Вядучая беластоцкай «Мовы Нанова» Наста Казановіч падзялілася з чытачамі MOST мастацкімі творамі і аўтарамі, якія яе найбольш натхняюць.
Таршэр — гэта прастора, дзе пад утульным святлом лямпы — тыя творы, ад якіх дыханне перахапіла, розум узляцеў на новую вышыню, а іх адбітак назаўсёды застаўся ў сэрцы. Мы запрашаем герояў саміх напісаць пра такія творы і пра тое, чаму абралі менавіта іх. У гэтым выпуску мы расказваем пра творы, якія абрала Наста Казановіч.
1. «Маці Божая Нябеснай сотні» і «Таемнае», Алесь Марачкін
З Алесем Марачкінам я пазнаёмілася асабіста ў верасні 2020 года. З таго часу ён стаў для мяне духоўным настаўнікам. Захапляюся яго вобразамі кахання, неўміручай Беларусі. Вельмі шмат смелых, шчырых прац на сацыяльна-палітычную тэму.
Лічу Алеся Марачкіна адным з самых геніяльных беларускіх сучаснікаў. А яго працавітасць і ўнутраная свабода мастака натхняюць мяне кожнага дня.
2. Вершы Анатоля Сыса
Бунтарны, бязмежна чулы да болю нашага народа. Гэта Анатоль Сыс, у вершах якога знаходжу поўнае разуменне сваіх думак і пачуццяў.
Маналог Кастуся Каганца
Нам мова далася крывёю
ды выпаленымі вачыма,
хавалі яе, як зброю,
насілі, як горб за плячыма.
Сяклі яго гострай шашкай,
да костак нагайкай білі
і царскай і зверху, ласкай,
ды мы яго ўсё ж любілі,
хоць рос ён ад сініх шнараў,
ад позіркаў воч варожых,
ды мы яго, быццам рану,
хавалі — свой скарб заможны.
I скрозь па шляхох-гасцінцах
вялі гарбуноў закутых
у іншую веру ксціцца,
пад Богам чужым і лютым,
а Бог наш — не ідал з воску,
без племені, без радзімы,
а горб наш — прырос да костак, —
ЁН
БОГ НАШ
I БОГ АДЗІНЫ.
3. Творы Язэпа Драздовіча
Падарожнік сярод сусветаў з Глыбоцкага раёна, ці заснавальнік беларускага жывапісу Язэп Драздовіч.
Вельмі люблю яго графічныя містычныя краявіды як і блізкай нам Беларусі, так і далёкіх Месяца, Сатурна, Венеры.
4. Кнігі Сяргея Пясецкага
Пэўна, маё ўяўленне пра крымінальнае асяроддзе Беларусі змянілі кнігі Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзьведзіцы» і мінская трылёгія «Яблычак». У першым рамане Пясецкі, які пачаў пісаць, адбываючы 15-гадовы прысуд у турме, апісвае беларускі Лас-Вэгас 20-х гадоў ХХ стагоддзя — Ракаў.
Гэтае мястэчка ў выніку савецка-польскай мірнай дамовы аказваецца памежным, што вызначае лёс яго жыхароў. Кантрабанда давала героям рамана прыбытак у тысячы долараў — але жыццё пад кулямі памежнікаў нібыта губляла большы сэнс і станавілася азартам.
5. «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без», Уладзімір Някляеў
Пашпацыраваць па старых вулачках Нямігі, а таксама пераканацца, што кожнаму гораду патрэбны свой філосаф, я змагла ў рамане Уладзіміра Някляева «Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без».
Гэта таксама кранальны раман пра Мінск 60-х гадоў ХХ стагоддзя, які раю пачытаць.
6. Беларускія азёры
Маё месца сілы — гэта беларускія азёры. Найчасцей бывала ў мястэчку Азёры, што пад Гроднам. Мястэчка знаходзіцца над дзвюма азёрамі, а ў вакольных лясах красуе вялікае люстра неба, аздобленае белымі ліліямі. На гэтых жа лясных азёрах былі стаянкі першабытнага чалавека. У гэтых жа багністай мясцінах паўстанцы Каліноўскага бараніліся ад расійскіх салдатаў.
Веру, што наша зямля дасць нам сілы перамагчы акупантаў і ў неўзабаве зможам вярнуцца дадому.
Яшчэ «Таршэр»
Што рабіць, калі шлюб пераўтвараецца ў сумесную пакуту? Чым заварожвае першы трылер у рускай літаратуры? Як зазірнуць у дзённікі беларускага...
Чытаць далейШто мы даведаемся пра гістарычныя падзеі, калі будзем даследаваць іх па непрыфарбаваных гісторыях людзей? Як жанчыны змагаюцца за сваё месца...
Чытаць далейПалітычная сатыра, беларускія «пасхалкі» ў відэагульні пра Ведзьмара і крыніца такога часам патрэбнага гумару. Таршэр — гэта прастора, дзе пад...
Чытаць далей