Мэтр гістарычнага жанру ў беларускай літаратуры Уладзімір Арлоў прэзентаваў у Беластоку беларуска-польскую версію зборніка балад «Паручнік Пятровіч і прапаршчык Здань».
Першая версія кнігі выйшла ў Беларусі яшчэ ў 2018 годзе. Сёлетняя кніга — абноўленая і дапоўненая. Усе вершы маюць пераклады на польскую мову. Ёсць дадатак з новымі баладамі, напісанымі адмыслова для гэтага выдання.
А яшчэ — неардынарнае афармленне. Лісты розных колераў ды арыгінальны карашок: на першы погляд здаецца, што ў руках зачытаная кніга, у якой наўпрост адваліўся хрыбетнік. Але не — так задумана. Выданнем займаўся фонд Kamunikat.org ды Яраслаў Іванюк, які быў мадэратарам сустрэчы.
Размова была не толькі пра кнігу, але і шырэй — пра гісторыю, літаратуру, жыццёвыя гісторыі і магію. Сярод іншага, Уладзімір Арлоў прызнаўся ў любові да Беласточчыны: «У маіх кнігах дзесяткі герояў, звязаных з гэтай зямлёй. Нізкі вам паклон!».
У гутарцы з журналістам MOST Уладзімір Арлоў назваў некаторых з беларускіх герояў Беласточчыны.
1. Шыман Канарскі (1808-1839). Нарадзіўся ў вёсцы Добкішкі на Беласточчыне. Ужо ў 23 гады стаў пад сцягі паўстанцаў. У складзе корпусу Хлапоўскага браў удзел у баях з расійцамі пад Гайнаўкай, Лідай і Вільняй. Трапіў у эміграцыю, але адтуль усё ж вярнуўся на Радзіму — падымаць новае паўстанне. Трапіў у астрог, з якога ў сакавіку 1839-га яго павялі віленскімі вуліцамі на растрэл — таксама як роўна праз 25 год Кастуся Каліноўскага.
2. Кастусь Каліноўскі (1838-1864). Нарадзіўся ў вёсцы Мастаўляны на Беласточчыне. Наш нацыянальны герой, паўстанец, першы беларускі нацыянальны палітык. Лісты з-пад шыбеніцы Каліноўскага не страцілі сваёй актуальнасці і зараз… Вельмі шкадую, што не магу трапіць у Мастаўляны: гэтая вёсачка зараз у зоне надзвычайнага становішча, ля самай мяжы.
3. Ігнат Грынявіцкі (1855-1881). Дзіцячыя гады Грынявіцкага прайшлі ў вёсцы Грыневічы на Беласточчыне. Пасля ён стаў лепшым выпускніком Беластоцкай рэальнай гімназіі. Імя Грынявіцкага зноў і зноў сустракаецца на старонках маіх кніг. Менавіта ён здзейсніў смяротны прысуд рэвалюцыйнай арганізацыі, вынесены цару Аляксандру ІІ, за што і сам заплаціў жыццём.
4. Мітрапаліт Мелхіседэк (1878-1931). Сапраўднае імя — Міхаіл Паеўскі. Імя «Мелхіседэк» — старазапаветнае, значыць «цар праўды». Будучы мітрапаліт паходзіў з сяла Вітулін на Падляшшы. У 1920-х спрабаваў аб’яднаць інтарэсы царквы і нацыянальнага адраджэння: так стварыў Беларускую аўтаномную царкву, якая мелася быць першым крокам да аўтакефаліі. Памёр «па нявысветленых прычынах» у Маскве ў 1931-м, ягоныя прыхільнікі неўзабаве былі арыштаваныя.
5. Язэп Варонка (1891-1952). Прыйшоў на свет у тутэйшай вёсцы Кузніца. Першы старшыня першага ўраду незалежнай БНР. Першы міністр замежных спраў новастворанай рэспублікі. Першым, мабыць, Варонка таксама зразумеў небяспеку вяртання ў БССР… Таму ў 1923-м сеў на параход з білетам да Чыкага. Працаваў журналістам, першым у Амерыцы стварыў беларускамоўную радыёперадачу.
6. Макар Краўцоў (1891-1939). Сапраўднае прозвішча — Касцевіч, а псеўданім паходзіў з даўняй прафесіі, якая карміла продкаў — краўцы. У 1919-м у мінскай газеце «Беларусь» быў надрукаваны ягоны верш, які пачынаўся словамі «Мы выйдзем шчыльнымі радамі!». З таго часу — гэта беларускі ваяцкі марш. Аднаго разу, пасля 1939-га, у родную вёску паэта прыйшоў чалавек, былы сусед па камеры. Сваякам ён распавёў, што Макара закатавалі бальшавікі ў Беластоку.
7. Казімір Смулька (1894-1965). Манах, святар, адзін з лепшых спавядальнікаў у кляштары ў Скурцы на Падляшшы. Айцец Казімір амаль страціў зрок пад канец жыцця, але любіў радыё. У ягонай келлі ўвесь час працаваў радыёпрымач, настроены на хвалі беларускай «Радыё Свабода». Калі браты-марыяне іранічна пыталіся, чаму той ніколі не вымыкае радыё, той сур’ёзна адказваў: «Баюся прапусціць навіну, што Беларусь стала вольнай».
Зразумела, гэта далёка не поўны спіс выдатных беларусаў, народжаных на Падляшшы ці звязаных з ім праз жыццё ці… смерць. А каго ведаеце вы? Пішыце ў каментарыях у нашым тэлеграм-канале!