15 сакавіка ў судзе Заводскага раёна Мінска агучылі прысуд па справе галоўнага рэдактара «Нашай Нівы» Ягора Марціновіча і кіраўніка аддзела рэкламы выдання Андрэя Скурко.
Журналістам прысудзілі па два з паловай года калоніі агульнага рэжыму.
Журналістаў затрымалі ў ліпені 2021 года. Іх вінавацілі па крымінальнай справе аб прычыненні маёмаснай шкоды без прыкмет крадзяжу, здзейсненым групай асоб па папярэдняй змове або ў буйным памеры (частка 2 артыкула 216 Крымінальнага кодэкса). Нашаніўцаў асудзілі за аплату камунальных паслуг па тарыфах для фізічных, а не юрыдычных асоб.
Першапачаткова шкоду налічылі ў памеры 3500 рублёў, пасля яна павялічылася да 10 тысяч рублёў. Марціновіч і Скурко кампенсавалі шкоду.
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Ягора Марціновіча і Андрэя Скурко палітычнымі вязнямі.