Чаму Падляшша адмовілася ад супрацы з Гродзенскай вобласцю? Ці патрэбная мяжа паміж Польшчай і Беларуссю? Як у Беластоку рэагуюць на беларускіх і ўкраінскіх уцекачоў? Што павінна адбыцца, каб супраца паміж Гроднам і Беластокам аднавілася?
Да 2020-га Беласток і Гродна мелі серыю партнёрскіх праграм, а чыноўнікі з абодвух гарадоў ездзілі адно да аднаго ў госці, ладзілі абмен досведам, супольныя праграмы. Пасля беларускіх выбараў-2020 і асабліва пасля пачатку вайны шмат што змянілася. Пра гэта размаўляем з прэзідэнтам Беластоку Тадэвушам Трускаляскім.
— Два гады таму Беласток адмовіўся ад супрацы з Гродна з-за рэпрэсій у Беларусі, а пасля пачатку вайны ва Украіне Падляскае ваяводства парвала стасункі з Гродзенскай вобласцю. Ці можаце распавесці аб супрацы ў тыя часы і што ў выніку гэтых падзей згубілі абодва рэгіёны?
— У сакавіку 2021 года Рада Беластока прыпыніла супрацу з Гроднам, які быў нашым партнёрскім горадам. Гэта быў знак нязгоды з пераследам палякаў у Беларусі і палітычных рэпрэсій пасля прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, скіраваных таксама супраць дзеячаў Саюза палякаў на Беларусі. Насамрэч мы спынілі якія-кольвек кантакты з уладамі Гродна ўжо пасля выбараў. Цяжка таксама казаць пра мясцовае самакіраванне Гродна — гэта хутчэй яго бачнасць.
Пасля таго, як ва Украіне выбухнула вайна, калі Рэспубліка Беларусь адназначна выступіла на баку агрэсара, супраца з беларускімі гарадамі, канешне ж, выключаная. Зрэшты, мы выказаліся з гэтай нагоды ў сакавіку гэтага года, канчаткова акрэсліўшы ўмову аб супрацы з расійскімі і беларускімі гарадамі.
Раней у рамках двухбаковых кантактаў з Гроднам адбываліся сустрэчы кіраўніцтваў і мясцовых прадпрымальнікаў, прагаворваліся пытанні, датычныя актывізацыі міжрэгіянальнай супрацы ці ўмоў для інвестыцый у Беластоцкай падзоне Сувальскай спецыяльнай эканамічнай зоны, а таксама дзейнасць Беластоцкага навукова-тэхналагічнага парка.
Мы дзяліліся сваім вопытам, павязанымі з жыццём горада і публічнымі паслугамі. Прэзентавалі партнёрам з Гродна наш варыянт збору і перапрацоўкі адкідаў у Беластоку, які належыць да найбольш сучасных у Польшчы. Гродзенскія дэлегацыі знаёміліся з арганізацыяй гарадскога транспарту, сістэмай святлафораў і дарожных знакаў. Прагаворваліся магчымасці супрацы ў сферы культуры, спорту і адукацыі. Аднак такая актыўнасць патрабуе партнёрскіх зносін і добрай атмасферы для размоў, аб чым зараз няма мовы.
— Закрыццё памежнага пераходу ў Кузніцы неяк паўплывала на Беласток?
— Гэтае рашэнне, прадыктаванае мігранцкім крызісам, стала прычынай сур’ёзных складанасцей у памежным руху, як таварным, так і асабістым. Жыхары Беларусі, якія прыязджалі ў Беласток хаця б «на закупы», меліся адмовіцца ад паездак. Гэта заўважна ў нашых крамах і гандлёвых галерэях. На паркінгах, дзе апошнімі гадамі мы бачылі мноства машын і аўтобусаў з беларускімі нумарамі, зараз іх значна менш. Гэта — азнака страт для прадпрымальнікаў, не толькі, зрэшты, з Беластока, але таксама з прыпамежных мясцовасцей.
— Кажуць, што будоўля муру на мяжы яшчэ больш падзеліць рэгіёны. Што вы аб гэтым думаеце?
— Ніводзін мур на свеце яшчэ нікога не паяднаў. Муры толькі падзяляюць. Зразумела, што гэтая мяжа мае быць шчыльнай, гэта не падлягае сумненню, бо гэта таксама знешняя мяжа Еўрапейскага Саюза. Аднак я супраць будоўлі муру. У сённяшнія часы пры вырашэнні праблем трэба карыстацца больш сучаснымі сродкамі. Муры ў Польшчы выклікаюць дрэнныя асацыяцыі. Я супраць падзелу людзей такім спосабам.
— Пасля падзей 2020 года беларусаў у Беластоку стала значна больш. Колькі зараз? З якімі праблемамі яны сутыкаюцца і звяртаюцца да гарадскіх уладаў?
— Сапраўды, пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, якія адбыліся ў жніўні 2020-га, мы назіралі наплыў грамадзян гэтай краіны ў Беластоку. Гэта людзі, якія былі вымушаныя пакінуць Беларусь праз небяспеку рэпрэсій, таксама незалежныя журналісты. Зараз жывуць і працуюць у нас. Стараемся як мясцовае самакіраванне прыходзіць з дапамогай заўсёды, калі ёсць такая патрэба. Трымаем кантакт з беларускімі арганізацыямі, якія дзейнічаюць у нашым горадзе, падтрымліваем іх дзейнасць. Горад даў памяшканне ў цэнтры Беластока для патрэб беларускіх журналістаў (MediaPortBelarus на Sienkiewicza, 44, дзе месціцца і наша рэдакцыя — MOST), у адкрыцці ўдзельнічаў Цэнтр дапамогі палякам з Беларусі і беларусам, якія ўцякаюць ад рэжыму, які дзейнічае ўжо амаль год.
— Як змянілася стаўленне палякаў да беларусаў пасля пачатку вайны?
— Палякі разумеюць, што падтрымка вайсковых дзеянняў Расіі ва Украіне не ёсць рашэннем грамадзян Беларусі, але толькі Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў. Апроч таго, беларускі народ таксама пацерпіць ад гэтага, бо санкцыі, накладзеныя Захадам на Расію, закрануць таксама Беларусь. Эканамічная сітуацыя ў Беларусі цяжкая, валюта губляе пазіцыі, а кошты растуць. Усё гэта найбольш закране звычайных беларусаў, і яны таксама будуць ахвярамі гэтай вайны. Здаецца, палякі гэта ўсведамляюць. Зрэшты, не толькі яны. Нават уцекачы з Украіны, якія ў нас перабываюць, таксама гэта разумеюць. Цяжка мець прэтэнзіі да беларусаў за тое, што робіць рэжым Лукашэнкі.
— Колькі ўцекачоў з Украіны зараз у Беластоку? Якога яны ўзросту і сацыяльнага статусу?
— Мы не ведаем дакладнай лічбы, бо няма такіх рэгістраў. З даследаванняў, падрыхтаваных Саюзам польскіх метраполій, вынікае, што ў Беластоку можа знаходзіцца каля 37 тысяч уцекачоў з Украіны. Магу толькі сказаць, што гарадскія ўлады Беластока на дадзены момант далі больш за 3,5 тысячы нумароў PESEL грамадзянам Украіны. Шмат людзей дагэтуль карыстаюцца месцамі для начлегу, падрыхтаванымі горадам, але вялікая колькасць уцекачоў перабывае таксама ў прыватных дамах. Найперш гэта маці з дзецьмі, часам таксама бабулі.
— Як некалькі хваляў уцекачоў паўплывалі на рынак жытла і працы ў горадзе? Чаго варта чакаць у будучыні, калі вайна будзе працягвацца?
— Вялізны попыт на жытло стаў падставай таго, што не хапае кватэр на арэнду. Не назіраем пакуль рэзкага росту арэндных коштаў, але цяжка выключаць, што ў будучыні, калі вайна будзе працягвацца, гэта не зменіцца. Уцекачы пачынаюць працаваць у нас, іх дзеці ходзяць у школы, дзіцячыя садкі. Частка, магчыма, не будзе мець, куды вяртацца, і застанецца тут стала. З упэўненасцю можна сказаць, што гэта павялічыць канкурэнцыю на рынку працы. Цяжка, аднак, нешта прагназаваць, бо сітуацыя зараз непрадказальная.
— Палякі зараз вельмі дапамагаюць украінцам, але калі іх колькасць вырасце ў некалькі разоў, ці нешта зменіцца?
— Так, гэтая вялікая салідарнасць, якую выказалі палякі ўкраінцам, уражвае і годная пашаны. Маем, аднак, разумець, што да ўсяго можна прызвычаіцца — нават да ўсведамлення вайны. Таму з часам прысутнасць уцекачоў у Польшчы, іх сітуацыя стануць будзённасцю. І гэты вялікі імпэт дапамогі троху спадзе. Ужо гэта назіраем. Цяжка здзіўляцца, гэта натуральна. Таму лічу, што дапамога Украіне не можа абапірацца галоўным чынам на плячы грамадскасці і мясцовых уладаў. Патрэбная сістэмная дапамога з боку польскага ўраду, а таксама дзяржаў Еўрапейскага Саюза. Такія пытанні грунтуюцца на супрацы і дыялогу.
— Што павінна адбыцца, каб кантакты паміж Польшчай і Беларуссю, Беластокам і Гроднам нармалізаваліся?
— Беларусь павінна стаць незалежнай, суверэннай і дэмакратычнай дзяржавай. Дзяржавай, дзе выбары праходзяць належным чынам і голас грамадства ёсць вырашальным. Веру, што некалі гэтага дачакаемся.