Журналістка і спявачка Кацярына Ваданосава 23 мая апублікавала ў Facebook допіс пра тое, што ў яе рак. Пад пастом сотні людзей пісалі жанчыне словы падтрымкі.
MOST паразмаўляў з нашай калегай пра тое, што ёй сказалі дактары ў Беларусі і ў Польшчы, як расказаць пра рак дзецям і чаму не варта сядзець на тэматычных форумах, займаючыся самадыягностыкай.
Пра рак пасля 2020 года напісала мноства жанчын
— Якім будзе тваё лячэнне?
— 26 мая адбыўся кансіліум дактароў. У кабінеце сядзелі чалавек 10-15. Усе яны мяне распранулі і абмацалі, і пастаянна жартавалі. Размаўлялі па-польску, але збольшага я разумела і вельмі здзівілася іх аптымістычнаму настрою, які перадаўся і мне.
Рак у мяне першай стадыі. Гэта вельмі добра тым, што няма метастазаў, толькі сама пухліна. Трывогу забіла своечасова, галоўныя лімфавузлы таксама чыстыя. Будуць цалкам выдаляць левыя грудзі і ўстаўляць туды імплант. Зробяць замеры, каб нічога не адрознівалася ад першапачатковага памеру, усё пільненька. Калі імплант будзе гатовы, кладуся на аперацыю, пасля яе праходжу гарманальную тэрапію. Калі ўсё пройдзе добра, то можа пашчасціць так, што гэтага лячэння хопіць і не спатрэбіцца рабіць хімія- і радыётэрапію.
На кансіліум ішла з пахавальным настроем, але дактары вельмі абнадзеілі. Ніколі не думала, што буду радавацца першай стадыі рака, але аказваецца, нават гэтаму можна радавацца.
— Як ты заўважыла, што з целам нешта не так?
— Усё пачалося пасля выбараў 2020 года. Пасля таго, як публічна заявіла пра хваробу, мне пачалі пісаць мноства жанчын, у якіх адкрылася тая сама праблема пасля 2020-га. Калі ўжо аптымістычныя маршы сталі перарастаць у маршы, на якіх становіцца страшна, зразумела, што са мной адбываецца нешта не тое. Прабачце, з левых грудзей нешта цячэ. Не малако, а штосьці кшталту сукравіцы. Я не цяжарная, гарманальныя прэпараты не прымаю, дзяцей карміла сабой агулам чатыры гады, а кажуць, гэта найлепшая прафілактыка. Але займацца здароўем не выпадала, мы жылі ў ненармальным, нечалавечым рытме, калі забіваеш на ўсё, акрамя страшнага трэшу, у якім пастаянна варышся. Вясной 2021-га сваякі выгналі на першыя даследаванні.
Напэўна, усе ведаюць, як даследаванні праходзяць у Беларусі. Прытым што я пайшла ў прыватную клініку, а не дзяржаўную. Прыходзіш, расказваеш пра праблему, цябе накіроўваюць да кучы абсалютна левых дактароў на абсалютна непатрэбныя аналізы, і ты ўсё праходзіш. Гэта доўжыцца і доўжыцца, і каб дайсці да таго доктара, які нешта скажа па справе, патрэбна вельмі шмат часу. Апошняе, што мне зрабілі ў Беларусі, — УГД. Доктарка, якая праводзіла даследаванне, маўчала. Калі папрасіла сказаць, што са мной, адказала: «Пускай вам ваш врач рассказывает, а я свое дело сделала». Спыталася, ці буду я жыць, адказала: «Успокойтесь, всё у вас нормально».
З гэтым «всё у вас нормально» ў жніўні я з’ехала з краіны. Усе вынікі даследаванняў засталіся ў Мінску, аналізы на гармоны, якія каштавалі шалёных грошай, і ўсё астатняе, непатрэбнае, як высветлілася. Спачатку выехалі ў Літву, адтуль у Кіеў, з Кіева — у Беласток. Шчыра кажучы, было абсалютна не да сябе. Але я сябе выпхнула да доктара пасля таго, як прачнулася пасярод ночы ад болю грудзей. Абмацала сябе і знайшла здаровы гузак. Раней яго не было, вырас вельмі хутка. Баліць нават не сам ён, а тканка вакол, ёй, напэўна, мала месца.
У Польшчы цяпер я ў статусе чакання рашэння па міжнароднай абароне. Таму адзіным маім шляхам для лячэння была амбулаторыя ў цэнтры для бежанцаў. Доктарка там размаўляла па-руску, спярша пачала крычаць, што ў яе мала часу, я позна прыйшла, а ў яе канец працоўнага дня праз паўгадзіны.
Пасля паглядзела мяне і перастала крычаць, пачала гаварыць па-польску і называць панечкай. Выпісала накіраванне ў цэнтр анкалогіі. У гэтым цэнтры ўсё было вельмі хутка, спагадліва і па-чалавечы, не рабілі ніякіх непатрэбных маніпуляцый. Усё па справе, адно за адным, ставяцца як да чалавека. Гэта так дзіўна для беларуса, які ўсё сваё жыццё адкладаў любы паход да доктара да самага апошняга, таму што гэта заўсёды вельмі доўга і вельмі псіхалагічна затратна — трэба будзе сядзець у чарзе, на цябе будуць крычаць і ў чарзе, і ў доктара.
Тут усё па-іншаму. Працуе электронная база: калі даюць квіточак да доктара, то не трэба ісці да чаргі і крычаць «хто апошні». Садзішся, чакаеш свайго часу — і цябе выклікаюць!
Паколькі я ў статусе чакання рашэння па міжнароднай абароне, то амбулаторыя, з якой пачынала, з’яўляецца аналагам сямейнага доктара ў Польшчы. Пакуль я ні за што не плаціла, але не ведаю, ці спатрэбіцца аплата за імплант. Як чалавеку з Беларусі, вельмі дзіўна, што пакуль нічога не казалі пра грошы.
Разумею польскую мову някепска, таму калі доктарка сказала дыягназ, перапыталася, ці гэта рак. Яна пацвердзіла, што рак, і сказала, што ёй трэба выйсці. Я пасядзела хвілінку, аддыхалася. Пасля доктарка вярнулася з калегай, тая мне надавала спецыяльнай літаратуры, выпісала накіраванні, прызначыла час кансіліуму. І ўжо не было часу пражываць дыягназ.
Канешне, гэта страшна. Пачала думаць: так, я хачу вырасціць дзяцей. Калі са мной нешта здарыцца, што з імі будзе, яны ж у чужой краіне? У іх айчым, ён добры, але ў яго дыябет. Як яны будуць вучыцца, у які пойдуць універсітэт? Тут рукапіс не надрукаваны, песні не зробленыя, кліп не зняты. Думала пра справы прыкладнога характару, задачы, якія трэба выканаць.
Дыягназ стаў матыватарам да дзеяння. Не было такога, што я ўпала ў роспач: «Гэта канец!».
«Гэта занадта многа для мяне адной»
— Ці займалася самадыягностыкай, калі пачаліся сімптомы?
— Мне было абсалютна не да таго. У Беларусі больш хвалявалася аб пратаколах, званках з пагрозамі, што забяруць дзяцей. І наогул не прыхільнік ставіць дыягназы самой сабе. У кнізе «Трое ў лодцы, калі не лічыць сабаку» герой чытае медыцынскі даведнік і прыходзіць да высновы, што ў яго ёсць усё, акрамя радзільнай гарачкі. Я не сяджу на тэматычных форумах і ў чатах, на гэта шкада часу. Прасцей пайсці да спецыяліста, а не займацца справай, у якой не абазнаны.
— Чаму ты вырашыла расказаць пра хваробу публічна?
— Гэта вельмі цяжка насіць у сабе. Ёсць тыя, хто перажывае падобнае ў адзіноце ці толькі ў коле самых блізкіх. Але я адчула, што гэта занадта многа для мяне адной. Тое, што адбывалася ўнутры, мучыла больш, чым сама хвароба. Калі ў мяне здараліся страшныя моманты ў жыцці, станавілася лягчэй, калі прагаворвала сітуацыю на людзях. Не таму, што перакладаю адказнасць ці шукаю шкадавання. Гэта своеасаблівы сеанс псіхатэрапіі.
Родныя былі не вельмі рады, што я гэта вынесла. Яны вельмі перажываюць, баяцца, што мяне пакрыўдзяць, хто-небудзь штосьці не тое скажа, «Жоўтыя слівы» парадуюцца. Але апошнія два гады так загартавалі, што гэта мяне не кранае. І да таго ж, з тысячы каментарыяў і асабістых паведамленняў я заўважыла толькі два негатыўных, і яны яўна ад ботаў.
У тэме рака грудзей няма нічога табуяванага. Жанчыны вельмі часта баяцца гаварыць пра праблемы, хваробы. Я стаўлюся да цела як да інструмента, вельмі дарагога мне і патрэбнага. Але ў ім няма рэчаў, якіх варта саромецца. Ну хваробы дакладна не варта саромецца. У тым, што жанчына захварэла на рак грудзей, віны жанчыны няма.
«Я бы не хацеў, каб ты памірала»
— Як змянілася адчуванне жыцця, калі даведалася пры дыягназ?
— Я стала больш заўважаць, чаго мне не хапае. Але гэта не ад таго, што я хворая, а таму, што мы двойчы ўцекачы. Мы не можам сабе дазволіць таго, што мяне сілкавала — вандровак. У Беларусі пастаянна выязджала на прыроду, наталялася ёй і гэта давала сілу ісці далей. Ветру, дрэваў, вады — усяго гэтага катастрафічна не хапае.
— Як пра хваробу ты расказала дзецям?
— Стэфаніі 11 год, Янушу восем. Малодшага ўзяла з сабой на той кансіліум. Пакуль чакалі, на каталках вазілі людзей, а на маніторы паказвалі моманты з аперацыі. Ён заплюшчваў вочы, пасля спытаўся, навошта мы сюды прыйшлі. Кажу, што мне трэба палячыцца, у мяне рак. Пытаецца: «Ну ты ж не памрэш?» — адказваю, што не. «Я бы не хацеў, каб ты памірала». — «Ну і я бы не хацела».
Мае дзеці настолькі загартаваныя прыгодамі, што ў іх уяўленне: мама можа ўсё, усё ўмее і ўсё разруліць. Калі старэйшая даведалася пра рак, хвілін пяць пасумавала, а пасля спыталася, што будзе на абед. Так што ўсё ў парадку.
Муж Васіль паставіўся з халоднай галавой, сказаў: гэта лечыцца, за што вельмі яму ўдзячная. Рак грудзей перажыла мая свякроў Галіна Васільеўна, і ён прайшоў гэта з ёй, так што ведае, пра што кажа. Свякроў мяне таксама вельмі падтрымала.
Я радуюся жыццю, як і раней. Асабліва нічога не змянілася. Хіба што захацелася больш адчуваць сябе прыгожай. Надзела вось сёння кароткую спадніцу, бо калі, як не цяпер?
— Ці зменіцца тваё стаўленне да сваёй жаноцкасці праз хваробу?
— Напэўна, для любой жанчыны самае страшнае — хіміятэрапія, пасля якой выпадуць усе валасы. Калі на кансіліуме сказалі, што можа абысціся без хіміі, была вельмі рада. Больш дзяцей я не планую, так што карміць немаўлят не спатрэбіцца. Болю не вельмі баюся, ён пройдзе.
— Як размаўляць з чалавекам, у якога рак?
— Залежыць ад чалавека. Так склаўся лёс, што я многае ўмею і магу. Мне трэба быць моцнай, хаця ўнутры я не такая. Мне радасна і цёпла, што так шмат людзей падтрымалі. Але рэцэпту, як размаўляць са мной, у мяне няма. Сяброўка спыталася, ці можна жартаваць пра рак — кажу, давай. Атрымалася весела. Хтосьці піша, што плача ад крыўды за мяне, хтосьці — што моліцца. Любая падтрымка для мяне каштоўная.
Чытайце таксама
У новым выпуску праграмы «Мы вернемся» MOST расказвае пра тэлевядучую Кацярыну Ваданосаву. Яна была аўтарам праграмы «Жывая культура» на тэлеканале...
Чытаць далейУ кожнага з нас ёсць кнігі, песні і фільмы, уражанне ад якіх нібы стала адным з пазлаў, што складаюць нашу...
Чытаць далей