Чарговы акт вандалізму зафіксаваны ў вёсцы Стрыеўка Гродзенскай вобласці. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Саюза палякаў у Беларусі Марэк Занеўскі.
У Стрыеўцы быў знесены помнік жаўнерам Арміі Краёвай (АК), якія загінулі ў 1943 годзе ў баях з нямецкімі акупантамі. На месца разбурэння прыбыў Генеральны консул у Гродне Анджэй Рачкоўскі.
Згодна з гістарычнымі дадзенымі, 23 верасня 1943 года каля вёскі Стрыеўка нацысты напалі на Кадравы Ударны Батальён — партызанскае фармаванне ў складзе Арміі Краёвай. У выніку нападу загінулі 32 з 35 байцоў батальёна.
Помнік не чапалі 30 гадоў
Жаўнеры Арміі Краёвай загінулі ў баі з нямецкай жандармерыяй падчас маршу па загадзе штаба АК на тэрыторыі Навагрудскай акругі Арміі Краёвай. У склад атрада, па словах гісторыка Instytuty Pamięci Narodowej Казіміра Краеўскага, уваходзілі таксама партызаны АК з Сакольскага і Беластоцкага паветаў. Падчас маршу атрад правёў некалькі сутычак з паліцыяй і нямецкай жандармерыяй. На прывале ў Стрыецы атрад быў выкрыты і акружаны нямецкімі войскамі.
Помнік на магіле салдат Арміі Краёвай быў усталяваны ў 1992 годзе намаганнямі Сусветнага саюза салдат АК пры падтрымцы Савета па захаванні памяці баёў і пакутніцтва.
На мемарыяльнай дошцы былі змешчаныя таксама імёны жаўнераў, якія ваявалі ў гэтым населеным пункце. Месца іх пахавання невядома.
Кіраўнік рэгіёна Каранік маўчыць
Гэта ўжо пятае вядомае разбурэнне магіл Арміі Краёвай у Гродзенскім рэгіёне. 1 ліпеня СМІ паведамілі пра разбурэнне пахаванняў у Ёдкавічах Бераставіцкага раёна, 4 ліпеня — у Мікулішках Ашмянскага, 8 ліпеня — у Ваўкавыску, 9 ліпеня — у Качычах Карэліцкага раёна. Старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, як кіраўнік рэгіёна, сітуацыю не каментуе. Ён наогул запрашае польскіх турыстаў скарыстацца бязвізавым рэжымам і наведаць Гродзеншчыну.
МЗС Беларусі адмаўляе наяўнасць пахаванняў
У Польшчы асудзілі кампанію беларускіх уладаў у імкненні замесці сляды польскасці ў Беларусі. Афіцыйная заява польскага Міністэрства замежных спраў з’явілася на сайце ведамства 6 ліпеня.
7 ліпеня МЗС Беларусі выклікала ў міністэрства часовага паверанага ў справах Польшчы ў сувязі з сітуацыяй са знішчэннем пахавання салдат Арміі Краёвай у вёсцы Мікулішкі Ашмянскага раёна. Там адмаўляюць, што было нейкае пахаванне.
Як гаворыцца ў паведамленні МЗС, часоваму паверанаму Марціну Вайцяхоўскаму патлумачылі, што ў гэтым населеным пункце, паводле інфармацыі мясцовых уладаў, «воінскіх пахаванняў і пахаванняў замежных вайскоўцаў не зарэгістравана».
У МЗС дадалі, што ў Беларусі да такіх пытанняў вельмі ўважлівыя, і законнасць «работ па ўладкаванні тэрыторыі» ў дадзеным месцы была пацверджана Генпракуратурай пасля атрымання дадзеных, што чалавечыя парэшткі там адсутнічаюць.
Рэжым Лукашэнкі перайшоў яшчэ адну непераходную рысу
11 ліпеня беларусы, што жывуць у Польшчы, асудзілі разбурэнне могілак польскіх жаўнераў у Беларусі: з пратэстам выступілі сябры Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы.
«У нашай цывілізацыі за норму прынята павага не толькі да сваіх, але і да замежных жаўнераў і нават да ворагаў. Гэта таксама азначае клопат аб іх годным пахаванні. Разбурэнне магіл польскіх воінаў сёння з’яўляецца крайнім варварствам. Самаабвешчаны рэжым Лукашэнкі перайшоў яшчэ адну непраходную рысу. Мэта гэтых ганебных спраў відавочная — пасварыць польскі народ з беларускім. Мы на гэта не згодныя», — напісана ў лісце за подпісам прэзідэнта Беларускага гістарычнага таварыства, прафесара Алега Латышонка.
Знішчэнне магіл польскіх жаўнераў у Заходняй Беларусі стала шокам для Польшчы. Але ці ўсе пра гэта ведаюць? Чаму гэта адбылося акурат зараз? Як мае рэагаваць урад Польшчы? MOST cпытаў у мінакоў у Беластоку.
Як справы з савецкімі пахаваннямі ў Беластоку?
Пакуль у Беларусі руйнуюць пахаванні польскіх жаўнераў, MOST прапануе ўбачыць, як у Беластоку выглядаюць могілкі савецкіх салдатаў. Гэта ў асноўным пахаванні тых, хто загінуў пры вызваленні Беластока ў ліпені 1944 года і ў пасляваенны час. Ёсць пахаванні нават тых, хто змагаўся з Арміяй Краёвай. Ні намёку на разбурэнні.