Што такое група псіхалагічнай падтрымкі і ці трэба там танчыць? Чаму нармальна перажываць тугу і сумаваць? Чаму важна размаўляць пра балючае? Калумністка MOST Дар’я Міхайлоўская наведала ініцыятыву падтрымкі «Побач/Поруч Беласток» і расказвае пра гэта ў сваёй калонцы.
Калі ты ў эміграцыі, ты як ніколі адзін
Сёння я буду разважаць пра высокае — нематэрыяльнае і складанае, табуіраванае і малазнаёмае. Заінтрыгаваны? Нават больш скажу — гэта можа быць карысным асабіста для цябе.
Мяне завуць Дар’я, я пачынаю гэтую калонку з думкамі пра ўсіх, хто — як я сама — часам адчувае сябе самотным, згубленым ці няўпэўненым. Кожны тыдзень я буду расказваць пра тое, чым можна сябе заняць, калі няма ведаў, куды пайсці і як, калі няма з кім ці наўпрост страшна ісці ў незнаёмае месца.
Калі ты ў эміграцыі, ты як ніколі адзін. Вымушаны або доўгачаканы пераезд — гэта ў любым выпадку выпрабаванне. Помніце, што Палумна Лаўгуд сказала Гары Потару ў «Ордэне Фенікса»? «Бо калі ты адзін, ты не ўяўляеш пагрозы». «Наш» Волан-дэ-Морт дакладна атрымлівае толькі плюсы ад усеагульнай раз’яднанасці. Ëн быў бы не супраць, калі б усе апазіцыйныя яму (і здароваму сэнсу) былі паасобку, і лепш бы ў канфлікце між сабой. Можна прыгадаць яшчэ гісторыю пра ламанне галінак, але яна ўжо ну занадта ж банальная, і думаю, вы і так зразумелі, пра што я.
Сіла ў адзінстве, сіла ў дзеянні… І гэта ўсё выдатна, калі ты і сам з сабой у парадку. Але калі раптам не? Як набрацца смеласці, сіл і жадання да чагосьці, калі вакол усё чужое і чапляцца асабліва няма за што? Калі ты абнулены настолькі, што нават сябе губляеш ва ўсім гэтым? Не ведаю, калі я ўпершыню напоўніцу адчула значэнне такога банальнага і літаратурнага выразу — «туга па дому». Можа, яшчэ ў цягніку Маладзечна-Гродна, за пару гадзін да пераходу мяжы. А можа, і праз некалькі месяцаў тут. Але гэтае адчуванне — рэальнае, фізічнае, балючае. Такая непрыемная рапуха, зялёная і слізкая, якая быццам сядзіць на табе і лыпае вочкамі. І здаецца, што нічога ты з ёй не зробіш і трэба проста змірыцца. Але, можа, так і не трэба?
У нашым — постсаўковым — грамадстве тэма псіхалогіі і агулам псіхічнага здароўя з’яўляецца нечым табуіраваным. Ну не было прынята, і, думаю, многія людзі нават майго ўзросту таксама трымаюцца гэтых стэрэатыпаў, што звяртацца па дапамогу ці да спецыяліста — штосьці ганебнае, непрыгожае, гэта адразу клішэ пра «белы білет» і кляймо таго, што ў цябе штосьці не ў парадку з галавой. Эпоха, дзе «хлопчыкі не плачуць», а дзяўчаты «народжаныя, каб быць маці і жонкамі», патроху заканчваецца, і гэта не можа не радаваць. Нават масавая культура сёння вучыць нас прыслухоўвацца да сябе, разумець свае эмоцыі і разумець, што можа быць і балюча, і сумна, і роспачна — і ўсё гэта нармальна.
Разам лягчэй
Але ведаць і разумець, як яно павінна быць, — гэта адно. Самастойна з гэтым спраўляцца бывае вельмі і вельмі складана. І тут проста трэба азірнуцца і дазволіць сабе ўбачыць варыянты падтрымкі. У беластоцкім чаце, а таксама ў фэйсбуку ў гарадскіх рускамоўных суполках з месяц таму стала з’яўляцца інфа пра ініцыятыву фундацыі Białoruś 2020 — праграму дапамогі «Побач/Поруч Беласток», у межах якой ёсць група псіхалагічнай падтрымкі «Разам лягчэй». Самаабвешчаным лідарам усіх самотных людзей Беластока (я вельмі люблю рэгаліі, ага) я думала пра тое, што гэта круты варыянт для ўсялякіх самотнікаў, але асабіста я б туды ісці пабаялася. Але стоп. Раз мне боязна, то камусьці іншаму, магчыма, будзе таксама, таму хтосьці павінен схадзіць туды і распавесці, што там не кусаюцца. І я пайшла.
Першы крок самы просты — рэгістрацыя. У анонсе, які рассылаецца раз на тыдзень у розныя чаты і суполкі, запіс адбываецца праз мэйл або паведамленні ў фэйсбуку. Я напісала ў фэйсбуку, і неўзабаве мне адказалі: запісваем, дадаткова паведамім пра месца і час напярэдадні. Окей. Ужо на наступны дзень прыйшло паведамленне: так, чакаем.
Гісторыі. Пытанні. Слёзы. Усмешкі. Планы і надзеі
Сустрэчы адбываюцца ў Цэнтры грамадскай актыўнасці (Centrum aktywności społecznej) па Святога Роха, 3. Гэта дзяржаўная ўстанова ў цэнтры горада, прызначаная адмыслова для правядзення розных ініцыятыў і мерапрыемстваў. Каб знайсці ўваход, трэба трошкі абысці будынак, але гэта не складана — там некалькі ўказальнікаў. Як і паўсюль, унутры шмат улётак, афішак і аб’яў. Мне патрэбны быў пакой 102, і каб не шукаць самастойна па ўсіх паверхах, я запыталася, як туды прайсці, у пана за стойкай на ўваходзе. Напэўна, калі-небудзь я перастану завісаць, калі мне кажуць, што трэба падняцца на першы паверх (я ж і так на ім!!), але дакладна не зараз.
Побач з залай ёсць кухня, Марына — каардынатарка праекта і псіхолаг — прапанавала ўсім ахвотным перад пачаткам зрабіць сабе гарбату ці каву. На гэтую сустрэчу прыйшлі шэсць чалавек, мы былі ў такім дастаткова цесным, «сямейным» коле. Я адмыслова пішу «сямейны», бо як сям’я — гэта свая супольнасць, якая мае штосьці агульнае, так былі і мы. Агульны боль, агульная гісторыя, агульная туга. Што было? Ну, спачатку было няёмка, само сабой. Трошкі страшна расказваць пра сябе. Але былі гісторыі. Пытанні. Слёзы. Усмешкі. Планы і надзеі. Я трошкі непакоілася, што будуць нейкія практыкаванні, кшталту — не ведаю, чаму я так думала, гэта быў мой першы вопыт такой камунікацыі — спяваць якія-небудзь песенькі ці трымацца за рукі, ці танчыць. Але не, мы проста размаўлялі на працягу дзвюх гадзін.
Як гэта адчуваецца? Складана. Па-першае, моцна ўражвае і агаломшвае сама наяўнасць людзей, падобных да цябе, зусім побач. Адна справа — ведаць, што яны ёсць недзе ў тэорыі, а іншая — бачыць іх на адлегласці выцягнутай рукі. Гэта пашырае твой кругагляд. Гэтая размова дазволіла мне іначай паглядзець на сваю ўласную гісторыю, з іншых ракурсаў і з новымі пытаннямі. Сам па сабе ты можаш абдумваць нейкую праблему, умоўна, «аднымі і тымі ж сцежкамі», а так усё бачыцца іначай. Больш шырока. Ты можаш агучыць пытанне, якое сам для сябе не можаш зразумець і лічыш перашкодай, а хтосьці тут жа падказвае варыянт вырашэння, які ты, умоўна, проста не заўважаў. Ці было гэта карысна? Так, адназначна. Не толькі таму, што я рада, што ўвогуле набралася смеласці, каб прыйсці, але таму што вось гэтае адчуванне адзінства, агульнай супольнасці, сугучнасці твайго стану са станам іншых — гэта мегакрута.
Мы тут і мы працягваем жыць. А значыць, з усім справімся
Ну і бонусам — я адмыслова папрасіла Марыну напрыканцы сустрэчы, каб яна сфармулявала для вас, даражэнькія, некалькі парад датычна эміграцыі. Эксклюзіўна і толькі ў нас, як кажуць:
1. Асвойваць мову. Гэта — аснова поспеху і ўласнага камфорту ў новай іншамоўнай краіне.
2. Выбіраць паслугі мясцовага насельніцтва: гэта і моўная практыка, і пашырэнне кругагляду, і новыя знаёмствы.
3. Сумаваць і гараваць па мінулым: гэта нармальна, гэта неабходна, каб перажыць гэтыя эмоцыі і з знайсці сілы на будаўніцтва новага.
У Беластоку хапае самотных людзей, як, напэўна, і паўсюль. Але гэта не абавязвае нас заставацца аднымі, самімі па сабе. Так, мы зараз тут. У нечым новым, у нечым невядомым, і за плячамі амаль кожнага — штосьці пакінутае. Але мы тут і мы працягваем жыць. А гэта значыць, што абавязкова з усім справімся.
Меркаванні, выказаныя ў аўтарскіх калонках, з’яўляюцца выключна пазіцыяй іх аўтараў і могуць не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.