Для тых, хто нядаўна прыехаў у Польшчу з дзецьмі, адна з галоўных праблем — як дапамагчы сыну або дачцэ знайсці новых сяброў, але не страціць сувязь з роднай культурай. Нядзельная школа беларускіх традыцый стала месцам, дзе вырашаюцца адразу абодва пытанні.
Дапамога і дзецям, і бацькам
Школа працуе ў межах фонду «Беларусь 2020», якім кіруе Марына Ляшчэўская. Жанчына пераехала з сям’ёй ў Польшчу сем год таму. Калі пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Польшчу пачалі масава прыязджаць беларусы, Ляшчэўская разам з аднадумцамі дапамагалі бежанцам, але рабіць усё патрэбнае ад імя фізічнай асобы было складана. Таму ў сакавіку зарэгістравалі фонд, у якім адным з праектаў стала нядзельная школа.
— Мэта ў першую чаргу — каб дзеці выйшлі з кватэр ды пачалі кантактаваць з аднагодкамі. У нядзельнай школцы асвойваюць беларускую мову і традыцыі. На занятках дзеці, мае ў тым ліку, з задавальненнем спяваюць. Гэта так міла і вельмі здорава, што яны не забываюць мову, Беларусь, захоўваюць культуру.
У нядзельных заняткаў ёсць яшчэ адна задача:
— Дзякуючы школе бацькі таксама інтэгруюцца паміж сабой. Пакуль дзеткі займаліся, мы з бацькамі дзве гадзіны гутарылі. Абмяркоўвалі праблемы, планы. Чым актыўней ты жывеш за мяжой, чым больш маеш кантактаў, тым прасцей. Людзі ратуюць.
Вярнулася да любімай справы
Выкладчыкам Нядзельнай школы беларускіх традыцый стала Юлія Собаль. Яна атрымала спецыяльнасць «Народнае харавое дырыжыраванне» ў Мінскім дзяржаўным музычным вучылішчы імя Глінкі. Чатыры гады працавала па размеркаванні ў Івянецкім доме культуры Валожынскага раёна, а пасля пераехала ў Мінск і не вярнулася ў прафесію:
— Пайшла працаваць, дзе толькі можна было зарабіць грошы, бо ў культуры плацілі надта мала. Цяпер, праз шмат гадоў, зноў вяртаюся ў прафесію. Я ў чужой краіне змагла займацца тым, што падабаецца і чаго не магла рабіць у сваёй краіне, бо там гэтая справа была няўдзячнай.
Жанчына з сям’ёй выехала з Беларусі ў 2021 годзе па палітычных прычынах, таму па сабе ведае, што перажываюць бежанцы:
— Калі прыязджаеш у іншую краіну, вельмі цяжка адаптавацца. Але тут шмат беларусаў, дзетак-беларусаў, і я магу даносіць да іх нашу культуру, нашы спевы і танцы. Гэта акрыляе. Мне гэта было патрэбна.
На занятках дзеці рыхтуюць выступ — інсцэніроўку, танец падэспань і песні.
— Вучым беларускія аўтэнтычныя песні, якія спявалі нашы бабулі і дзядулі. Адна з іх — з цыкла вясновых абрадавых песень:
«А сёння ў нас масленка-масленка, ай лялю рана масленка-масленка.
З-пад куста ластаўка-ластаўка, ай лялю рана ластаўка-ластаўка.
Сядзіць яна высока-высока, ай лялю рана высока-высока,
Глядзіць яна далёка-далёка, ай лялю рана далёка-далёка».
У абрадавай інсцэніроўцы галоўныя героі — Зіма і Вясна. Зіму будуць справаджваць і крычаць ёй «Ухадзі!», а Вясну — сустракаць, разам з гледачамі. Падрыхтаваны выступ дзеці пакажуць у сакавіку на святкаванні Масленіцы. Запланавалі таксама пікнік з блінамі і спальванне пудзіла.
Як дапамагчы або далучыцца
Удзельнікі ініцыятывы хацелі б развівацца, але тут ёсць пытанне:
— Шукаем спонсараў, таму што складана рабіць гэта на голым энтузіязме, — тлумачыць Марына Ляшчэўская. — Гэта ж невялікія грошы — аплата заробку выкладчыку, транспарт падчас выездаў, можа касцюмы. А эфект ад справы каласальны. Хацелі б развіць інтэграцыю і для дарослых — ладзіць экскурсіі, сустрэчы, каб яны таксама пачалі ўладкоўваць сваё жыццё. Я не займаюся сур’ёзнай рэкламай праекта, але на першыя заняткі новага цыкла прыйшло 20 дзяцей. Відавочна, што запатрабаванасць ёсць.
Юлія Собаль дадае, што ў групе цяпер дзеці ад 4 да 13 год і ўсе паміж сабой сябруюць. І па некаторых вельмі відаць, як моцна патрэбныя для іх заняткі:
— Адзін хлопчык прыехаў з бацькам па палітыцы. Спачатку быў закрыты, слова не выцягнеш, а цяпер ужо і песні спявае, і ў ноты трапляе, і з дзецьмі толькі так размаўляе.
Ахвотныя могуць далучыцца да школы ў любы з заняткаў. Сачыць за аб’явамі можна на старонцы фонду «Беларусь 2020» у Facebook.
Школа пачала працу ад верасня 2021 года. У першым цыкле заняткаў Нядзельнай школы беларускіх традыцый дзеці рыхтавалі каляднае выступленне. Яго паказалі бацькам 9 студзеня.