Серада, 5 жніўня 2026
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

«Недзе тут мог назіраць паляванне на зуброў Мікола Гусоўскі». Праехаліся па мясцінах на польска-беларускім памежжы

MOST MOST
5 жніўня 2026, 12:47
Гісторыі
A A
Карыцін

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Карыціне, месца служэння беларускага паэта Казіміра Сваяка. Фота: MOST

Заходняя ўскраіна колішняга Гарадзенскага павета — сёння частка Польшчы. Але шмат што нагадвае тут пра Беларусь. Наведваючы гэтыя мясціны, можна ўявіць, як маглі б выглядаць і беларускія вёскі, калі б не калектывізацыя і шэраг іншых гістарычных працэсаў. MOST выбраўся ў Бомблю і Карыцін, вёскі Падляшскага ваяводства Польшчы, і пашукаў сувязі з Беларуссю.

Дарогай нумар восем едзем са знаёмым з Беластока на поўнач, у бок Сувалак. Адразу за горадам пачынаецца лес — вялізныя прасторы Кнышынскай пушчы. Гэта недзе тут мог назіраць паляванне на зуброў ксёндз Мікола Гусоўскі, аўтар вядомай кожнаму вучню беларускай школы «Песні пра зубра». Беластоцкі гісторык Веслаў Врубэль адкрыў некалькі гадоў таму, што ксёндз Гусоўскі працаваў ва ўладаннях Мікалая Радзівіла ў недалёкай адсюль Гонядзі.

— Падабаецца гэтая дарога. Тут адчуваецца, які магутны лес — доўга праз яго едзеш, — кажа знаёмы.

Мільгае ўказальнік да заказніка Крамянка. На яго тэрыторыі археолагі знайшлі некалькі сотняў шахт, дзе тры тысячы гадоў таму здабывалі крэмень, патрэбны для вырабу прылад працы. Хто бываў у Нацыянальным гістарычным музеі ў Мінску, той памятае макет такой шахты з Росі каля Ваўкавыска. Пад Беластокам былі падобныя. Зрэшты, да згаданай Росі адсюль паўсотні кіламетраў.

Зварочваем з шашы. Едзем асфальтаванай, але вузкай і трохі пабітай дарогай, падобнай на вясковыя дарогі ў беларускай правінцыі. Перад вёскай Броды на полі недалёка ад дарогі стаіць мураваная каплічка. Яна нагадвае мне капліцу на могілках вёскі Зубкі на поўнач ад Глыбокага. Капліца прыгожа стаіць пасярод поля. Прыгожы краявід.

Каплічка каля вёскі Броды
Каплічка каля вёскі Броды. Фота: MOST

Наогул, адна з першых рэчаў у краявідзе, якая кідаецца ў вочы, калі параўноўваеш Беларусь і Падляшша, гэта палі. У Беларусі палі — агромністыя, часта аж да гарызонту, засеяныя адной культурай. У Польшчы — невялікія ўчасткі належаць кожны свайму гаспадару. Кожны кавалачак зямлі дагледжаны і кожны засеяны рознымі раслінамі — утвараюць рознакаляровы краявід. Гэтак выглядалі б палі і ў Беларусі, калі б камуністы не забралі зямлю ад сялян у калгасы. Сацыяльныя і эканамічныя наступствы калектывізацыі — гутарка асобная і сумная.

Першая мэта нашай паездкі — вёска Бомбля. Я можа і не пачуў бы нічога пра гэтую вёску, але тут каля касцёла спачыў адзін з беларускіх ксяндзоў міжваеннага перыяду Ян Семашкевіч. Ён нарадзіўся ў 1883 годзе ў Лакцянах каля Міхалішак, скончыў семінарыю ў Вільні. Ствараў беларускую рэлігійную паэзію: «Ружанец», «Дарогу крыжа», «Песні жальбы». Пісаў пад псеўданімам Янка Быліна і свецкія творы — асабліва любіў байкі з павучальным зместам.

святары
Беларускія каталіцкія святары: Ян Семашкевіч, Адам Станкевіч, Канстанты Стэповіч. Вільня, 1916 год. Крыніца: Wikimedia Commons

Касцёл у Бомблі захацелі пабудаваць самі сяляне — адзін з іх у 1943 годзе, у разгар вайны, ахвяраваў на парафію пяць гектараў зямлі. Калі выгналі немцаў, вяскоўцы хутка збудавалі касцёл ды папрасілі арцыбіскупа Рамуальда Ялбжыкоўскага, каб даў святара. Той прыслаў кс. Яна Семашкевіча. Святар правёў у Бомблі апошнія дзесяць гадоў жыцця.

Частка вёскі Бомбля, дзе знаходзіцца касцёл, перайменаваная ў Мар’янова — у гонар Багародзіцы. На месцы першай святыні стаіць новая, мураваная. Драўляны касцёл таксама служыць Богу і вернікам, перанесены ў беластоцкае прадмесце Грабоўка.

Магіла кс. Семашкевіча знаходзіцца перад самым касцёлам. Нішто не нагадвае, што ён беларускі паэт. Польскамоўны надпіс сведчыць толькі пра тое, што ён быў тут першым пробашчам. Ціха малюся «Анёл Панскі» над магілай Семашкевіча-Быліны, ды едзем далей.

Магіла кс. Яна Семашкевіча
Магіла кс. Яна Семашкевіча. Фота: MOST

Навігатар вядзе пакручастымі дарогамі праз вёскі, загадвае павярнуць то направа, то налева. Каля дарогі тут і там трапляюцца крыжы, каплічкі, недзе пасярод поля стаіць вятрак-«галандзец». Вёскі забудаваныя пераважна драўлянымі дамамі, большымі, чым у беларускіх вёсках. На гнёздах стаяць буслы.

Наступнае паселішча, куды кіруемся, — Карыцін. Тут пры самай шашы стаіць высачэзны неагатычны касцёл. Раней тут быў драўляны касцёл — парафія паўстала з часоў Жыгімонта Аўгуста ў 1571 годзе, потым у 1601 годзе Жыгімонт Ваза дадаў маёмасці на патрэбы касцёла. З XVII стагоддзя тут ёсць абраз Маці Божай Карыцінскай, які некалі быў дужа шанаваны, бо лічыўся цудадзейным.

У 1899-1904 гадах, калі расійскія ўлады трохі зменшылі абмежаванні, накладзеныя на каталікоў пасля Студзеньскага паўстання, вернікі збудавалі новы касцёл.

Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Карыціне
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа ў Карыціне. Фота: MOST

У гісторыі Карыціна таксама можна знайсці беларускі след. У час Першай Сусветнай вайны тут служыў вікарыем яшчэ адзін беларускі ксёндз-паэт, Канстанты Стэповіч. Ён пісаў пад псеўданімам Казімір Сваяк, быў аўтарам зборніка паэзіі «Мая ліра», а таксама ўкладальнікам малітоўніка Hołas Dušy, папулярнага сярод каталікоў-беларусаў у міжваенны час.

Hołas Dušy
Малітоўнік Hołas Dušy, які ўклаў ксёндз Канстанты Стэповіч. Фота: MOST

У Карыціне ксёндз Стэповіч правёў паўтара года — з сярэдзіны 1916-га да пачатку 1918-га. Паўгода з гэтага часу правёў у ложку з-за хваробы лёгкіх. Ксёндз-паэт ужо тады хварэў на сухоты, і гэтая хвароба ў маладым веку звяла яго ў магілу. «Зруйнаваў сваё здароўе», — падсумоўваў свой побыт там святар.

Канстанты Стэповіч застаў у Карыціне вернікаў, якія размаўлялі пераважна па-беларуску. Займаючыся з касцельным хорам, ён пару разоў прадэкламаваў моладзі вершы па-беларуску, пазычыў пачытаць пару беларускіх кніг. Пробашч выклікаў яго да сябе і забараніў займацца нацыянальнай працай.

Тэрыторыя вакол касцёла, уключна са старым паркам каля плябаніі, нядрэнна адноўленая. Можна прайсціся пасярод старых ліп, між якіх пэўна ж хадзіў, аддаючыся роздумам пра рэлігійныя і нацыянальныя справы, кс. Стэповіч. У глыбіні парку — крыніца, вада з якой некалі лічылася цудадзейнай. Гэтым летам крыніца перасохла.

Карыцін
Ліпавая алея на ўскраіне плябанскага парку ў Карыціне. Фота: MOST

На стэндзе з апісаннем гісторыі касцёла можна прачытаць, што плябанію збудаваў у 1924 годзе ксёндз Антоні Валентыновіч. Ён у 1902-1910 гадах збудаваў новы касцёл у Задарожжы каля Глыбокага, бо драўляная святыня там раптам згарэла ў Вялікую Пятніцу.

Перайшоўшы тунэлем шашу, трапляю на вуліцу, забудаваную драўлянымі дамамі, што вядзе на рынак. У часы Рэчы Паспалітай мястэчка належала да Гарадзенскай каралеўскай эканоміі. Цяпер на гербе — крыж з каронай, а ў матэрыялах для турыстаў з гонарам пішуць: «Каралеўскі Карыцін».

Невядома, аднак, ці бываў тут хоць раз хоць адзін з каралёў — у адрозненне ад суседняга Кнышына, дзе Жыгімонт Аўгуст праводзіў шмат часу і дзе скончыў зямное жыццё.

Карыцін
Рынак у Карыціне. Фота: MOST

Рынкавы пляц — прамавугольны, відаць перапланаваны ў час, калі Гарадзенскай эканоміяй кіраваў падскарбі Антоні Тызенгаўз. Але ў сярэдзіне рынка стаіць не помнік якому-небудзь з каралёў, і не Тызенгаўза, а скульптура «Клубнічнай князёўны» — дзяўчынкі ў спадніцы ў выглядзе ягады.

Побач — стэла з гербам мястэчка і шыльда з кароткім апісаннем гісторыі і сучаснасці «Каралеўскага Карыціна».

«Сёння ў Карыціне варта з’есці Карыцінскі сыр, наведаць Касцёл, плябанскі парк, паплаваць у вадасховішчы, зрабіць фота з Клубнічнай князёўнай, прыняць удзел у Малочным паўмарафоне, агульнапольскіх Днях клубніцаў і Свяце сыра» — напісана там.

На будынку гміны — мурал, зроблены па матывах мясцовага ткацтва, ды слоган «Мая гміна — мая Айчына — мой свет». Побач — драўляны помнік Папу Яну Паўлу ІІ.

помнік Яну Паўлу ІІ
Гміна і помнік Яну Паўлу ІІ ў Карыціне. Фота: MOST

Як і шмат дзе ў ваколіцах Беластока, адна з вуліц называецца Гродзенскай. Шыльда з яе назвай зноў нагадвае пра гістарычныя сувязі.

Ян Рамэйка

Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.

Тэгі: АртыкулыГалоўнаеГісторыяМяжа

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

закрытые глаза

Помните беларуску, которой при попытке купить жилье польский банк заблокировал миллион злотых? На нее подает в суд риелтор

MOST
4 жніўня 2026, 19:39

Сбережения всей жизни Виктория (имя изменено) решила вложить в покупку жилья в Варшаве. Она положила средства в польский банк, но, когда попыталась перевести их девелоперу, в момент транзакции...

ліст

«Даказвала, што я — гэта я». Беларуска замовіла БАДы ў ЗША — і даведалася, што павінна польскай дзяржаве 20 мільёнаў злотых

MOST
4 жніўня 2026, 14:48

Адкрыўшы ліст ад польскай падатковай службы, Таццяна ледзь не страціла прытомнасць. Яна мусіць заплаціць польскай дзяржаве 20 млн злотых. Адкуль такая сума? Жанчына пачала разбірацца — і высветліла,...

Koci Raj

«Приехал мэр, привез 10 килограммов корма». Беларуска вместе с полькой открыла в Польше временный дом для бездомных котов

MOST
4 жніўня 2026, 12:25

Кристина давно помогает бездомным животным. Когда переехала из Беларуси в Польшу, надеялась, что здесь проблем с ними нет. Но уже в первый месяц увидела на улицах своего города...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты