У Беларусі — больш за 140 жанчын-палітвязняў. Каб пра іх больш даведаліся беларусы і людзі з іншых краін, журналістка Яўгенія Доўгая разам з мастачкай Ганнай Татур стварылі Instagram-праект «Палітвязынкі». Пад кожным партрэтам — гісторыя палітзняволенай жанчыны.
Журналістка Яўгенія Доўгая жыла ў Мінску і працавала на сайце Reform.by. Яе, як і многіх іншых беларускіх журналістаў, затрымлівалі падчас пратэстаў у 2020 годзе і судзілі. Журналістка з дачкой выехалі ва Украіну і на момант пачатку вайны ў 2022 годзе знаходзіліся ў Кіеве. Пакінуць сталіцу Украіны беларускі змаглі 25 лютага, а выехаць з краіны — толькі 1 сакавіка.
Хацелася б больш салідарнасці
Пасля пераезду ў Польшчу Яўгенія стала распавядаць пра падзеі ва Украіне, а таксама збіраць новыя гісторыі беларусаў для праекта «Беларусь на целе». Яшчэ ва Украіне журналістка пачала працаваць над праектам «Палітвязынкі», каб расказваць пра палітзняволленых жанчын у Беларусі. Рэалізаваць праект дапамагла беларуская мастачка Ганна Татур, якая зараз вучыцца ў Францыі ў школе мастацтваў. Ганна прапанавала маляваць партрэты жанчын-палітвязняў, а Яўгенія расказвае іх гісторыі.
— Я з 2020 года ўчытваюся ў гісторыі палітзняволеных жанчын — гэта жах. Жанчын прэсуюць, здзекуюцца з іх, ствараюць зусім дзікія ўмовы ўтрымання, шантажуюць дзецьмі. У нас сярод палітвязняў-жанчын ёсць і па цяжкіх артыкулах, і за здраду дзяржаве, і за акт тэрарызму. І ўсё гэта — за грамадзянскую пазіцыю. Вось я так і насіла ідэю: можа быць, варта зрабіць кнігу? Я збірала гісторыі, фатаграфіі. Напісала пра сваю ідэю ў інстагарме, і адгукнулася беларуская мастачка Ганна Татур, яна вучыцца ў Францыі ў школе мастацтваў. Ганна сказала, што яе вельмі турбуе сітуацыя з беларускімі жанчынамі, і прапанавала зрабіць так: я дзялюся гісторыямі, а яна паспрабуе на паперы намаляваць партрэты. У выніку, дарэчы, папяровы варыянт гісторый жанчын — Ганна пераклала на французскую — і іх партрэты сталі мастацкім праектам у яе школе мастацтваў.
Педагогі ў французскай школе былі вельмі кранутыя і шакаваныя тым, што адбываецца з жанчынамі ў Беларусі, кажа Яўгенія.
— Так мы і прынялі рашэнне — маляваць жанчын ужо ў лічбавым выглядзе і апублікаваць іх на якой-небудзь платформе. Потым у мяне быў план — зрабіць сайт пра нашых жанчын на ўкраінскай і беларускай мовах. Сайт да гэтага часу ў распрацоўцы, таму што з-за вайны ўсё расцягнулася надоўга. Чаму ўкраінская? Я жыла ў Кіеве з лістапада 2020 года. І бачыла неразуменне сярод украінскіх калегаў — хутчэй было шмат усмешак пра кветачкі і лавачкі. Сваёй знаёмай украінскай калезе я распавяла, што мне асабіста хацелася б больш салідарнасці сярод украінскіх журналістак, праваабаронцаў, палітычных лідарак у дачыненні да беларусак. Таму што сядзяць абсалютна розныя жанчыны, і сядзяць рэальныя тэрміны. Мая калега пагадзілася ўпісацца ў гэта. Але пачалася вайна, сайт зацягнуўся.
На сённяшні момант Яўгенія разам з украінскай калегай перавялі на ўкраінскую мову 100 жаночых гісторый з Беларусі.
— Я буду стукацца ва ўкраінскія і жаночыя СМІ па гэтым пытанні, таму што ў нас жанчыны сядзяць і за тое, што выказалі салідарнасць з Украінай і выступілі супраць вайны. Падчас вайны палітвязні сталі сыходзіць на задні план. Я нават бачыла, што многія беларусы сталі пісаць пра тое, што нашы праблемы — не такія ўжо і праблемы ў параўнанні з жахамі вайны. Разумееце, калі ідзе вайна, цішком можна зрабіць рознага лайна. І мне было страшна, што пад шумок вайны пра нашых жанчын забудуць і будуць яшчэ больш дабіваць. Яшчэ я ўбачыла, што сярод украінцаў з’явілася шмат інстаграмаў, дзе мастакі малююць партрэты абаронцаў Украіны, або загінулых людзей, ці тых, хто ў палоне. Вось і вырашылі стварыць Instagram з партрэтамі нашых жанчын. Каб гэта не забывалася. Каб прачытаў чалавек пра жанчыну нашу і напісаў ёй у турму. Мэта ўсяго гэтага — каб не забыліся. І назаўсёды зафіксавалі ў памяці тое, праз што праходзяць нашы жанчыны.
Па стане на 28 ліпеня ў Беларусі прызнаныя палітычнымі вязнямі 1264 чалавекі. З іх 140 — жанчыны. Вось некалькі гісторый.
Дар’я Афанасьева
Посмотреть эту публикацию в Instagram
Беларуска Дар’я Афанасьева — актывістка, блогерка, вядомая як Дафна. У Instagram дзяўчына займалася асветніцкай працай, расказвала пра сэксізм і фемінізм. У яе было каля 10 тысяч падпісчыкаў. Цяпер яна ў калоніі працуе на швейнай фабрыцы, дзе зняволеныя жанчыны шыюць форму сілавікам. Дафну прыгаварылі да двух з паловай гадоў калоніі за ўдзел у пратэстах 2020 года.
«Мы такія ж моцныя і смелыя. Мітынгі — не толькі падтрымка, але і патрабаванні. У нас звыклі, што жанчына заўсёды за спінай у мужчыны — толькі падтрымлівае, але не крычыць. Цяпер мы бачым зусім іншую карціну. Мне прыемна, калі побач крычаць: “Света наш прэзідэнт”. Так, без фемінітыву, але важны сам факт, што менавіта жанчына стала сімвалам свабоды. Мне вельмі прыемна», — распавядала Дафна да свайго затрымання.
Антаніна Канавалава
Посмотреть эту публикацию в Instagram
З сужэнцаў Канавалавай і Ярашэвіча першай затрымалі 33-гадовую Антаніну Канавалаву. Гэта адбылося 6 верасня 2020 года, тады ёй прысудзілі адмінштраф за ўдзел у «несанкцыянаваным мерапрыемстве», а адразу пасля гэтага — перазатрымалі ў рамках крымінальнай справы па арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Масавыя беспарадкі»). Антаніна — давераная асоба Святланы Ціханоўскай.
Пазней у межах той самай справы затрымалі і яе мужа Сяргея Ярашэвіча.
Ператрус праводзілі ў прыватным доме бацькоў Антаніны: вайскоўцы акружылі ўчастак з аўтаматамі, спецназ заляцеў у дом і паклаў бацькоў жанчыны на падлогу.
«Пашанцавала, што ўнукі ў гэты час знайшлі шланг з вадой і абліваліся на заднім двары…» — дзеліцца маці Тоні Ганна Канавалава.
Пасля арышту Антаніны Ганна была вымушана ўцякаць з двума маленькімі ўнукамі ў Варшаву.
Антаніна — у жаночай калоніі ў Гомелі, працуе ў прасавальным цэху: прасуе адзенне, адшытае на зонаўскай «швейцы».
У лісце Антаніна распавяла пра відэазванок ад бабулі і дзяцей: «Нават не верыцца, што ў мяне наступіў другі Новы год па-за домам… Час так бяжыць, мае малыя ўжо падраслі. Бачыла іх на відэа, так хацелася заціскаць…».
Суд прысудзіў Антаніне 5 з паловай год у калоніі агульнага рэжыму, яе мужу далі столькі ж, але ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Былая палітзняволеная Таццяна Гацура-Яворская правяла ў зняволенні з Канавалавай дзесяць дзён. Яна называе Антаніну «неабвешчаная лідаркай камеры»: «Калі ў чымсьці сумняваемся, задаём пытанне Тоні».
Бацька Тоні, Сяргей Канавалаў, застаўся ў Беларусі, каб дапамагаць дачцэ. Ён нават змог атрымаць працяглае спатканне, хоць яно і аказалася карацей, чым прадугледжана законам: «Мусіць быць [спатканне] трое сутак, але “палітычным” — толькі адны суткі. Мусіць быць 5 кілаграмаў прадуктаў, але палітычным — нічога».
Палітвязні носяць жоўтыя біркі. «З жоўтымі біркамі яны не могуць збірацца разам, не могуць абняцца, размаўляць адно з адным — усё гэта строга забаронена. Нельга дзяліцца ні з кім — ні яблыкам, ні цукеркай, ні цыгарэтай, а ў бібліятэцы “палітычным” выдаюць не ўсе кнігі», — распавядае бацька Антаніны.
Злата Януковіч
Посмотреть эту публикацию в Instagram
11 жніўня 2020 года свет абляцеў фотаздымак жаночай счэпкі падчас пратэстаў. Больш чым праз год самую маладую дзяўчыну з счэпкі — 21-гадовую Злату Януковіч — затрымалі па крымінальным артыкуле. Відэа з яе «пакаяльнай» прамовай апублікавалі сілавікі ў сваім тэлеграм-канале.
Злата Януковіч — былая студэнтка хімічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. З часу зняволення пра яе чуваць было вельмі мала, і яна нават не трапіла ў спіс палітвязняў, бо родныя былі супраць. Палітзняволенай яна стала толькі пасля суда — ёй прысудзілі тры гады «хіміі». Гэта від абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Асуджаныя жывуць у карпусах, падобных да інтэрнатаў, знаходзяцца пад наглядам і абавязаны выконваць правілы ўнутранага распарадку, пры гэтым плацяць за пражыванне, купляюць ежу за свой кошт, самі гатуюць, праюць і прыбіраюць. Усе асуджаныя абавязаны працаваць, часта іх накіроўваюць на нізкакваліфікаваную і малааплатную працу.
Да суда Злата правяла ў зняволенні амаль паўгода, яе родныя адмыслова не афішавалі інфармацыю пра дзяўчыну. Гэта зрабіла ізаляцыю дзяўчыны яшчэ мацнейшай. Ёй амаль ніхто не пісаў лісты. Па словах сяброў Златы, дзяўчына выдатна размаўляе па-англійску, захапляецца вэб-дызайнам, а таксама была ў арганізатарах самага яркага студэнцкага свята на факультэце — Дня Хіміка. Пасля суда дзяўчыну адлічылі.
«Злата — вельмі прыгожая, разумная, інтэлігентная. Ёй было вельмі балюча ад таго, што адбываецца ў краіне такі гвалт. Яна не магла змірыцца з несправядлівасцю. Яе бацькі не ішлі на кантакт ні з кім, калі арыштавалі Злату, яны сказалі, што выбралі іншы шлях. Мне здаецца, што праз тое, што пра яе людзі нічога не ведалі, ёй ніхто і не пісаў. А гэта жахліва. Яе бацькі збіралі характарыстыкі на Злату і прымусілі яе напісаць прашэнне аб памілаванні, гэта было іх рашэнне ў лініі абароны дачкі», — кажа Мікола, блізкі сябар Златы.