Ксенія і яе муж Юры жывуць у Варшаве, працуюць у IT-сектары і захапляюцца байдарачнымі сплавамі. Праз легалізацыю цяпер яны не могуць выязджаць з Польшчы, таму замест падарожжа за мяжу вырашылі зладзіць дзесяцідзённы паход па польскіх рэках. Запланаваныя 209 кіламетраў яны прайшлі за шэсць дзён, а падчас аднаго з начлегаў ледзь не страцілі байдаркі праз рэзкі ўздым вады. Ксенія расказала MOST, як яны рыхтаваліся да такой вандроўкі, колькі яна каштавала і чым байдарачныя паходы ў Польшчы адрозніваюцца ад звыклых ім паходаў у Беларусі.
Ксенія і Юры пачалі хадзіць у байдарачныя паходы яшчэ ў Беларусі. Па словах Ксеніі, там яны паспелі зладзіць больш за 60 сплаваў, пры гэтым па некаторых рэках хадзілі не адзін раз. Пасля пераезду хобі не кінулі — за чатыры гады ў Польшчы прайшлі яшчэ каля 30 рэк.
Ксенія таксама стварыла невялікую суполку людзей, якія захапляюцца байдарачнымі паходамі. Разам яны ладзяць некамерцыйныя сплавы па польскіх рэках.
Звычайна падчас водпуску Ксенія і Юры падарожнічаюць за мяжой, а на байдаркі выбіраюцца на выходныя. Але сёлета ў іх скончылася карта побыту, таму на час водпуску яны засталіся ў Польшчы і замест звычайнага падарожжа вырашылі зладзіць доўгі сплаў.
— Гэтым разам хацелася адысці ад такіх звычайных падарожжаў і зрабіць паўнавартасную прыгоду на дзесяць дзён, — расказвае Ксенія.

Маршрут яны выбіралі так, як звычайна шукаюць рэкі для сплаваў: узімку глядзелі на YouTube відэа пра польскія рэкі і вырашылі пайсці па Вдзе. У выніку запланавалі маршрут на 209 кіламетраў: прайсці па Вдзе, выйсці ў Віслу і працягнуць шлях па ёй. Спяшацца не хацелі: абое былі стомленыя пасля працы і разлічвалі на спакойны тэмп.
«Мы ходзім, можна сказаць, па-старому»
За гады ў Польшчы Ксенія заўважыла, што тут байдарачныя сплавы часта выглядаюць інакш, чым тыя, да якіх яны з Юрыем прывыклі яшчэ ў Беларусі.
— Мы ходзім, можна сказаць, па-старому: з катлом, з гітарай, з усімі рэчамі ў байдарцы. У Польшчы часта бачым іншы падыход: байдарка пустая, рэчы едуць дзесьці па беразе ў бусе, а людзі проста адпачываюць на рацэ, — расказвае Ксенія.
Такі фармат не раз выклікаў цікавасць у палякаў, якіх яны сустракалі на маршрутах. Некаторыя казалі, што раней таксама хадзілі ў паходы падобным чынам, але цяпер так робяць радзей.

Адрозніваецца і пошук маршрутаў. Ксенія кажа, што ў Беларусі яны карысталіся сайтам, дзе можна было адразу паглядзець розныя водныя маршруты. У Польшчы падобнага адзінага рэсурсу яны пакуль не знайшлі, таму шукаюць інфармацыю на картах, у Google і на YouTube.
Па-іншаму працуе і арэнда байдарак. У Беларусі яны звычайна шукалі арандатара ў горадзе, дзе жылі, а потым самастойна арганізоўвалі транспарціроўку байдарак да месца сплаву. У Польшчы, прынамсі ў іх рэгіёне, можна знайсці фірму непасрэдна каля ракі і разам з байдаркамі замовіць трансфер да месца старту.
У паходзе гатавалі шакшуку, пад-тай і рызота
Для гэтай вандроўкі Ксенія загадзя адзначыла магчымыя месцы для начлегу, участкі, дзе байдаркі давядзецца пераносіць па сушы, і крамы па дарозе. Усе прадукты браць з сабой не хацелі — частку планавалі дакупляць на маршруце.
Меню, як і звычайна ў паходах, Ксенія склала загадзя, каб разлічыць, колькі і якіх прадуктаў спатрэбіцца. Пры гэтым стараліся, каб ежа была разнастайнай, але не займала шмат месца і не дадавала лішняй вагі. Ксенія разлічвала колькасць прадуктаў, іх вагу і калараж, сушыла мяса, рабіла соусы і хатняе песта. Крупы таксама ўзважвалі.
— У нас ёсць такі прынцып: мы ніколі не гатуем нешта проста накшталт макаронаў з тушонкай. Хочацца, каб несці было не шмат, але пры гэтым было смачна, — расказвае Ксенія.

У меню, напрыклад, былі шакшука, пад-тай, рызота, паста з песта і рыбны суп.
Да месца сустрэчы з трансферам Ксенія і Юры дабіраліся самі, а адтуль фірма, у якой яны арандавалі байдаркі, адвезла іх да пункту старту. Звычайна яны ходзяць на двухмеснай байдарцы, але гэтым разам узялі дзве аднамесныя: у Польшчы на рэках шмат электрастанцый і пераносаў, таму так было прасцей.
Трансфер, арэнда дзвюх байдарак і вазок для іх пераносу каштавалі каля 2200 злотых.

209 кіламетраў замест дзесяці дзён прайшлі за сем
Спачатку Ксенія і Юры стараліся ісці павольна, але на некаторых участках рака дазваляла рухацца значна хутчэй. У адзін дзень яны прайшлі каля 45 кіламетраў, у наступны — яшчэ каля 40. У выніку ўвесь маршрут скончылі за сем дзён замест запланаваных дзесяці.
Але простым ён быў не ўсюды. У верхняй плыні сустракаліся парогі і перакаты, дзе трэба было ўмець кіраваць байдаркай. Некалькі разоў Ксенія і Юры спыняліся, каб дапамагчы іншым турыстам, якія перакуліліся: выцягвалі байдаркі і вылівалі з іх ваду.
Адна з самых запамінальных сітуацый здарылася пасля праходу адной з электрастанцый. Пара знайшла месца для начлегу, выцягнула байдаркі на пясчаны бераг, занесла рэчы вышэй і павесіла гамакі.
Праз некаторы час Ксенія заўважыла, што змяніўся гук вады.
— Я іду на мост і разумею, што вады стала нашмат больш. Парога ўжо не відаць, камянёў, якія былі побач, таксама не відаць — усё ў вадзе. Бягу да месца, дзе мы пакінулі каякі, а адзін каяк ужо сплывае, другі таксама збіраецца. Я забягаю ў ваду, хапаю адзін, падхопліваю другі і пачынаю клікаць Юру, — расказвае Ксенія.

Пазней яны паглядзелі на шкалу вымярэння ўзроўню вады. Паводле Ксеніі, візуальна вада паднялася прыкладна на 40 сантыметраў. Яна мяркуе, што гэта магло быць звязана з працай электрастанцыі.
— Мы былі і ў Нарвегіі, і ў Беларусі, шмат дзе хадзілі. Такога ніколі не было. Цяпер у нас ёсць новы пункт: калі стаіш пасля электрастанцыі, трэба выцягваць каякі як мага вышэй, — кажа Ксенія.
Для начлегу ў лесе трэба шукаць дазволеныя месцы
Па словах Ксеніі, у Польшчы нельга проста паставіць намёт там, дзе захочацца, або распаліць вогнішча ў любым месцы.
На маршруце можна спыняцца ў кемпінгах і на палях для намётаў. Але для Ксеніі і Юрыя гэта не заўсёды той фармат, якога яны чакаюць ад паходу.
— Ты прыязджаеш з намётам, але ў цябе ёсць кухня, туалет, душ з цёплай вадой. З аднаго боку, гэта камфортна, але трохі не тое, чаго чакаеш, калі едзеш у дзікую прыроду, — кажа яна.
Для больш «дзікага» начлегу Ксенія карыстаецца праграмай Zanocuj w lesie і картамі MBDL, дзе можна знайсці дазволеныя для начлегу ў лесе месцы. Таксама яна правярае Google Earth і Organic Maps, каб загадзя паглядзець мясцовасць і выбраць стаянку.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



