Унікальную калоду ігральных карт Лапіных, якія выпускалі ў Гродне 100 гадоў таму, прынёс у рэдакцыю MOST у Беластоку адзін з чытачоў. Карты знайшліся ў Польшчы, і сёння гэта ўсяго толькі другая вядомая арыгінальная калода, якая захавалася ад прадукцыі гродзенскай фабрыкі. MOST расказвае гісторыю карт Лапіных, лёс уладальнікаў вытворчасці і як карты аднаўлялі ў Гродне.
Што за карты?
Ігральныя карты Лапіных вырабляліся на гродзенскай фабрыцы ў 20-40-х гадах мінулага стагоддзя і былі шырока папулярныя за межамі Гродзеншчыны. Гэтымі картамі гулялі аматары азарту ва ўсёй міжваеннай Польшчы. За аснову друку на фабрыцы былі ўзятыя тэхналогія і стандарты, закладзеныя яшчэ ў XVIII стагоддзі Антоніем Тызенгаўзам у Гродне. Ігральныя карты былі вядомыя сваёй якасцю, прыгажосцю, арыгінальнасцю і разнастайнасцю.
У міжваенны перыяд у асартыменце фабрыкі былі «народныя» калоды з выявамі шляхты часоў Рэчы Паспалітай замест каралёў і валетаў, «прускія» і «барочныя». У гады нямецкай акупацыі на фабрыцы Лапіных друкаваліся «рэйнскія» ігральныя карты.
Гісторыя з гродзенскімі картамі скончылася адразу пасля Другой сусветнай вайны. У 1944 годзе вытворчасць была спынена. Там пачалі друкаваць савецкія агітацыйныя плакаты. Пазней праца гродзенскай друкарні ўвогуле прыпынілася, будынак фабрыкі доўга пуставаў.
Адкуль новая калода?
Карты ў рэдакцыю MOST прынёс чалавек, які цікавіцца гісторыяй Гродна. У чэрвені рарытэт ён набыў на адным з аўкцыёнаў, суму пагаднення не выдае. Таксама чытач прасіў не называць яго імя. Сказаў, што ў будучыні карты ён перадасць у адзін з музеяў у Гродне. І таксама дадаў, што такі рарытэт павінен захоўвацца ў Гродне, і музей для гэтага — самае правільнае месца.
Знаходка будаўнікоў нагадала пра забытую гісторыю
Упершыню з пасляваенных часоў публічна пра прадукцыю фабрыкі Лапіных загаварылі ў Гродне ў 2015 годзе. Тады падчас рэканструкцыі будынка «Белтаможсервіса», дзе раней была фабрыка карт, выпадкова выявілі прадукцыю Лапіных. Неразрэзаныя карты 1930-х гадоў знайшлі пад старой ашалёўкай — яны выкарыстоўваліся як уцяпляльнік. Будаўнікі нават не падазравалі, што выявілі ўнікальныя рэчы, якіх не было нават у музеі ў Гродне. Знаходкі стогадовай даўніны дзякуючы мясцовым краязнаўцам удалося перадаць у гісторыка-археалагічны музей.
Новае жыццё карт Лапіных
Пасля таго, калі знойдзеныя карты перадалі ў музей, пачалося другое жыццё каштоўнай прадукцыі Лапіных. Знаходкай зацікавілася творчае аб’яднанне «А-чатыры», яны займаюцца распрацоўкай і выданнем настольных гульняў. Яны захацелі аднавіць карты.
— Гэта ў першую чаргу ўнёсак у гісторыю горада і краіны ў цэлым, а яшчэ гэта пераемнасць пакаленняў, бо мы, маладыя сучасныя гродзенцы, аднаўляем тое, што рабілі гараджане яшчэ ў мінулым стагоддзі, — казаў кіраўнік праекта аднаўлення карт Антон Янкоўскі.
Для праекта прататыпы знойдзеных карт з музея паредаў камандзе гісторык Андрэй Вашкевіч, ён жа падрыхтаваў і іх гісторыю. За аснову новых карт былі ўзятыя дадзеныя з архіваў, гістарычныя даведкі, а таксама фрагменты знойдзеных карт.
— Мы вырашылі аднаўляць карты цалкам з нуля, каб у нас атрымаўся якасны прадукт. Тое, што было знойдзена пры рэканструкцыі, было ў вельмі дрэнным стане, — казаў Антон Янкоўскі.
Цягам некалькіх месяцаў каманда гродзенцаў адмалёўвала арыгінальныя карты, а таксама думала над упакоўкай. Да таго моманту ў Гродне не было карт разам з каробкай, і ніхто не ведаў, як яна выглядала.
— На жаль, арыгінальных упаковак не было знойдзена, нам даводзілася іх самім ствараць. Выкарыстоўвалі некаторыя сімвалы, шрыфты — лагатыпы фабрыкі Лапіных, — казаў Янкоўскі.
Афіцыйна адноўленыя карты Лапіных прадставілі ў Гродне ў ліпені 2017 года. На прэзентацыі Антон Янкоўскі сказаў: «Калі мы ўзяліся за аднаўленне карт, стала паступаць усё больш інфармацыі. Быццам карты чакалі моманту, калі за іх возьмуцца. Бо да знаходкі карт пра іх у горадзе амаль нічога не было вядома. Калі мы ўжо распрацавалі ўласную каробку і пусцілі карты на вытворчасць, знайшлася і цэлая арыгінальная калода, якую трымаў у руках сам уладальнік фабрыкі Аляксандр Лапін. Праект аднаўлення быў цікавы. Можа, у будучыні выпусцім карты і іншага выгляду, бо ў Лапіных іх было некалькі варыянтаў»
Як знайшлася першая каробка с картамі?
Арыгінальную калоду ў фірмовай каробцы перадаў творчай групе «А-чатыры» гродзенец Аляксандр Мілінкевіч за некалькі дзён да прэзентацыі адроджаных карт Лапіных. Карты былі выдадзеныя ў міжваенны час на фабрыцы Лапіных. Калоду бацькам Мілінкевіча падарылі самі ўласнікі фабрыкі.
Да 1941 года бацькі Аляксандра Мілінкевіча жылі ў Гродне ў адным доме з Лапінымі — на вуліцы Цаглянай, 10. Сем’і сябравалі і ў цяжкі час дапамагалі адна адной.
— Лапiны жылi на другiм паверсе, мы — на першым. Гэты дом на вуліцы Цаглянай і cёння стаіць на сваім месцы, у ім пасля вайны нарадзіўся і я, — распавядаў Аляксандр Мiлiнкевiч. — Бацька і матуля з суседзямі сябравалі. Хоць Лапіны былі фабрыкантамі, але жылі адносна сціпла, былі прыязнымі, адкрытымі і вельмі добразычлівымі.
Карты, якія Аляксандр перадаў для прэзентацыі, — падарунак ад Аляксандра Лапіна яго бацьку-настаўніку. Падчас вайны, калі cям’я Лапіных трапіла ў гета, маці Аляксандра — Марыя Баран з Мiлiнкевiчаў — некалькі разоў на тыдзень ноччу пераходзіла праз Гараднічанку і прызначаны час праз плот перадавала ежу Лапiным. Рызыка была смяротная: за парушэнне камендацкага часу і пранос харчавання маглі расстраляць.
— Адзін раз у момант перадачы маці адчула, што штосьці яе ткнула ў спіну. Гэта быў аўтамат жаўнера. Яна была гатовая да найгоршага, але ахоўнік моўчкі некалькі імгненняў глядзеў на матулю, потым апусціў вочы і штосьці cказаў, але не па-нямецку, магчыма, ён быў італьянец, і паказаў ёй, каб яна сышла. Пасля мама жартавала: «Я прыгожая, можа, спадабалася, таму і пашкадаваў». Але пасля таго выпадку пасма валасоў на яе галаве стала зусім сiвой. Ёй было тады 33 гады, — распавядаў Аляксандр Мілінкевіч.
Што стала з Лапінымі?
У 1939 годзе савецкая ўлада нацыяналізавала прадпрыемства братоў Лапіных. Ці працавалі яны там далей, невядома. Але ў 1941 годзе Лапіны былі ў Гродне і патрапілі ў гета, створанае немцамі для яўрэйскіх жыхароў горада. Жахі вайны Лапіны не перажылі. Браты Аляксандр і Абраам, а таксама сястра Кейла загінулі, верагодна, у гродзенскім гета ці ў лагерах смерці. У Францыі жыве праўнук сястры братоў Лапіных Андрэй Гурэвіч.
Карты ў Гродне, але была яшчэ шкатулка
Паводле інфармацыі MOST, карты Лапіных, якія яшчэ ў чэрвені былі ў рэдакцыі ў Беластоку, ужо перадалі ў Гродна, і яны знаходзяцца ў адным з музеяў. Сёння гэта адна з двух арыгінальных калод, што не знаходзяцца ў прыватнай калекцыі. Не выключана, што ўнікальныя карты ў хуткім часе выставяць на ўсеагульны агляд.
Дарэчы, акрамя карт Лапіных у Польшчы на аўкцыёне ў чэрвені прадавалі ўнікальную шкатулку для карт Лапіных, якую таксама зрабілі ў Гродне, толькі на фабрыцы пераплётаў «Нёман». Хто набыў гэтую шкатулку, невядома.
Інфармацыя пра адноўленыя карты Лапіных:
1. Няма аналагаў
На фабрыцы братоў Лапіных друкавалася шмат розных калод ігральных карт, а сама фабрыка не была адзінай на прасторах міжваеннай Польшчы, але калода «з каралямі» — унікальная, бо яна была распрацавана і друкавалася толькі ў Гродне, яна не мае аналагаў.
2. Гістарычныя асобы
У каралях калоды вы зможаце сустрэць рэальных гістарычных асобаў: Казіміра Вялікага, Стэфана Баторыя, Жыгімонта Аўгуста, Яна Сабескага.
3. Дамы і валеты
Дамы і валеты з калоды ўжо не адносяцца да гістарычных асобаў, але кароль, валет і дама адной масці намаляваны ў адной стылістыцы, характэрнай для свайго стагоддзя.
4. Карона
Працягваючы тэму гістарычных асобаў, трэба звярнуць увагу на карты каралёў: над масцю вы заўважыце карону — гэта пазнака таго, што кароль мае свой гістарычны адпаведнік.
5. Карты пачыналіся з сямёркі
Калода «з каралямі» адносіцца да брыджавых карт. Звыкла яны пачыналіся з шасцёркі, але гэта калода пачыналася з сямёркі. У адноўленых картах дадалі шасцёрку для зручнасці.
6. Джокер
У калодзе «з каралямі» прысутнічае джокер. Гэта таксама не зусім звыклая асаблівасць брыджавых карт.
7. Лагатып Лапіных
На чырвовым тузе вы ўбачыце лагатып Фабрыкі Лапіных. Ён ставіўся на ўсіх калодах.
8. Каробка
Каробку распрацоўвалі самастойна. Пры гэтым спрабавалі арыентавацца на стылістыку друкаванай прадукцыі тых часоў і вінтажныя вокладкі калод карт розных выдавецтваў. На каробцы змясцілі элементы дызайну, запазычаныя непасрэдна з прадукцыі фабрыкі Лапіных: лагатып, віньеткі, шрыфтавыя кампазіцыі.
9. Брашура
У камплект з картамі дадалі невялікую брашурку, якая каротка расказвае гісторыю карт. Брашурка надрукавана на трох мовах: беларускай, англійскай і польскай.
10. Адмалёўка
Знойдзеныя карты былі ў дрэнным стане, таму ўсе персанажы картаў адмалёўваліся ўласнаручна мастаком. Гэта карпатлівая праца дадала картам якасці.