З’езд Саюза палякаў у Беларусі, які планавалі правесці ў Гродне 13 верасня, перанеслі на сакавік 2027 года. Нягледзячы на гэта, дзеяч арганізацыі, журналіст і былы палітвязень Анджэй Пачобут не збіраецца адкладваць вяртанне ў Беларусь і плануе паехаць у Гродна на бягучым тыдні.
5 верасня ў Беластоку прайшло пасяджэнне Галоўнай рады Саюза палякаў у Беларусі. У ім прынялі ўдзел каля 50 чалавек: сябры Галоўнай рады, кіраўнікі рэгіянальных аддзяленняў і дырэктары цэнтраў навучання польскай мове, што дзейнічаюць пры Саюзе палякаў.
Як паведамляе партал Саюза палякаў у Беларусі, удзельнікі пасяджэння «размаўлялі аб будучыні саюза, захаванні яго структур і дзейнасці, а таксама аб тым, як у сённяшніх умовах узмацняць польскую адукацыю і ангажаваць [у грамадскую дзейнасць] чарговае пакаленне».
Кіраўніцтва Саюза палякаў планавала сабраць у Гродне 13 верасня з’езд арганізацыі. Але на пасяджэнні вырашылі адкласці яго на сакавік 2027 года. Прычынай пераносу называюць «пытанні бяспекі».
Варшава спрабуе дамовіцца з Мінскам
Сябры Саюза палякаў абмеркавалі планы па легалізацыі арганізацыі. З 2005 года СПБ дзейнічае без дзяржаўнай рэгістрацыі. Галоўная Рада перадала паўнамоцтвы для легалізацыі СПБ старшыні арганізацыі Анжаліцы Борыс.
— Гэтыя дзеянні будуць пачатыя тады, калі мы будзем праінфармаваныя польскім бокам, што ёсць афіцыйная згода беларускіх уладаў, — паведамляе Борыс.
Паводле выдання Rzeczpospolita, Борыс сказала, што «атрымала сігналы з Мінска» пра магчымую рэгістрацыю Саюза палякаў. Па звестках выдання, Польшча праводзіць «нялёгкія размовы» з беларускімі ўладамі аб легалізацыі Саюза палякаў.
Пачобут усё адно паедзе ў Гродна
Дзеяч польскай меншасці і журналіст Анджэй Пачобут, які быў вызвалены ў красавіку падчас абмену вязняў на польска-беларускай мяжы, збіраўся ехаць у Гродна для ўдзелу ў вераснёўскім з’ездзе СПБ. Пачобут паведаміў, што перанос з’езда не мяняе яго планаў — ён збіраецца ў Гродна на гэтым тыдні.
— Я еду туды не таму, што [маю] нейкія там асабістыя матывы. Гэта справа, якой я прысвяціў значную частку свайго жыцця. Я хачу, каб гэтая справа функцыянавала, каб Саюз [палякаў] развіваўся, — цытуе Пачобута Polskie Radio Białystok.
Чым займаецца Саюз палякаў
Саюз палякаў у Беларусі быў заснаваны ў 1990 годзе. Мэтамі арганізацыі з’яўляюцца папулярызацыя польскай культуры і адукацыі, захаванне польскай нацыянальнай спадчыны. У 2005 годзе беларускія ўлады з фармальных прычын не прызналі вынікі з’езду, на якім старшынёй была абраная Анжаліка Борыс. Пры падтрымцы ўладаў быў праведзены другі з’езд, які прывёў да расколу арганізацыі і ўтварэння двух саюзаў — «незалежнага» і «праўладнага».
Супраць сяброў незарэгістраванага і непрызнанага беларускімі ўладамі Саюза палякаў у Беларусі неаднаразова ўжываліся рэпрэсіі. У сакавіку 2021 года сілавікі арыштавалі па крымінальнай справе аб «рэабілітацыі нацызму» пяць актывістаў польскай нацыянальнай меншасці, у тым ліку кіраўнікоў Саюза палякаў Анджэя Пачобута і Анжаліку Борыс. Фармальнай падставай стала тое, што польскія актывісты ўшаноўвалі дзеячаў Арміі Краёвай — падпольнай узброенай арганізацыі, якая ў час Другой сусветнай вайны ваявала за незалежнасць Польшчы супраць нацыстаў, а ў 1944 годзе частка яе сяброў пачала дзеянні супраць камуністаў.
Пасля масавых рэпрэсій, якія праходзілі ў Беларусі з 2020 года, Саюз палякаў застаўся адзінай незалежнай арганізацыяй, што працягнула дзейнасць. Галоўнай сферай з’яўляецца адукацыя — у 50 пунктах Саюз палякаў арганізаваў навучанне польскай мове для больш як 3 тыс. дзяцей. Арганізацыя ладзіць летнікі і экскурсіі для дзяцей у Беларусі і Польшчы, даглядае месцы памяці і вайсковыя могілкі. У СПБ заяўляюць, што да арганізацыі належыць 12 тыс. чалавек.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



