Паліцэйскі патруль спыніў аўто з жанчынай сталага веку за рулём. Машына, якая не мела дзейнага тэхагляду, рухалася па сустрэчнай паласе. Кіроўца заявіла, што ў такім узросце законы на яе ўжо не распаўсюджваюцца і паліцэйскія не могуць яе спыняць.
20 лютага паліцэйскі патруль спыніў у Орлі на Падляшшы аўтамабіль, які ехаў па сустрэчнай паласе. За рулём знаходзілася 77-гадовая жанчына. Яна здзівілася, што паліцэйскія спынілі яе.
Жанчына патлумачыла супрацоўнікам паліцыі, што ёй амаль 80 гадоў і яна ўжо не абавязаная выконваць законы, а паліцыя не павінна яе затрымліваць.
Жанчына дадала, што ездзіць толькі па яйкі.
Пры праверцы ў паліцэйскай базе высветлілася, што ў машыны няма тэхагляду.
Цяпер жанчына паўстане перад судом за кіраванне транспартным сродкам без тэхагляду і невыкананне правіл дарожнага руху.