Уласнікі адзінай гродзенскай крамы, дзе можна было набыць бел-чырвона-белыя сцягі, Вольга і Сяргей Верамеенкі з’ехалі ў Беласток. Перад гэтым Сяргея забіралі на суткі, потым ён хаваўся, у іх прайшлі ператрусы, і ўрэшце затрымалі Вольгу — як закладніцу. Верамеенкі дапускаюць, што больш не вернуцца ў Беларусь. Гісторыю сям’і расказвае Радыё Свабода.
Вынялі і знішчылі тавары на чатыры тысячы долараў
Сям’ю Верамеенкаў у Гродне ведалі перадусім праз іх краму «Адметнасць», дзе можна было купіць тавары з беларускай сімволікай. Сяргей — сябра Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, з жонкай яны грамадскія актывісты.
Прыхільнікі ўлады называлі іх краму «рассаднікам БЧБ». І Сяржук з імі пагаджаецца. Там рыхтавалі незалежных назіральнікаў, абмяркоўвалі святкаванне #БНР101, рыхтаваліся да аднаўлення крыжоў паўстанцам Каліноўскага, рабілі ахоўныя сродкі для медыкаў, збіралі перадачы ў турму, ладзілі сустрэчы партыйных і грамадскіх актывістаў.
Сваю краму гаспадары называлі «месцам, дзе жыве Беларусь». Яны сыходзяцца ў думцы, што крама была не зусім пра бізнэс, бо часам яны ледзь трымаліся. З пачаткам каронавіруса крама сышла ў мінус, сям’я — у пазыкі. Жылі тады на нарыхтаваных закатках, бульбе і пры дапамозе добрых людзей.
Афіцыйна ўлады ніколі не закрывалі іх краму. Аднак Верамеенкі кажуць, што бачылі загад ад лістапада 2020 году за подпісам колішняга начальніка Гродзенскага УУС Вадзіма Сіняўскага, каб краму закрылі.
«Адметнасць» закрывала ўжо адна Воля, калі муж быў за мяжой, бо далей працаваць стала небяспечна. Скарачала дні працы. Вяртала тавары рамеснікам. Распрадавала рэшту. І да апошняга спадзявалася застацца ў Беларусі.
Падчас ператрусаў сілавікі забралі і знішчылі тавару на 4 тысячы долараў. Для Верамеенкаў гэта вялікія грошы. Некаторым вытворцам яны дагэтуль вяртаюць пазыкі, частка рамеснікаў даравала ім даўгі.
— Шкада, але ўсё вернецца, — каментуе Сяржук.
— Шкада таго месца, той атмасферы, тых падзей. Мне Гродна стаў родным. Не ведаю, ці стане яшчэ які горад такім, — кажа Воля.
«Што вы тут цырк ладзіце?» — «Гэта вы цырк ладзіце!»
Вользе 49 гадоў, Сяргею — 52. Для абаіх гэта другі шлюб. Шэсць гадоў таму Вольга пераехала да Сяргея з Воршы. Іх сумесная крама праіснавала 3,5 года.
Жыццё сям’і змянілася перад Днём Волі 2021 года. Сяргея дагэтуль не раз затрымлівалі. 23 сакавіка ён з вуліцы ўбачыў, што ў іх краму ломіцца АМАП. Жонка ўпрасіла мужа схавацца. Хованкі расцягнуліся на 4 месяцы. Сяргей кажа, што ніхто не ведаў, дзе ён быў, і далей не раскрывае таямніцу.
Ужо праз некалькі дзён да Вольгі дадому прыйшлі з ператрусам — чалавек 10, у тым ліку ў экіпіроўцы, адзін трымаў аўтамат, другі дамкрат, каб ламаць дзверы. Гаспадыня адчыніла праз некалькі хвілін, бо адзявалася.
«Што вы тут цырк ладзіце?» — запытаўся вядомы гродзенскі міліцыянер Аляксей Вайцешка.
«Гэта вы цырк ладзіце», — адказала Воля.
Са словамі «Жанчыну бярэм» сілавікі выставілі яе з хаты. Неўзабаве высветлілася, што дакументы ў іх на ператрус у краме, а не ў хаце, тады яны паехалі па новыя паперы. У той жа вечар абшукалі краму.
Прычынай стала «справа Пушкіна», па якой Сяргей праходзіў «магчымым удзельнікам». Забіралі рэчы з беларускай сімволікай, тэхніку і ўсё, што звязана з Польшчай. У тыя дні таксама пачалі «справу Саюзу палякаў». Шукалі карціну Пушкіна, але не знайшлі.
Вольга прызнаецца, што пакуль чула грукат у дзверы, хвалявалася, але калі адчыніла і ўбачыла «дэлегацыю», страх сышоў.
«Гляджу — бягуць, менавіта бягуць. „Працуе АМАП!“»
Праз два месяцы ў краму прыйшлі ўжо па саму Вольгу. Яна затрымання не чакала. Перад гэтым краму правяралі розныя службы, цкавалі праўладныя актывісты.
— Гляджу — бягуць, менавіта бягуць. «Працуе АМАП, тэлефоны на стол!». Мне стала смешна. Яны пабеглі каля нашых сталоў з маленькай камерай са словамі: «Здымай, здымай, здымай!», нібыта мае рэчы разбягаюцца, а яны іх даганяюць, — успамінае Вольга.
Афіцыйная прычына затрымання — нібыта Верамеенка «пікетавала шляхам дэманстрацыі і продажу тавараў». Прычым сілавікі пацвердзілі, што забароны прадаваць рэчы з сімволікай няма. Адзін момант з таго ператрусу асабліва ўразіў Вольгу.
— Вайцешка сарваў паштоўку з партрэтам Вітольда Ашурка, якая вісела на шкле, парваў яе на кавалкі і выкінуў у сметніцу. Гэты жэст стаіць у мяне перад вачыма, — кажа яна. Пасля смерці Ашурка тады прайшло менш за 2 тыдні.
З крамы забралі рэчы з «Пагоняй», а пазней праз суд пастанавілі іх знішчыць. Самой Вользе далі штраф.
«Хочацца на голую цётку паглядзець? Ды на здароўе!»
Жанчына хвілін сорак праседзела на заднім месцы міліцэйскага «козліка» побач з турмой у самым цэнтры гораду.
— Я глядзела на шыльду кавярні і думала: хоць бы хто прайшоў, мне рукой памахаў. Людзі ходзяць, на вуліцы цёпла, а ты сядзіш, — узгадвае яна.
Падчас надгляду ў турме яе цалкам распраналі.
— Хочацца на голую цётку паглядзець? Ды на здароўе! Мне не было сораму ніякага. Ёй не сорамна так працаваць, а мне чаго саромецца? Я жанчына прыгожая, — усміхаецца Воля.
Першы час яе трымалі ў адзіночцы. Забаранялі сядзець цэлы дзень, чытаць і пісаць. Да адваката вадзілі ў кайданках, будзілі пасярод ночы.
На трэція суткі Верамеенка перавялі ў камеру да дзвюх непалітычных жанчын. Вольга здагадалася, што адна з іх, Данута, жанчына старэйшага ўзросту, была «падсадной качкай», і чакала ад яе правакацый. Вольга так расхвалявалася, што ў яе падскочыў ціск да 160, выклікалі медыка. Той даў лекі і дазволіў паляжаць.
«Я зразумела, што ім быў патрэбны Сяржук»
У нядзелю Дануту некуды выклікалі, хоць у нядзелі няма следчых дзеянняў ці сустрэч з адвакатам. Вярнулася яна з цукеркамі і цыгарэтамі. Паабяцала, што неўзабаве Вольгу выпусцяць.
— Мне тады стала яшчэ горш. Я зразумела, што там гаварылі пра мяне, — успамінае суразмоўца.
Перад самым выхадам Вольгі на волю Данута запыталася, ці будзе яе сустракаць муж. У камеры Вольга не казала, што замужам. Калі яна аспрэчыла, сукамерніца запыталася, ці з’ехаў муж у Польшчу. Вольга адказала станоўча.
— Я зразумела, што ім быў патрэбны Сяржук, і ўся пасадка на трое сутак была менавіта дзеля гэтага, — перакананая Вольга.
Пазней яна даведалася, што ў яе сястры не ўзялі ў турму перадачу — сказалі, каб муж прынёс.
— Я з Сержука ўзяла слова, што нават калі мяне закрыюць, каб ён не прыходзіў, бо тады ўсе хованкі будуць дарэмныя. Інакш мы б сядзелі ўдвох, — тлумачыць Вольга.
Сяргей прызнаецца, што ў яго было пачуццё віны.
— Першае маё жаданне было пайсці і здацца, узяць Вайцешку за грудкі і сказаць: «Лёша, паскуда, што ты робіш?». Канечне, я не пайшоў, бо было зразумела, што мы абое там можам аказацца. Я ведаў, што Воля ў мяне дзяўчынка моцная, — кажа Сяргей.
Для Вольгі самым складаным на сутках было няведанне, ці выпусцяць яе, а таксама перажыванне за родных.
— Але калі я ўспамінала свайго мужа, думала: слава Богу, што тут я, а не ён. Як бы ён тут хадзіў са сваімі [хворымі] нагамі. Я за яго больш хвалявалася, чым за сябе, — кажа жанчына.
«Мы ведаем гісторыі, калі людзі з’язджалі на год, на пяць, а засталіся на 70–80»
Пераезд у Беласток сужэнцы называюць вымушанай мерай. Сяргею «злілі» інфармацыю, што яго хочуць пасадзіць на 10–20 гадоў. Ён выязджаў «бяспечным для сябе шляхам». У Еўропе аказаўся ў жніўні 2021-га.
Вольга з’ехала з Беларусі летась у лістападзе. Было зразумела, што сям’і трэба аб’ядноўвацца. Да таго ж стала вядома, што завялі крымінальную справу на тых, хто дапамагаў палітвязням. Жанчына вырашыла болей не выпрабоўваць лёс. З сабой забрала рудога ката Дэльфіна, які разам з сям’ёй перажываў ператрусы і адсутнасць гаспадароў. Аднойчы Дэльфін нават стаў удзельнікам судовага працэсу, калі Сяргея судзілі за фота са сцяжком і катом у сеціве. Праўда, самога ката ў суд не пусцілі.
Сужэнцы жылі адно без аднаго 8 месяцаў. Цяпер пачынаюць жыццё з нуля. Пакуль сталай працы ў абаіх няма. Сяржук падпрацоўвае, месца працы называць не хоча, бо не ведае, як надоўга там застанецца. Вольга вярнулася да рамесніцтва, робіць рэчы з лямцу.
Частку сваіх тавараў Верамеенкі забралі ў Польшчу. Неўзабаве плануюць прадаваць іх праз Instagram. Аднак адкрыць краму ў новым горадзе пакуль не могуць: няма стартавага капіталу.
Пра вяртанне ў Беларусь Вольга стараецца не думаць. З аднаго боку, яна вельмі хоча вярнуцца ў Гродна, які стаў ёй родным і па якім яна сумуе, з іншага — разумее, што, магчыма, не здолее яшчэ некалькі гадоў. Імаверна, сям’я пачне бізнес у Беластоку, а пасля змен у Беларусі будзе жыць на два гарады.
— Мы і так шмат часу згубілі. Восем месяцаў мы жылі адно без аднаго. Паўтара года — у стрэсе. Мы ўжо не такія маладыя. Здароўя шмат згубілі. Трэба жыць і наладжваць сваё жыццё тут. Мы ведаем гісторыі, калі людзі з’язджалі на год, на пяць, а засталіся на 70–80, — кажа Вольга.
Сяргей перакананы, што абавязкова вернецца дадому.
— Але яшчэ не ведаю, у якой форме: можа сам, а можа ў сваіх дзецях і ўнуках. Сітуацыя апошнім часам разгортваецца настолькі хутка. Я засынаю і думаю, ці не прачнуся ад выбухаў, — тлумачыць мужчына.
За апошнія паўтара года Сяргей зразумеў, што насамрэч важная для яго сям’я і Беларусь. Вольга за гэты час пераканалася, што яны ўсё рабілі слушна.
— Я яшчэ больш палюбіла Беларусь. І гэта не проста патасныя словы. Таксама я пераканалася, што побач са мной той чалавек, які павінен быць. Я адкрыла, што вельмі кахаю свайго мужа і шмат на якія рэчы гатовая дзеля яго пайсці. Раней я гэтага ад сябе не чакала, — кажа яна.