Субота, 25 красавіка 2026
No Result
View All Result
MOST Media
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama
No Result
View All Result
MOST Media
No Result
View All Result
Галоўная Гісторыі

Як цэнзуравалі і абмяжоўвалі беларускія газеты ў міжваеннай Польшчы

MOST MOST
16 мая 2022, 16:48
Гісторыі
A A
газеты

Фота: Бібліятэка імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы

Выдаўцам беларускіх медыя пры ўсіх уладах даводзілася дзейнічаць ва ўмовах абмежаванняў і цэнзуры. Калі ўлады былі ў меру аўтарытарныя, то абмежаванні і забароны ўдавалася абыходзіць.

Пра тое, як гэта адбывалася ў міжваеннай Польшчы, — у нашым матэрыяле.

«Канфіскаваныя» артыкулы

У 20-я-30-я гады ХХ стагоддзя польскія ўлады мелі два спосабы ўздзеяння на выдаўцоў газет. Першы і самы распаўсюджаны — гэта канфіскацыі нумароў па рашэнні адміністрацыйных уладаў. Прэвентыўнай цэнзуры ў міжваеннай Польшчы не было. Але пасля друку кожны нумар выдання трапляў на праверку ў староства. Калі чыноўнік знаходзіў у матэрыялах выдання штосьці супярэчнае заканадаўству, увесь наклад канфіскоўвалі.

Пасля канфіскацыі газета выходзіла, але без тых артыкулаў, якія былі «канфіскаваныя». Рэдакцыя мусіла другі раз траціцца на друк і паперу на выданне таго самага нумара. А на месцы «канфіскаваных» артыкулаў заставаліся белыя плямы.

«Не можам надрукаваць Ваш матэрыял, бо газета выйдзе белабокай», — так часта адказвалі рэдакцыі аўтарам карэспандэнцый з правінцыі і вершаў у 30-я гады.

Фота: Бібліятэка імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы
Фота: Бібліятэка імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы

Закрываюць газету — мяняем назву і галоўнага рэдактара

Другім спосабам ціску на прэсу было закрыццё газет. Орган улады, які рэгістраваў газету, забараняў яе выданне.

На першы погляд здавалася б, што закрыццё газеты мусіць быць катастрофай для рэдакцыі. Але з гэтага было выйсце.

У 20-я гады ХХ стагоддзя ў Вільні выдавалася некалькі дзясяткаў найменняў беларускіх газет левага кірунку. Яны досыць востра крытыкавалі польскую ўладу, таму часта траплялі пад канфіскацыі і закрыццё. Але не трэба думаць, што гэтыя дзясяткі газет выдаваліся адначасова — беларускі рух не быў настолькі багаты, каб фінансаваць выданне вялікай колькасці прэсы.

Рэч у тым, што калі адміністрацыйныя ўлады забаранялі выданне газеты, праз некалькі дзён беларускія выдаўцы рэгістравалі новую. Той самы адрас рэдакцыі — Віленская, 12, кватэра 6. Тая самая вёрстка, тая самая тэматыка выдання, той самы спіс падпісчыкаў. Каб працягваць выдавацца, газета мяняла назву і галоўнага рэдактара. Назвы пры гэтым так ці гэтак «навязваліся» да назвы папярэдняй газеты.

Гэтак, у сакавіку 1926 года ўлады зачынілі газету «Беларуская Ніва», якая выходзіла два разы на тыдзень. Замест яе 9 красавіка 1926 года пачала выходзіць «Беларуская Справа». Выдаўцы прадчувалі, што ўлады яе закрыюць, таму па тым жа адрасе рэгіструецца газета «Народная Справа», першы нумар якой выходзіць 4 чэрвеня. 31 ліпеня выходзіць апошні нумар «Беларускай Справы», а 4 жніўня яе падпісчыкі атрымліваюць «Народную Справу» са сціплага памеру абвесткай на першай старонцы: «Замест “Беларускай Справы” — высылаем нашым падпішчыкам часова “Народную Справу”».

Фота: Бібліятэка імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы
Фота: Бібліятэка імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы

30 верасня падпісчыкі «Народнай Справы» атрымалі газету «Наша Справа» з прыпіскай: «Дзеля тэхнічных прычынаў замест чарговага нумару “Народнае Справы” ўсім яе падпішчыкам у гэтым тыдні рассылаецца №1 “Нашай Справы”». Некаторы час выданні існавалі паралельна, «Народная Справа» пратрымалася да канца лістапада, а са снежня 1926 года яе падпісчыкі сталі рэгулярна атрымліваць «Нашу Справу».

«Наша Справа» паспела напісаць пра арышты беларускіх паслоў Сойму, звязаных з Беларускай Сялянска-Работніцкай Грамадой — самай масавай у гісторыі беларускай палітычнай партыяй, якія адбыліся ў студзені 1927 года. 22 студзеня выйшаў апошні нумар газеты, і яна была зачынена.

Але ўжо 26 студзеня 1927 года замест зачыненай «Нашай Справы» выйшаў «Наш Голас». Яго выйшла дзесяць нумароў. 4 сакавіка 1927 года замест зачыненага «Нашага Голаса» выйшла «Наша Воля». Яе зачынілі пасля чатырох нумароў. Каб не пазбаўляць чытачоў навін, рэдакцыя на Віленскай, 12 выдае 16 сакавіка аднаднёўку «Наш Водклік», а 24 сакавіка — «Водклік».

Фота: Бібліятэка імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы

А ўжо 30 сакавіка на Віленскай, 12 пачынае выходзіць газета з назвай «Наша Праўда». Яна «пражыла» адносна доўга — выйшла 50 нумароў, апошні 24 верасня 1927 года, і была зачынена.

Ужо 1 кастрычніка падпісчыкі атрымалі газету з назвай «Наша Праца». Пасля дзевяці нумароў яе зачынілі і 5 лістапада 1927 года выйшла газета пад назвай «Праца». Пасля шасці нумароў зачынілі і яе, таму 7 снежня пачала выходзіць газета «Права Працы». Яе таксама выйшла шэсць нумароў, і ў апошні дзень 1927 года чытачам прыйшла аднаднёўка «Новагодняя Праца».

Новы 1928 год пачаўся з новай газеты — 4 студзеня выйшла «Думка Працы». Яе выйшла дзевяць нумароў. Улады закрывалі газеты ў сярэднім кожны месяц, і кожны месяц выдаўцам даводзілася іх адкрываць наноў. 1 лютага 1928 года замест яе пачала выходзіць «Сіла Працы». 14 красавіка стаў выходзіць «Голас Працы». 2 чэрвеня — «Зара Працы», 4 ліпеня — «Сцяг Працы», 3 жніўня — «Доля Працы», 1 верасня — «Рэха Працы», 5 кастрычніка — «Слова Працы», 5 лістапада — «За Працу».

Фота: Бібліятэка імя Урублеўскіх Акадэміі навук Літвы

У 1929 годзе гэтыя «кошкі-мышкі» з уладамі скончыліся. І справа, верагодна, не ў тым, што беларусы перабралі ўсе магчымыя назвы, а ў тым, што скончыліся грошы.

Арышты рэдактараў

На фоне вялікай колькасці выпадкаў, калі закрываліся газеты, рэдактары нячаста траплялі ў турмы. Але такое таксама здаралася. Гэтак, у 1924 годзе трапіў на Лукішкі Антон Войцік, ураджэнец вёскі Вярэнькі Параф’янаўскай гміны, які быў рэдактарам газеты «Сын Беларуса». Некалькі месяцаў ён быў пад следствам, а перадачы яму насіла Людвіка Сівіцкая, па першым мужы Шантыр, вядомая як пісьменніца Зоська Верас. Пасля таго, як Антон выйшаў з турмы, ён пабраўся шлюбам з Людвікай, і яны разам жылі і займаліся беларускай грамадскай дзейнасцю.

Ці можна пераняць досвед віленскіх выдаўцоў з 20-х гадоў ХХ стагоддзя ў сённяшніх беларускіх умовах? Наўрад ці. Шчыліны ў заканадаўстве не дапамагаюць тады, калі ў краіне «не до законов».

Тэгі: АртыкулыГалоўнаеГісторыя

ГАЛОЎНЫЯ НАВІНЫ

бизнес в Польше

Убирали «квартиру Плюшкина» и комнату, где месяц лежал покойник. У беларусов в Польше бизнес — клининг не для слабонервных

MOST
24 красавіка 2026, 20:49

«Дверь вынесли пожарные, полиция осмотрела квартиру — и мы начали убирать», — так буднично Антон (имя изменено) рассказывает о своем бизнесе в Польше. На заказы, которые он берет,...

льготный кредит на жильё в Польше

«600 тысяч злотых за квартиру — это нормально?» Беларусы в Гданьске завели блог, чтобы накопить на жилье

MOST
24 красавіка 2026, 18:54

Максим и его девушка Эвелина запустили блог в Instagram, чтобы накопить на собственное жилье в Польше. За каждого подписчика они добавляют один злотый в копилку. Беларусы живут в...

купить квартиру в Польше

«Дают даже после трех отказов». Кредитный консультант объясняет, как беларусам получить ипотеку в Польше

Партнёрскі матэрыял
24 красавіка 2026, 15:17

Иммигранты все чаще покупают жилье в Польше в ипотеку. Соосновательница кредитного бюро Credyt Is Ирина Гаджаева рассказала MOST, реально ли иностранцу взять ипотеку в Польше в 2026 году,...

  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
  • Рэклама/Reklama
Пры выкарыстанні зместу MOST прачытайце нашы Правілы выкарыстання матэрыялаў

Звяжыцеся з намі: [email protected]

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты

No Result
View All Result
  • Галоўная
  • Навіны
  • Гісторыі
  • Гайды
  • Падтрымай!
  • ПРА НАС
    • Палітыка выкарыстання Cookies (EU)
    • Правілы выкарыстання матэрыялаў
  • Рэклама/Reklama

© 2026 Mostmedia.io. Час будаваць масты