Чаму Захад не змог пралічыць Пуціна? Які найлепшы вынік вайны для Беларусі? Навошта ў 2005-м кандыдат у прэзідэнты ад апазіцыі Аляксандр Мілінкевіч ездзіў у Маскву і што яму там казалі? MOST гутарыць з адным з найбольш пазнавальных беларускіх палітыкаў пачатку 2000-х.
«Арда. Калі ты не заплаціў, цябе знішчаюць»
— Спадар Аляксандр, ці маглі вы прагназаваць вайну такога маштабу ў нулявых гадах ці пасля 2014-га?
— Думаю, большасць людзей не магла ў страшным сне ўявіць поўнамаштабную дзікую вайну, якая зараз ідзе… Але калі мы аналізуем Лукашэнку ці Пуціна са сваёй логікай, то лёгка можам памыліцца. У іх свая логіка, далёкая ад нармальнай чалавечай.
Я адно ведаю: як і большасць імперый, Расія жывая, калі збірае або забірае землі. Адсюль і захопніцкая практыка бясконцых войнаў. Украіна для ідэалогіі «русского мира» была звышважнай, а тут аказваецца, што ўкраінцы адчулі сябе народам і хочуць у Еўропу, у НАТА, і для пуцінізма гэта шок. Гэта крах самой ідэі рускіх нацыяналістаў.
Сёння Расія — гэта арда. А ў ардзе як было? Калі плаціш хану, то сядзіш з ім разам, ясі, п’еш. Ён забірае даніну і з’язджае. Але як толькі ты не заплаціў — цябе знішчаюць. Выпальваюць, выбіваюць, гвалцяць жанчын, мужчын у палон вядуць…
Генацыд ва Украіне ёсць помстай за жаданне яе народа самім вызначаць свой лёс, за тое, што яна вярнула родную мову, гістарычную самасвядомасць і катэгарычна не жадае ізноў ісці ў імперыю. Украінцы хочуць жыць, а Крэмль хоча іх бачыць мёртвымі.
«Расійская Федэрацыя прызначыла сябе на ролю ворага чалавецтва»
— Вы кажаце пра арду, а як жа «вялікая руская культура», балет, музыка, літаратура?.. Ці ўсё гэта было папулярным на Захадзе міфам пра Расію?
— Міфам, можа, і не было, але аказалася памылковым бачаннем сучаснай Расіі. Культура ў Расіі была, чаму ж не, асабліва ў ХІХ стагоддзі. Але Кастрычніцкі пераварот у значнай ступені зруйнаваў яе, а лепшых прадстаўнікоў змусіў да эміграцыі. Сталінскія рэпрэсіі дарабілі справу вынішчэння свабодных творцаў, пакінуўшы тых, хто быў гатовы служыць бальшавіцкай ідэі.
На Захадзе сапраўды многім цяжка ўявіць, што краіна Дастаеўскага і Чэхава можа праліваць рэкі крыві… Не маглі ўцяміць, як яно можа суіснаваць.
Думалі, што гэта адхіленне і трэба трошкі падправіць, дапамагчы, заангажаваць. Маўляў, расіянам наўпрост трэба паказаць, як добра жыць у дэмакратыі і свабодзе, і тыя ўсё зразумеюць… Нельга казаць, што заходнікі не ўмеюць аналізаваць, але маральная інакшасць расіян аказалася каласальнай. Пачаўшы злачынную вайну, Расійская Федэрацыя сама сябе прызначала на ролю ворага чалавецтва.
— Здаецца, Пуцін заўсёды грэбліва ставіўся да заходніх палітыкаў…
— Ён абсалютна шчыра лічыць іх слабакамі. Не разумее, як настолькі «мяккацелыя» людзі могуць кіраваць паспяховымі краінамі. Для яго сіла — гэта прыдушыць, напалохаць і змусіць. А Захад традыцыйна стараецца дзейнічаць праз перамовы, кампраміс, дыпламатыю, а не кулаком па сталу. Гэта сутыкненне двух цалкам розных светаў.
«Толькі Акунін і Яўлінскі падтрымалі нашы еўрапейскія амбіцыі»
— Згодна сацыялогіі, Пуціна падтрымлівае большасць расіян. Ці значыць гэта, што нават яго смерць нічога не зменіць і на тое ж месца прыйдзе новы правадыр?
— Здаецца, ужо за 80% падтрымлівае. Страшныя лічбы. Гэта людзі, якія гатовыя пасылаць сваіх дзяцей, каб тыя пралівалі кроў на чужой зямлі… За што? За імперыю. Калі я працаваў у Алжыры, то нават маладое пакаленне маіх студэнтаў добра памятала сваю трагічную гісторыю, калі французы не хацелі адтуль сыходзіць у 1950-60-х, пралілі шмат крыві. Брытанцы таксама не хацелі сыходзіць з Індыі. Імперыі сыходзяць з крывёю. І Расія не выключэнне.
І яшчэ гісторыю вам распавяду. Пасля вылучэння мяне кандыдатам ад апазіцыі на кангрэсе я зрабіў першую паездку — у Маскву. Не таму, што «ярлык» хацеў атрымаць. Штаб наўпрост палічыў, што на Захадзе нас і так ведаюць, а ў Маскве трэба паказаць, што мы не з рагамі, што хочам сябраваць, як мае быць у суседзяў.
Былі сустрэчы і з уладай, і з дэмакратычнай маскоўскай супольнасцю — палітыкамі, пісьменнікамі, журналістамі — чалавек 50. І калі я дайшоў да таго, што мы хочам у Еўропу, будзем адраджаць беларускую мову, ведаеце, цікавасць да мяне рэзка знізілася.
Многія іх дэмакраты так казалі: «Давайце аб’яднаемся, парламент саюзнай дзяржавы зробім і разам пойдзем у Еўропу. І вы нам паможаце, і мы вам!». Толькі два ўдзельніка сустрэчы — Барыс Акунін і Рыгор Яўлінскі — адназначна падтрымалі нашы еўрапейскія амбіцыі. Не ведаю, можа, таму, што першы нарадзіўся ў Грузіі, другі ў Львове…
І я тады падумаў што ў расіянах гэта выхавана з малаком маці — культ імперыі, моцы, бясконцых зямель. Дэмакраты нібы былі за дэмакратычную імперыю, але ўсё роўна. Імперская ідэя — гэта для многіх там наркотык. Нават пасля смерці Пуціна ломка ў Расіі будзе доўгай.
«Пад акупацыяй маніфестацый не праводзяць»
— Ці пашле Лукашэнка войскі ва Украіну?
— Пуцін і Лукашэнка бачацца мне як два чалавекі, якія, узяўшыся за рукі, стаяць над прорвай. Першы ўжо падняў нагу, каб зрабіць крок у бездань. Другі пакуль не. У Лукашэнкі моцны інстынкт самазахавання, які яго ўсё часцей падводзіць. Слабее і ён, і ягоны патрон.
Не ведаю, як павядзе сябе Лукашэнка. Выглядае, што зараз ён настолькі залежыць ад Пуціна, што зробіць літаральна ўсё, што яму загадаюць… Хоць хочацца верыць, што так не будзе.
— Ці бачыце вы ў гэтай сітуацыі нешта пазітыўнае, акно магчымасцей для Беларусі?
— Наша сітуацыя сёння з кожным днём выглядае ўсё горш. Але гэта не жалезная заслона. Наш шанец у гэтай крывавай трагедыі — параза Крамля. Такі вынік і для Расіі найлепшы, бо інакш яна праз пэўны час можа атрымаць смяротны прыгавор свайму існаванню. Параза ў вайне дае шанец на перамены да лепшага, наступіць ацверажэнне і аздараўленне.
Зараз, дарэчы, я катэгарычна не падзяляю папрокі на адрас беларусаў, маўляў, чаму не выйшлі на вуліцы, не спынілі вайну… Мы сёння пад падвойнай акупацыяй. Спачатку 2020-ы, пасля — расійскія войскі. А беларусы з гісторыі добра ведаюць, што такое акупацыя. Пад акупацыяй маніфестацый не праводзяць, бо іх удзельнікі будуць знішчаныя.
«Хто заўгодна, абы не Лукашэнка»? Не, трэба вызначыцца
— А што наконт аптымізму?
— Аптымізм стратэгічны. Час імперыі даўно мінуў. Пуцінская Расія ў агоніі, яна не выцягне, магчыма, мы ўбачым яе скон. Плюс відавочна, што каштоўнасці на Захадзе гэтым разам перамаглі гаманец. Раней так было не заўсёды. У вызначэнні сваёй палітыкі адносна постсавецкай прасторы ў дэмакратыях правы чалавека не раз прайгравалі бізнес-інтарэсам.
А зараз і ЕС, і ЗША адназначна цвёрда паставілі на каштоўнасці, якія былі і ёсць фундаментам таго, чым ганарыцца Захад. І нягледзячы на кошт такога рашэння, ім прыйдзецца трохі зацягнуць паясы. Калі б перамог Пуцін, то мы б надоўга занурыліся ў свет крывавых дыктатур і сталі поўнымі ізгоямі. А перамога Украіны дае шанец на лепшае заўтра для Усходняй Еўропы і нават свету.
— Што беларусы могуць зрабіць для лепшага заўтра?
— Разабрацца ў сабе. Зразумець, чаго мы хочам. У 2020-м былі неверагодныя натхняльныя маніфестацыі. Беларусы сталі адчуваць сябе нацыяй. Паказалі, што так, як раней, жыць не хочуць. А вось як хочуць — не прагучала. На якіх каштоўнасцях пабудуем краіну? Паводле расійскіх стандартаў ці еўрапейскіх?.. Ні туды, ні сюды.
З гэтай вайны мы маем выйсці больш адказнымі. Трэба адраджаць ідэнтычнасць, мову, культуру, праўдзівую гісторыю — мы ж бачым, як гэта ўмацавала дух украінцаў, асабліва пасля анексіі Крыма!
Важна, каб да моманту сыходу дыктатуры мы ўжо былі гатовыя вызначыцца, да чаго імкнёмся, якое наша месца ў гэтым свеце. Новай уладай не можа быць «хто заўгодна, абы не Лукашэнка». Яна мусіць быць прабеларускай.
Час сталець.