Палітычная сатыра, беларускія «пасхалкі» ў відэагульні пра Ведзьмара і крыніца такога часам патрэбнага гумару.
Таршэр — гэта прастора, дзе пад утульным святлом лямпы — тыя творы, ад якіх дыханне перахапіла, розум узляцеў на новую вышыню, а іх адбітак назаўсёды застаўся ў сэрцы. Мы запрашаем герояў саміх напісаць пра такія творы і пра тое, чаму абралі менавіта іх. У гэтым выпуску мы расказваем пра творы, якія абраў адзін з самых гумарыстычных прадстаўнікоў беларускай прасторы Міхась Ільін. У сваім спісе стэндапер засяродзіўся на творах, у якіх можна знайсці крыніцу весялосці.
1. Кніга: «Падарожжы Гулівера», Джонатан Свіфт
Сярод літаратуры цяжка было абраць аднаго прэтэндэнта. Вагаўся паміж прыгодамі Швейка і Гулівера. Спыніўся на творы Джонатана Свіфта, бо, падаецца, сярод беларускага чытача ён не так распіяраны, як кніга Гашака.
Сам кнігу чытаў двойчы: ва ўзросце 10 год і недзе ў 26. І пры першым прачытанні, вядома, не зразумеў усёй палітычнай сатыры, якой поўніцца твор. Што і не дзіўна: у мяне быў дамашні асобнік 1956 года з савецкай серыі «Бібліятэка прыгодаў і фантастыкі». Толькі ўявіце: «Тры мушкецёры», «20 тысяч лье пад вадой», «Корцік», «Аэліта» і нечакана… «Падарожжы Гулівера». Чытаў іх менавіта як прыгодніцкую літаратуру.
Як жа кайфануў, калі перачытваў праз столькі год: класіка палітычнай сатыры, якая актуальная да гэтага дня.
Асабліва было смешна ад думкі, што кніга прайшла праз савецкіх цэнзараў. Няўжо яны сапраўды яе лічылі проста прыгодніцкай фантастыкай, раз закінулі ў адну серыю з Жюлем Вернам?
2. Серыял: «Клан Сапрана»
У «Клане Сапрана» хапае гумару (часцей за ўсё чорнага і непаліткарэктнага), але назваць гэта 100-адсатковай камедыяй нельга. Як і нельга аднесці яго да нейкага канкрэтнага жанру: тут і чорная камедыя, і сямейная драма, і «сямейна»-крымінальная драма. Крымінальная сага і пра бандытаў, і адначасова здаецца, пра ўсё на свеце.
Рэйтынгі кажуць самі за сябе: адзін з найлепшых серыялаў усіх часоў і першы, які вывеў тэлевізійныя праекты на новы ўзровень якасці.
Калі яшчэ не глядзелі, то вельмі вам зайздрошчу. Асабіста я за апошнія дзесяць год пераглядаў яго тры ці чатыры разы.
3. Фільм: «Залегчы на дно ў Бруге»
Проста люблю гэты фільм. Як і «Клан Сапрана», тут нельга вызначыць адзіны жанр: ён ідэальна балансуе на мяжы камедыі і крымінальнага трылера. Выдатна працуе ўсё: сцэнарый, акцёрская гульня і, галоўнае, атмасфера, пасля якой адразу хочацца з’ездзіць на некалькі дзён у гэты казачны горад Бельгіі.
4. Відэагульня: «Вядзьмар 3: Дзікае паляванне»
Відэагульня, створаная польскай студыяй па фантазійных творах польскага аўтара Анджэя Сапкоўскага. Яна дорыць сапраўды новы досвед, які ставіць праходжанне «Ведзьмара 3» на адну палічку з чытаннем добрай кнігі ці праглядам класікі кінематографа.
Гумар тут — у бясконцых дыялогах і камічных сітуацыях, у якую трапляюць героі.
Ну і для беларусаў ёсць прыемныя бонусы. Па-першае, наваколле выдуманага Велена так нагадвае родныя беларускія мясціны. Па-другое, назва ненаўмысна адсылае да Караткевіча. І, па-трэцяе, падчас баявых сцэн гучыць беларуская народная песня «Добры вечар».
5. Альбом: «Разбітае сэрца пацана» — «Ч/Б» (EP)
Уся творчасць амбасадараў трасянкі «РСП» — гэта адзін вялікі музычны стэндап. Аднак хочацца вылучыць міні-альбом «Ч/Б». Менавіта ў ім музычны складнік калектыву стаў як быццам бы больш прафесійным: загучалі яны лепш, але і гумар не разгубілі.
Альбом увайшоў у гісторыю беларускай музыкі хаця бы тым, што падарыў нам у запісу ўжо культавы трэк «Культавы».
6. Стэндап-канцэрт: Louis C.K.: Live at the Comedy Store
Люблю ўсё, што робіць комік Луі Сі Кей (акрамя дзеянняў, якія прыводзяць да сексуальных скандалаў). Раю паглядзець усе запісы яго канцэртаў: ад першага да апошняга — так прасцей зразумець і на ўласныя вочы пабачыць яго развіццё.
Але калі абіраць адзін з канцэртаў, то гэта — Live at the Comedy Store 2015-га года. Блок пра дзяўчыну-пацука — эталон стэндап-гумару для мяне.
7. Шоу на ютубе: «Не всё так однозначно»
Думаю, тлумачыць, хто такі Ідрак Мірзалізадэ, не мае сэнсу. Хачу звярнуць увагу на яго праект «Не всё так однозначно» — бадай, адно з лепшых палітычна-сатырычных шоу на постсавецкай прасторы. Я так шчыра лічу, і гэта не звязана з тым, што часам мяне там можна пабачыць у кадры.
Яшчэ «Таршэр»
Што рабіць, калі шлюб пераўтвараецца ў сумесную пакуту? Чым заварожвае першы трылер у рускай літаратуры? Як зазірнуць у дзённікі беларускага...
Чытаць далейШто мы даведаемся пра гістарычныя падзеі, калі будзем даследаваць іх па непрыфарбаваных гісторыях людзей? Як жанчыны змагаюцца за сваё месца...
Чытаць далейПалітычная сатыра, беларускія «пасхалкі» ў відэагульні пра Ведзьмара і крыніца такога часам патрэбнага гумару. Таршэр — гэта прастора, дзе пад...
Чытаць далей