У адным з дамоў Супрасля 7 студзеня днём чакалі свята. З вакна пазіралі прычасаныя дзяўчынкі і хлопчыкі ў белых кашулях, а работнікі смеццявоза спыніліся акурат, як да дзвярэй падыходзілі чацвёра з каляднай зоркай.
Дзверы адчыніліся, і калядоўшчыкаў сустрэлі гаспадары. Разам праспявалі некалькі песен, сярод якіх «А ўчора з вячора» і «Сто лят». Уручылі цукеркі і адпусцілі да іншых жыхароў, якія таксама чакалі свята. Так з каляднай зоркай абыйшлі некалькі дамоў дыякан Супрасльскага Дабравешчанскага манастыра Дзмітры Ціхонюк і сям’я харыстаў — кардыёлаг Роберт Савіцкі, педагог Аня Савіцка і іх дачка Марыся Савіцка.
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Калядную зорку да свята падрыхтавала матушка Міраслава Ціхонюк разам з выхаванцамі ў дзіцячым садку. Рэпертуар хор абіраў так, каб абысці як мага больш людзей, і каб гаспадары спявалі разам з калядоўшчыкамі.
Запрашаюць на наступны год
— Я амаль кожны год хаджу калядаваць, — дзеліцца дыякан. — Думаю, што калядаванне — такі элемент празніка, каторы неадзоўны. Мы цешымся і нясём радасць другім, навяшчаем адных і другіх, сустракаемся. Гэта і ёсць жывыя адносіны. Усе рады нас бачыць. І часам ёсць прэтэнзіі, чаму зайшлі да суседа, а не да іх.(Тут і далей захаваная мова герояў — рэд.)
Кардыёлаг з Беластока Роберт Савіцкі мае карані з Грудэка, што непадалёк ад Супрасля:
— В першы раз калядаваў, як быў яшчэ малым зусім. Радзіцелі святкавалі, а мы ішлі спяваць па людзям. Песні тады былі тыя самыя, што сёння спяваем, што б і іншыя людзі з намі паспявалі. Сейчас, калі ў мяне сям’я, мы таксама стараемся хадзіць, спяваць, маладым перадаваць эту традыцыю, бо гэта вельмі важна.
Яго жонка Аня калядуе з хорам трэці раз:
— Кагда была малодшая, тожэ калядавала з друзьямі. Люблю калядаваць, хадзіць па людзях, дзяліцца радасцю з другімі.
Іх дачка Марыся ў дзяцінстве калядавала з братам, а пасля далучылася да бацькоў і хора ў Супраслі:
— Вельмі люблю спяваць калядкі. Хор — гэта наша радзіна. І так міло спяваць з радзінай. Усе дзякуюць, спяваюць разам з намі, частуюць усім, што на стале. І ўсе запрашаюць, каб на наступны год прыйшлі.
— А нават яшчэ могуць што і з сеняў прынесці, — дадае дыякан. — Атрымліваецца вельмі сямейна.
Заставацца супольнасцю
Дыякан расказвае, што ў супрасльскім прыходзе прыкладна паўтары тысячы чалавек. Пытаемся, ці шмат сярод іх беларусаў:
— Ёсць такія, якія лічаць сябе беларусамі, ёсць, якія лічаць рускімі. Ёсць нават жанчына з афрыканскімі каранямі. Я то беларус, — кажа Дзмітры Ціхонюк. — І першае маё навучанне мовы ў першай класе было «Буквар». У другой класе быў «Elementarz», таму што на вёсцы па-польску не гаварылі. Гэта вёска Трэшчаткі пад Бельскам. Но там такі прыход быў, што не было іншай нацыянальнасці, толькі беларусы. Мы і тут па-свойму гаворым і лічым сябе беларусамі. Рэлігія — універсальная, якім языком мы просім, не самае важнае. Важна заставацца супольнасцю, быць разам.
Акрамя калядак прыхаджане збіраюцца на сустрэчы, святы, ладзяць імпрэзы для дзяцей і дарослых. Марыся вучыла ў школе беларускую мову, а ў лютым сям’я чакае Агульнапольскі фестываль «Беларуская песня 2022».
Даведка
Супрасль вядомы Дабравешчанскім манастыром Польскай праваслаўнай царквы. Населены пункт з’яўляецца адным з найважнейшых цэнтраў праваслаўя ў Польшчы. Манастыр заснаваў ў 1498 годзе магнат Аляксандр Хадкевіч. Будынак узведзены ў стылі беларускай готыкі.