіраваў рознымі каталіцкімі арганізацыямі, належаў да радаў па літургічных справах, сакральнай музыцы, касцельным мастацтве, кіраванні касцельнай маёмасцю.

Да канца жыцця кс. Антоні Левош падтрымліваў перапіску са сваім калегам з духоўнай семінарыі, беларусам кс. Казімірам Кулаком, які служыў пробашчам у Ландварове каля Вільні.

У пачатку 1973 года, цяжка хворы, кс. Антоні Левош адмовіўся ад пасады пробашча. 8 сакавіка 1975 года ён памёр. Пахаваны побач з касцёлам.

Антоні Левош
Магіла кс. Антонія Левоша каля касцёла Беззаганнага зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідах. Фота: MOST

Два касцёлы, што збудаваў кс. Антоні Левош: святога Андрэя Баболі ў Старасельцах і Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дайлідах — дагэтуль служаць каталіцкім вернікам Беластока.

Ян Рамэйка

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.

Тэгі: АртыкулыГалоўнаеГісторыя

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

легализация в Польше

«Плана Б ў нас няма». Украінка расказала пра феномен адкладзенага жыцця праз доўгую легалізацыю ў Польшчы мужа-беларуса

MOST
3 чэрвеня 2026, 12:42

Украінка Аліна і беларус Віктар (імёны змененыя) пазнаёміліся анлайн, сустрэліся ў Польшчы, а ажаніліся ў Грузіі. Аднак праз нявызначанасць у легалізацыі Віктара планаваць будучыню маладзёнам складана. Пра жыццё...

подача на польскую визу

Беларуска хотела встать на консульский учет в Польше вместе с сыном. Для этого им пришлось съездить на родину

MOST
1 чэрвеня 2026, 18:22

Тамара (все имена изменены) хотела оформить постоянное проживание за пределами Беларуси и поставить на консульский учет в Польше себя и 15-летнего сына. Раньше все это можно было сделать...

водительские права в Польше

В Польше у иностранцев проблемы с новым сервисом для обмена водительских прав и записи на экзамен по вождению. Выяснили, что делать

MOST
1 чэрвеня 2026, 14:24

В Польше заработал новый портал электронных услуг для водителей и курсантов автошкол — Info-Kierowca.pl. Через него обещали упростить получение водительских прав: онлайн можно подавать заявления, проверять статус документа...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты