Пасля 2020 года ў вымушанай эміграцыі апынулася шмат беларусаў і беларусак, якія да пераезду ўжо мелі шматгадовы прафесійны досвед, рэпутацыю і наладжаныя сувязі. Ці знаходзяць яны прымяненне свайму досведу? Гэта вывучылі даследчыкі платформы «Кантрапункт».
Праца па спецыяльнасці не гарантуе поўнай рэалізацыі
Здараецца, што эмігрант працуе паводле свайго дыплома, але выкарыстоўвае толькі вузкі набор навыкаў і кампетэнцый. У выніку ён можа не мець таго ўзроўню даходу, прафесійнага статусу і самастойнасці ў прыняцці рашэнняў, якія былі ў яго да пераезду.
У якасці прыкладу Ірына Сідорская прывяла доктара Андрэя Вітушку, які ў Беларусі працаваў анестэзіёлагам-рэаніматолагам з немаўлятамі і мае ступень кандыдата медыцынскіх навук. У Польшчы ён працуе тэрапеўтам і працягвае працэс пацвярджэння дакументаў.
«У Беларусі быў дырыжорам, а цяпер граю другую скрыпку», — так характарызаваў доктар сваю працу ў Польшчы.
Праца ў іншай сферы не азначае няўдачы
Іншы прыклад, які прывяла Сідорская, — беларускі паэт, журналіст і педагог Сяргей Сыс, які жыве ў Вільні і працуе ў клінінгу. На першы погляд такая змена заняткаў можа выглядаць як поўная прафесійная дэкваліфікацыя. Аднак сам Сыс, паводле даследчыцы, задаволены сваім становішчам. Яго педагагічныя і кіраўніцкія кампетэнцыі дапамагаюць яму арганізоўваць людзей і ствараць каманды.
Што адбываецца з досведам пасля пераезду
Нярэдка прафесійны досвед пераносіцца ў новую краіну толькі часткова. Адна з удзельніц даследавання каля 20 гадоў працавала галоўнай бухгалтаркай у Беларусі. Пасля пераезду ў Польшчу яна працягнула працаваць у бухгалтэрыі, але пераважна з беларускімі кліентамі і ў беларускім кантэксце.
Для працы ў польскай сістэме патрэбныя веданне мясцовага падаткова-бухгалтарскага заканадаўства, спецыяльная тэрміналогія, досвед працы ў польскіх умовах, прафесійныя кантакты і ўласная кліенцкая база. Таму ранейшы досвед застаецца запатрабаваным, але магчымасці выкарыстоўваць яго ў польскім прафесійным асяроддзі абмежаваныя.
Яшчэ адна ўдзельніца да пераезду мела кіраўнічы досвед у беларускім грамадскім сектары. У Польшчы яна заснавала і ўзначаліла арганізацыю, але пэўны час мусіла зарабляць на жыццё фізічнай працай, у тым ліку прыбіраннем.
Чаму даследчыкі вывучалі людзей 45+
Паводле Ірыны Сідорскай, даследчыкі звярнулі ўвагу на людзей ва ўзросце 45+, таму што гэтая група застаецца па-за фокусам многіх даследаванняў і праграм падтрымкі мігрантаў.
Моладзь часта разглядаюць як асобную групу, якой патрэбныя магчымасці навучання і адаптацыі. Праграмы падтрымкі таксама могуць арыентавацца на людзей старэйшага ўзросту, якія ўжо не працуюць або амаль не працуюць. А людзі сярэдняга і старэйшага прафесійнага ўзросту з вялікім досведам часам успрымаюцца як тыя, хто здолее самастойна справіцца з цяжкасцямі.
Аднак многія з іх вымушана пераехалі на піку сваёй кар’еры. За дзесяцігоддзі працы яны назапасілі веды, кампетэнцыі, прафесійную рэпутацыю і сувязі, але ў новай краіне не заўсёды могуць выкарыстаць іх у поўнай меры.
Пры гэтым Ірына Сідорская не лічыць сам узрост галоўнай прычынай цяжкасцяў. Моўныя бар’еры, прызнанне кваліфікацый, незнаёмыя правілы і недахоп мясцовых кантактаў могуць уплываць на мігрантаў розных узростаў.
Але людзям, якія ўжо маюць за плячыма 20–30 гадоў кар’еры, перазапуск прафесійнага жыцця можа каштаваць большага часу і рэсурсаў. Ім трэба не проста знайсці працу, а часам нанова будаваць рэпутацыю, прафесійныя сувязі і шлях да ранейшага ўзроўню адказнасці.
Прафесійная рэалізацыя — не тое самае, што задаволенасць жыццём
Яшчэ адна важная выснова даследавання — выкарыстанне прафесійнага капіталу не раўназначнае інтэграцыі і задаволенасці жыццём пасля пераезду.
Чалавек можа працаваць па спецыяльнасці, мець добры даход і прафесійныя сувязі, але параўноўваць сваё цяперашняе становішча з тым, якое меў у Беларусі, і адчуваць, што больш не можа рэалізаваць сябе так, як раней.
Бывае і наадварот: чалавек выкарыстоўвае толькі частку сваіх прафесійных навыкаў, атрымлівае меншы даход, але задаволены сваім жыццём. Таму гэтыя паняцці не варта блытаць.
Праблема не ў саміх мігрантах
Ірына Сідорская падкрэслівае, што пры аналізе прафесійнай рэалізацыі важна адрозніваць тое, што залежыць ад самога чалавека, ад таго, як працуе сістэма ў краіне, якая яго прымае.
На магчымасці мігрантаў уплываюць не толькі іх асабістыя рашэнні, але і працэдуры прызнання кваліфікацый, патрабаванні да мясцовага досведу, доступ да прафесійных арганізацый і магчымасць наладжваць кантакты ў польскім прафесійным асяроддзі.
Даследчыкі плануюць працягнуць працу і звярнуцца да структур, якія прымаюць рашэнні ў краіне знаходжання імігрантаў. Іх мэта — лепш зразумець, як прафесійны досвед беларусаў і беларусак можа быць выкарыстаны ў новай краіне і якія бар’еры перашкаджаюць гэтаму.
Вы можаце абмеркаваць гэты матэрыял у нашым Telegram-канале. Калі вы не ў Беларусі, пераходзьце і падпісвайцеся.



