Кампанія «Беларуская салідарнасць» знайшла незвычайны спосаб дамагчыся павелічэння тэрміну дзеяння польскага праязнога дакумента замежніка, які цяпер паводле закона выдаецца ўсяго на год. Яе прадстаўнікі дапамагаюць беларусам з міжнароднай абаронай, якія атрымалі такі дакумент, складаць скаргі на парушэнне права ЕС. Справа ў тым, што ў ліпені набыў моц Рэгламент ЕС 2024/1347, які прадугледжвае выдачу праязных дакументаў людзям са статусам дадатковай абароны на тэрмін больш за год. Пра логіку кампаніі MOST расказаў Віталь Рымашэўскі.
Што гэта за рэгламент ЕС
Адна з нормаў Рэгламенту ЕС 2024/1347 патрабуе, каб асобам з дадатковай абаронай (гэта адна з форм міжнароднай абароны), якія не могуць атрымаць або падоўжыць тэрмін дзеяння пашпарта сваёй краіны, дзяржавы — члены ЕС выдавалі праязны дакумент замежніка на тэрмін больш за адзін год. Згодна з дакументам, такая выдача абавязковая, калі толькі для адмовы няма «важкіх прычын, звязаных з нацыянальнай бяспекай або грамадскім парадкам». Пры гэтым такі дакумент павінен адпавядаць стандартам бяспекі і біяметрыі, устаноўленым у ЕС.
Польшча пакуль не прывяла нацыянальнае заканадаўства ў адпаведнасць з гэтым рэгламентам. У гэтай краіне праязныя дакументы замежніка не з’яўляюцца біяметрычнымі і выдаюцца толькі на год.
Беларуская супольнасць і міжнародныя арганізацыі неаднаразова прасілі польскія ўлады павялічыць тэрмін дзеяння дакумента для беларусаў, бо з кожным годам заяўнікаў становіцца ўсё больш. Напрыклад, сёлета заявы на новы праязны дакумент падаюць усе тыя, хто атрымліваў яго ў 2025 годзе, а таксама тыя, у каго толькі ў 2026 годзе скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта. А яшчэ — дзеці, якія нарадзіліся ў Польшчы і чые бацькі не могуць паехаць на радзіму. Паводле ацэнак Упраўлення па справах замежнікаў Польшчы, у 2026 годзе краіна выдасць беларусам больш за 7,4 тыс. праязных дакументаў замежніка — на 30% больш, чым у папярэднім годзе. І гэты назапашвальны эфект будзе ўзмацняцца.
Аднак Віталь Рымашэўскі падкрэслівае, што ўсе папярэднія ініцыятывы менавіта прасілі польскія ўлады змяніць закон. Але ніхто не патрабаваў выканання права ЕС.
Як працуюць скаргі
Заява аб выдачы праязнога дакумента замежніка падаецца ў ваяводскую дзяржаўную ўстанову — ужонд. Адпаведна, і рашэнне абскарджваецца на імя ваяводы. Паводле звестак Віталя, ужо пададзена некалькі дзясяткаў такіх скаргаў, усе яны пакуль разглядаюцца. Праўда, адказы ваяводаў ужо можна прадбачыць. Хутчэй за ўсё, яны будуць спасылацца на польскі закон аб замежніках, дзе прапісана, што праязны дакумент выдаецца тэрмінам на адзін год.
Здавалася б, на гэтым усё і скончыцца. Але Віталь упэўнены: гэта адкрые шлях у суд і дазволіць даказаць, што закон павінен быць зменены так, як таго патрабуе права ЕС. Прычым мэта кампаніі — павялічыць тэрмін дзеяння дакумента не толькі для людзей пад міжнароднай абаронай (як таго патрабуе рэгламент ЕС), але і для ўсіх.
Навошта патрэбная петыцыя
Паралельна кампанія запусціла петыцыю, прысвечаную вырашэнню некалькіх праблем беларусаў у Польшчы. Адна з іх датычыцца польскага праязнога дакумента замежніка. Прапануецца не толькі павялічыць тэрмін яго дзеяння, але і замацаваць у законе, што ён пацвярджае асобу, а таксама зрабіць спрошчаны парадак яго выдачы беларусам не часовым, а бестэрміновым.
Віталь упэўнены, што адзінкавых судовых рашэнняў недастаткова. Каб прыцягнуць увагу да праблемы, патрэбная масавасць. Таму ён прапануе ўсім беларусам Польшчы падпісаць петыцыю.
Хто запусціў кампанію
Ініцыятары кампаніі — Ruch Solidarności Białoruskiej, Хельсінкскі фонд правоў чалавека і Беларуская нацыянальная платформа Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства. А збор подпісаў вядзецца на сайце lixtar.media.
Год і адзін дзень — гэта ж таксама больш за год?
Так. Але Віталь упэўнены, што польскія заканадаўцы не стануць прымаць такое рашэнне. Ён мяркуе, што тэрмін дзеяння праязнога дакумента замежніка павялічаць да двух або трох гадоў.
Калі праязны дакумент стане біяметрычным, ці давядзецца чакаць яго яшчэ даўжэй?
Час на зняцце адбіткаў пальцаў і, пры неабходнасці, іншыя працэдуры сапраўды спатрэбіцца. Але Віталь упэўнены, што працэс не зацягнецца, а, наадварот, паскорыцца — дзякуючы таму, што заяў стане ў разы менш і гэта знізіць нагрузку на ўжонды.
— Польскія органы перагружаныя. Калі адзін чалавек будзе падаваць заяву не кожны год, а раз на тры гады, то гэта знізіць нагрузку і скароціць выдаткі, — кажа ён.
Калі праязны дакумент стане біяметрычным, ці будзе ён сведчыць асобу?
Для гэтага ёсць усе перадумовы. Але Віталь падкрэслівае, што праца над тым, каб праязны дакумент сведчыў асобу, вядзецца паралельна і не прывязаная да таго, каб ён стаў біяметрычным. На думку суразмоўцы, нават не змяняючы яго формы, у закон можна ўнесці адпаведную папраўку.
Іншыя ініцыятывы: праца з банкамі і адмена замарожвання тэрмінаў легалізацыі
Змены, звязаныя з праязным дакументам замежніка, — толькі адзін з напрамкаў кампаніі.
«Беларуская салідарнасць» падрыхтавала кароткія практычныя рэкамендацыі для польскіх банкаў, дзе тлумачыцца, чаму яны не маюць права адмаўляць у абслугоўванні кліентам з праязным дакументам замежніка і TZTC (часовым пасведчаннем асобы, якое выдаецца на час разгляду хадайніцтва аб міжнароднай абароне), а таксама ўладальнікам віз D і шэрагу іншых беларусаў.
Асобна кампанія дамагаецца адмены артыкула 100d спецыяльнага закона аб украінскіх бежанцах, якім замарожаныя тэрміны разгляду спраў аб легалізацыі.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



