Выходныя, канікулы ці адпачынак — і ў бацькоў Беластока з’яўляецца пытанне: дзе карысна і цікава прабавіць гадзінку-другую з дзецьмі? Сёння мы даем адказ на гэта пытанне.
Разам з 12-гадовым беларусам Стасікам мы схадзілі паглядзець на папугаяў у беластоцкай Папугарні, а пасля паскакалі на батутах у Джампер-парку.
Папугарня
Папугарня знаходзіцца ў вялікім будынку. Вокны ўстановы панарамныя, таму ўжо з вуліцы бачна шмат птушак. Здалёк бачна жоўта-зялёная шыльда з назвай птушкарні. На касе можна знайсці шмат цікавостак і сувеніраў: ад бралокаў да мяккіх цацак — усё ў выглядзе папугаяў. Заходзіш проста ў памяшканне, дзе папугаі лётаюць свабода і сядаюць наведвальнікам на плечы.
— Папугаі прыгожыя і разнастайныя, памерам ад мізенца аж да паловы мяне. Цікава паглядзець на іх паводзіны. Кожны паводзіць сябе па-рознаму. Некаторыя сядаюць на плячо, ходзяць па падлозе, а некаторыя зусім не рухаюцца. Мы нават убачылі, што два белыя папугаі не змаглі падзяліць між сабой маленькую палачку.
Стасіку запомніліся папугаі Ара. Яны сядзелі ўдалечы ад іншых папугаяў і не рухаліся. Хлопец думаў, што яны ўвогуле не будуць лётаць. Аднак у адзін момант вялікі жоўта-сіні Ара адляцеў ад іншых і сеў у некалькіх метрах ад таго месца, дзе быў Стасік.
Яшчэ хлопец запомніў цёмна-зялёных папугаяў, бо яны аказаліся самымі актыўнымі і сядалі на плечы да людзей. Пазней ля стэнда ён вызначыў, да якога віду і мясцовасці належаць птушкі ў Папугарні.
Адна з важных умоў наведвання — зняць біжутэрыю, таму што птушкі вельмі цікавяцца бліскучымі штукамі і могуць іх пашкодзіць ці праглынуць.
— Папугарня — гэта забава максімум на 20 хвілін, бо ўнутры вельмі шумна ад такой колькасці птушак. Але шум ты забудзеш, а прыгажосць папугаяў — ніколі, — ацаніў Папугарню Стасік.
Дзе: ul. Bitwy Białostockiej 7A
Час працы: панядзелак-пятніца — ад 11:00 да 18:30, субота-нядзеля — ад 10:00 да 19:00.
Кошты: білет каштуе 15 злотых, ільготны – 12 злотых (дзеці, навучэнцы, студэнты, пенсіянеры). Прадугледжаныя групавыя варыянты: ад 10 чалавек — па 13 злотых, а ільготны групавы — 10 злотых на асобу. Для дзяцей да двух год уваход будзе бясплатны. У Папугарні можна адзначыць і дзень нараджэння: білет будзе каштаваць 25 злотых за асобу. Падрабязней пра кошты — тут.
Батутны парк
Батутны парк можа быць няпроста знайсці. На картах ён пазначаны крыху ў іншым, суседнім будынку, а шыльда на дзвярах не такая прыкметная, як у Папугарні. Але гэта можа стаць праблемай хіба ў цёмны час.
Парк дзеліцца на некалькі гульнявых зон. Першая — класічныя батуты і горкі. Другая — адна з самых маленькіх, але на ёй заўсёды шмат дзяцей: экраны з відэагульнямі, якімі ты кіруеш з дапамогай скачкоў на батутах. У джампер-парку ёсць невялічкая зона, дзе можна скокнуць з вышыні. Стасік скакаў толькі з двух метраў, а з дапамогай трэнера можна скокнуць і з шасці метраў.
У парку можна пагуляць у футбол, баскетбол і валейбол. Таксама была зона з доўгім брусам, падчас праходжання якога цябе могуць скінуць пры дапамозе мяккіх палак. Аднак Стасік кажа, што ў любым выпадку кожнага чакае «мяккае прызямленне».
У Стасіка былі даволі невялікія чаканні на пачатку наведвання батутнага парку. Па яго словах, ён меркаваў, што ўбачыць звычайныя батуты, але атрымаў нашмат больш. Асабліва хлопцу спадабаліся інтэрактыўныя вялікія экраны з гульнямі і карусель, дзе трэба падскокваць і нахіляцца, калі яна пачынае рухацца.
— Я зайшоў у парк і адразу зразумеў, што будзе весела. Тут шмат гульнявых зон, можна не проста скакаць, але рабіць гэта цікава.
Ля касы ёсць невялічкая пляцоўка са столікамі і крэсламі, дзе бацькі могуць пачакаць дзяцей. Побач з касай ёсць міні-кафэ з выбарам кавы, гарбаты ці напояў. Увагу Стасіка прыцягнуў напой Polar Krush:
— Дзеля эксперыменту купіў гэты напой. Гэта напалову напой, а напалову — лёд! Вельмі смачна, вельмі ахалоджвае. Фармальна гэта марозіва, якое вельмі класна афарбоўвае язык у сіні колер. Я спрабаваў яго са смакам ажыны.
На думку Стасіка, у такім месцы можна адзначыць дзень нараджэння разам з сябрамі і сям’ёй. Дарэчы, такую магчымасць прадастаўляе джампер-парк.
Дзе: ul. Wiadukt 8
Час працы: панядзелак-чацвер — ад 12:00 да 20:00, пятніца — 12:00-21:00. У суботу і нядзелю батутны парк працуе ад 10 да 21 гадзін.
Кошты: у батутнага парка вельмі шырокі выбар білетаў і абанементаў. Напрыклад, білеты праз інтэрнэт каштуюць на некалькі злотых танней, чым калі купіць на месцы. Білет на адну гадзіну каштуе 30 злотых (праз інтэрнэт — 27 злотых), на цэлы дзень — 60 злотых (праз інтэрнэт — 55 злотых). Для групы, у якой мінімум пяць чалавек, білет будзе каштаваць 27 злотых за адну асобу (праз інтэрнэт — 24 злотых).
Вазьміце з сабой шкарпэткі з гумовымі стопкамі, іначай вам давядзецца купіць іх на месцы — па 6 злотых за пару.
У парку прадугледжаныя заняткі з трэнерамі па акрабатыцы і фітнесу: за адзін занятак вы аддасце 33 злотых. Падрабязней пра кошты — тут.