У сакавіку 2021 года берасцеец Віталь пераплыў Буг, каб дабрацца да Польшчы і ўратавацца ад палітычнага пераследу ў Беларусі. У Польшчы ён атрымаў статус уцекача і жэнеўскі пашпарт, а цяпер яго і двух чалавек, якія, як лічыць следства, яму дапамагалі, будуць судзіць за незаконны пераход мяжы. Гісторыю беларуса расказвае Wyborcza.pl.
Віталь меў бізнес у Брэсце, праз сфальсіфікаваныя выбары далучыўся да пратэстаў. Неўзабаве стаў адным з лідараў пратэсных акцый. Адзін з затрыманых падчас пратэстаў пайшоў на супрацу са следствам — Віталя папярэдзілі, што яму варта ўцякаць. 11 лістапада яго дом і дом яго бацькоў акружылі дзве брыгады АМАПу. «Прыйшлі як па тэрарыста», — казаў выданню Віталь. Па яго словах, паводле выстаўленых абвінавачванняў яму пагражае дзесяць год турмы.
Віталь хаваўся пяць месяцаў, а пасля вырашыў спрабаваць трапіць у Польшчу.
— Калі хтосьці ратуе сваё жыццё, то на ўсё пойдзе, — адзначае Віталь, які нікому не расказваў аб сваім плане. — Пераплысці гэтую раку няпроста, у яе моцная плынь і віры, у сакавіку было холадна. Я ведаў, што ў нас страляюць у тых, хто перасякае мяжу. Я мог памерці. Я абараніў ад вады тэлефон і дакументы, перш за ўсё доказы сваіх пераследаў, каб адразу зразумелі, што я палітычны бежанец і прашу прытулку. Калі апынуўся на польскім беразе, я быў шчаслівы, — распавядае ён. — Мая мэта была перасекчы мяжу і апынуцца на беразе, а далей я не планаваў…
На беразе Віталь напісаў сяброўцы ў Польшчы. Яны з мужам знайшлі Віталя і забралі ў сваю машыну. Збіраліся ехаць да памежнікаў, аднак партуль спыніў іх ужо праз колькі метраў.
У выніку Віталь атрымаў статус уцекача і Жэнеўскі пашпарт, а муж сяброўкі, мытнік, быў адхілены ад працы. Ад зыходу судовай справы залежыць, ці зможа ён да яе вярнуцца. Віталь лічыць, што судовая справа з’яўляецца вынікам выключна таго, тыя афіцэры, якія дзяжурылі ў дзень, калі ён перасёк мяжу, не выконвалі свае абавязкі. Асабліва для сяброў, якія нічога не ведалі, а наступствы зваліліся на іх.
Абвінавачванне ўсім траім прад’яўлена па 2 параграфе 264 артыкула Крымінальнага кодэксу Польшчы. Ён прадугледжвае, што той, хто незаконна перасякае мяжу Польскай Рэспублікі, выкарыстоўваючы гвалт, пагрозу, падман, або ва ўзаемадзеянні з іншымі асобамі, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 3 гадоў. Самая строгая адказнасць заканадаўствам прадугледжаная ў дачыненні да асоб, якія арганізуюць іншым незаконнае перасячэнне мяжы Польшчы — яны караюцца пазбаўленнем волі ад 6 месяцаў да 8 гадоў.
Да судовай справы далучылася Асацыяцыя прававога ўмяшання. Сябра яе праўлення Малгажата Язьвінска тлумачыць, што ў сувязі з пераследам на тэрыторыі Беларусі ў Віталя быў адабраны пашпарт і ён не мог законна перасекчы польска-беларускую мяжу на памежным пераходзе. У Беларусі ён знаходзіўся ў вышуку. Віталь сцвярджае, што ніхто не аказваў яму падтрымкі, ужо на тэрыторыі Польшчы ён патэлефанаваў сваёй знаёмай з просьбай прыехаць, бо баяўся за сваё жыццё і здароўе.
Артыкул 33.1 Жэнеўскай канвенцыі аб статусе уцекачоў забараняе крыміналізаваць незаконнае перасячэнне мяжы бежанцамі.
Разгляд справы пачнецца ў раённым судзе ў Бяла-Падлясцы ў пятніцу, 14 студзеня.