Васіль Калач называе сябе не проста экскурсаводам — ён уваходзіць у ролю персанажа з пэўнай эпохі. І расказвае пра гістарычныя падзеі ад ягонай асобы. Беларускі акцёр, рэжысёр, фехтавальшчык і папулярызатар гісторыі цяпер праводзіць экскурсіі ў Беластоку. Як гэта адбываецца і як такі фармат успрымаюць жыхары горада, ён паказаў праекту MOST «Беларусы могуць».
Васіль родам з Гродна. Аднак легальна праводзіць экскурсіі на радзіме ён не мог: не было здадзенага экзамену экскурсавода.
— Ды я і не абараніў бы са сваімі тэмамі ніколі ў жыцці. Таму што ідэалогія і цэнзура зарэзала бы ўсё гэта на стадыі паданай паперы, — тлумачыць ён. І дадае, што частка экскурсій прайшла напрыканцы 2020-га і ў 2021 годзе, і тады заўсёды была рызыка таго, што яго арыштуюць.
Вымушана пакінуўшы радзіму і прыехаўшы ў Беласток, Васіль пачаў цікавіцца гісторыяй горада. Цяпер ён расказвае групам не толькі пра дзеянні каралёў ці іншых гістарычных постацей, але і пра тое, якім быў лад жыцця і стасункі жыхароў горада.
Экскурсіі Васіль праводзіць па-беларуску і па-польску. У яго няма моўнага бар’ера. У Гродне польская мова заўсёды была на слыху, да таго ж ён часта ездзіў у гэтую краіну. Васіль кажа, што Беласток заўсёды быў шматкультурным горадам, так што ўсходні акцэнт, які ёсць, «як яго ні вытраўлівай», нават дадае каларыту. Удзельнікі экскурсій нават пыталіся ў беларуса, як яму ўдалося набыць такі прыгожы акцэнт.
Цяпер акцёр марыць адкрыць у Беластоку школу гістарычнага фехтавання.
Поўнасцю гісторыю Васіля калача глядзіце ў новым выпуску праекта «Беларусы могуць».



