Сёння — гадавіна першай дэпартацыі насельніцтва Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Падляшша ўглыб СССР. Пасля таго, як у верасні 1939 года Саветы занялі ўсходнюю частку польскай дзяржавы, яны пачалі рэпрэсіі супраць непажаданых для сябе асобаў і слаёў насельніцтва.
Адной з формаў гэтых рэпрэсій былі дэпартацыі, гэта значыць адміністрацыйнае (без суда) высяленне сем’яў у аддаленыя раёны СССР — на Поўнач, у Сібір і Казахстан.
Першая дэпартацыя пачалася ноччу з 9 на 10 лютага 1940 года. Уначы супрацоўнікі НКВД прыходзілі да тых асоб, каго мелі дэпартаваць, і аб’яўлялі, што яны павінны сабрацца і ехаць з імі на чыгуначную станцыю, дзе ўжо стаялі загадзя падрыхтаваныя таварныя вагоны.
Падчас першай дэпартацыі вывозілі сем’і вайскоўцаў, чыноўнікаў, чыгуначнікаў, леснікоў, вайсковых асаднікаў. Дэпартацыі падлягала ўся сям’я, уключна з малымі дзецьмі. Спецаперацыя прыпала на дні, калі стаялі саракаградусныя маразы, але гэта не стрымала НКВД. У выніку многія людзі, у тым ліку дзеці, загінулі ад холаду яшчэ ў дарозе.
Па прыездзе на месцы высылкі дэпартаваныя сутыкаліся з цяжкімі ўмовамі: найчасцей іх сялілі ў бараках і зямлянках, прымушалі працаваць на нарыхтоўцы лесу.
Лічыцца, што падчас першай дэпартацыі з занятай саветамі ўсходняй часткі Польшчы былі вывезены каля 140 тысяч чалавек. Пазней былі яшчэ тры хвалі дэпартацыі — у красавіку і чэрвені 1940 года і ў чэрвені 1941. Пасля пачатку нямецка-савецкай вайны многія з дэпартаваных мужчын уступілі ў армію Андэрса — польскія вайсковыя фармаванні, якія ствараліся на тэрыторыі СССР. Большасць з іх ніколі не вярнуліся ў родныя мясціны. Пасля заканчэння ІІ Сусветнай вайны большасць тых, хто выжыў, выехалі з СССР у Польшчу, ніколі не вярнуўшыся ў родныя мясціны.
Памяці людзей, якія перажылі тыя дэпартацыі, прысвечаны адчынены ў верасні 2021 года ў Беластоку Музей Памяці Сібіры (Muzeum Pamięci Sybiru, ul. Węglowa, 1), створаны на месцы грузавой рампы, з якой у 1940 і 1941 гадах адпраўлялі цягнікі са ссыльнымі. Гэты музей мае сучасную экспазіцыю і абсталяваны мультымедыйнымі сродкамі. У музеі можна замовіць аўдыёгід на беларускай мове.