Праведзеная ў 1945 годзе мяжа БССР і Польшчы перарэзала сем чыгуначных ліній. Да сёння паміж Беларуссю і Польшчай фізічна існуюць чатыры чыгункі, па трох з іх ходзяць грузавыя цягнікі. Пасажырскія перавозкі паміж Беларуссю і Польшчай былі на дзвюх чыгунках (Брэст — Тэрэспаль і Гродна — Беласток), але іх спынілі з-за пандэміі каранавіруса.
Аднак памежныя адрэзкі чыгунак найдалей служаць жыхарам памежжа, бо як з боку Беларусі, так і з боку Польшчы па іх курсуюць рэгіянальныя цягнікі. І ў апошні час з польскага боку назіраецца тэндэнцыя павелічэння колькасці цягнікоў, а з беларускага — скарачэння.
«Мир» за калючым дротам
Паказальным прыкладам тут з’яўляецца былая чыгунка Баранавічы — Беласток, частка сістэмы Палескіх чыгунак, якая была збудаваная ў 1886 годзе. У міжваенны перыяд па ёй курсаваў экспрэс Парыж — Негарэлае, які звязваў Еўропу з СССР. У 90-я гады ХХ стагоддзя памежны ўчастак быў разабраны. Засталася толькі савецкая памежная брама з вялікім надпісам «Мир», якая падчас мігранцкага крызісу сімвалічна была аточаная калючай агароджай.
З боку Польшчы з 2001 да 2021 года на ёй не было штодзённага пасажырскага руху. З беларускага — штодня два разы на дзень курсаваў дызель Ваўкавыск — Бераставіца. У чэрвені 2021 года ўсё стала наадварот: пасля доўгага перапынку польскі перавозчык Polregio прызначыў цягнік Беласток — Валілы, які курсуе ў летні перыяд двойчы на дзень, а Беларуская Чыгунка адмяніла дызель Ваўкавыск — Бераставіца з-за эканамічных прычын.
У Польшчы на памежжа вяртаюцца цягнікі
З 1 студзеня 2022 года былі вернутыя пасажырскія перавозкі на польскім памежным адрэзку Балагое-Сядлецкай чыгункі. Двойчы на дзень там курсуе цягнік Чаромха — Гайнаўка — Семяноўка перавозыка Polregio. З беларускага боку гэтай лініі два, а ў некаторыя дні — тры разы на дзень курсуюць цягнікі Ваўкавыск — Свіслач. Праз мяжу ходзяць толькі грузавыя цягнікі.
У 2021 годзе жыхары памежжа пасля доўгага перапынку атрымалі доступ да цягнікоў далёкага руху. 13 чэрвеня 2021 года перавозчык PKP Intercity пусціў цягнік TLK «Biebrza» з Гдыні да Варшавы праз Ольштын, Беласток, Бельск, Гайнаўку, Чаромху, Сямятычы. У той жа дзень па той самай трасе пачаў курсаваць цягнік TLK «Żubr» з Беластока да Варшавы. Абодва далёкія цягнікі робяць адмысловы «крук», каб зайсці ў горад Гайнаўку з насельніцтвам 14 000 чалавек.
У Беларусі адмяняюць цягнікі
Новы расклад Беларускай Чыгункі, прыняты ў снежні 2021 года, прынёс адмену цягнікоў яшчэ на адной лініі ў ваколіцах Гродна. Перасталі курсаваць дызель-цягнікі з Гродна да прыпынка Настаўнік, які знаходзіцца пры беларуска-літоўскай мяжы, на былой лініі Парэчча — Друскенікі.
Эканоміка чыгункі
Чаму так адбываецца, што на польскім баку цягнікоў становіцца болей, а на беларускім — меней? Розная ёсць эканамічная сітуацыя дзвюх дзяржаў, а таксама адрозніваецца сістэма дадатковага фінансавання пасажырскіх перавозак.
Ва ўсім свеце кошты рэгіянальных чыгуначных перавозак не пакрываюцца адным толькі продажам квіткоў. У Польшчы ваяводскія органы самакіравання замаўляюць рэгіянальныя чыгуначныя перавозкі і прызначаюць на іх датацыі. Датацыі на далёкія перавозкі ідуць з дзяржаўнага бюджэта. А на мадэрнізацыю чыгуначных ліній ідуць вялікія сродкі з бюджэта Еўрапейскага Саюза.
У Беларусі квіткі на цягнікі вельмі танныя. Але БЧ не атрымлівае датацый ні з мясцовых бюджэтаў, ні з рэспубліканскага, ні тым больш з Еўрапейскага Саюза. Страты ад прыгарадных цягнікоў пакрываюцца даходамі ад грузавых перавозак. У апошнія гады з’явіліся прыкметы эканамічных праблем на Беларускай Чыгунцы — і даводзіцца скарачаць выдаткі, у тым ліку адмяняючы цягнікі.
Польшча ж, у якой усе апошнія гады адбываецца эканамічны рост, можа сабе дазволіць павелічэнне датацый на ўсё большае развіццё чыгуначнага транспарту ў рэгіёнах.