Марк адкрывае борць — вялікую калоду, выдзеўбаную пасярэдзіне — і паказвае роўныя шэрагі мядовых сот. У адрозненні ад большасці пчаляроў Польшчы, у яго пчолы жывуць не ў вуллях, а ў борцях. Мёду з іх атрымліваецца менш, але беларус цешыцца: цікава назіраць, як пчолы засяляюць калоды. Колькі каштуе такі мёд і ці лёгка знайсці на яго пакупнікоў, бортнік расказаў MOST.
Бортніцтвам Марк захапіўся яшчэ ў дзяцінстве, калі заўважыў на падворку пустую старую борць. Пасля вымушанага пераезду ў Польшчу ён разам з сям’ёй пасяліўся на Падляшшы, недалёка ад беларускай мяжы. Тут ён спецыялізуецца на вырабе і продажы борцей. Такія ж аматары бортніцтва па ўсім свеце ставяць іх на падворках і чакаюць, пакуль пчолы іх заселяць.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Пакупнікі Маркавых борцей знайшліся нават у ЗША. У гэтым годзе ён прадаў у розныя рэгіёны каля 20 калод. Для кліентаў у Польшчы яго борці каштуюць ад 1,5 тыс. да 2 тыс. злотых у залежнасці ад памеру. Для Германіі ці іншых краін выходзіць даражэй.
А ў самога Марка стаіць толькі пяць борцей.
На Падляшшы, кажа беларус, ён не адзіны бортнік. Традыцыйны промысел аднаўляюць, напрыклад, у Аўгустове, дзе затым вараць з мёду медавуху. Ды й у іншых месцах бортнікі ёсць. Але аб’ёмы ва ўсіх малыя. У борці, кажа суразмоўца, мёду ў пяць разоў менш, чым у вуллі. Можа стацца, з адной борці нічога не выйдзе, з другой — пяць кілаграмаў. Каб мела сэнс гандляваць, падлічвае Марк, трэба хаця б 20 калод.
Таму ён збірае мёд не на продаж, а для сябе. Да таго ж яму цікава назіраць, як пчолы засяляюць ягоныя борці, выбіраюць месца.
Калі ж такі мёд прадаваць, атрымліваеце дорага. Марк чуў, што ў адной з гаспадарак яго прапануюць па 250 злотых за кілаграм.
— За такую цану цяжка прадаць, — лічыць ён.

Марк наракае, што гарачае надвор’е бортнікам не спрыяе. Пры засухах кветкі выдзяляюць менш нектару. Беларус сцвярджае, што гаспадарам нават прыходзілася сілкаваць сваіх пчол цукрам. Да таго ж і зімы апошнім часам сталі вільготнымі, а пчолы любяць марозныя.
Але для сябе мёду хапае. Каб адрэзаць кавалачак сот, Марк спачатку адганяе пчол дымам. А калі яны хаваюцца, збірае мёд.
Паколькі Марк добра ведае бортніцтва, яго запрашаюць з лекцыямі ў школы, ён паказвае, як аднавіць традыцыю на Падляшшы.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



